Бралася на змярканне. Лес стаяў маўклівы, прыціхлы. «Ці-іў, ці-іў» — тоненька пачулася невысока ў вецці. Воддаль застукаў дзяцел сваім моцным клювам. Праз мінуту зноў стала ціха — ні гуку. Усё замерла, прытаілася. Старыя разгалістыя дрэвы быццам цяжка і засяроджана думалі свае спрадвечныя патаемныя думы. Хлопцы таксама сцішыліся, нібы слухаючы што таямнічае зачараванымі душамі. Колькі паданняў, легенд і казак, быляў і небыліц, якія жудой захватвалі дух, нарадзіла ў людзях чараўнічае яднанне з лесам, пакланенне яго патаемнай усемагутнай сіле!..
Памалу пачаўся нясмелы дожджык, украдліва зашамацеў у каляным, пастарэлым за лета лісці. Аляксей паглядзеў на неба. Толькі там, адкуль раніцай льюцца зыркія сонечныя праменні, яно было празрыста-чыстае, а над галавой яго шчыльна засланілі хмары. Так, пачынаецца пара, калі халодныя дажджы будуць суткамі ліць на голую зямлю, расквасяць дарогі і сцежкі. А тым, для каго прыхавана сёння такая дарагая знаходка, трэба будзе пад пастаяннай небяспекай смерці ў любую пагоду, удзень і ўначы хадзіць па гэтых дарогах і сцежках...
Цяпер толькі Аляксей адчуў, з якім цяжарам навалілася на яго стома. Пацягнуўся, напружыўся і быццам скінуў з сябе штосьці непатрэбнае яму тут, лішняе цяпер.
— Пайшлі?
Там на небе, дзе яно заставалася чыстым, праклюнуліся слабыя, зусім яшчэ бездапаможныя зоркі. Хлопцы ішлі шпарка. Аляксей неяк абвострана адчуваў побач Мішу і як бы занава пазнаваў дарогу, па якой яны ішлі ў лес удзень.
РАСКАЗАЎ НА МЛЫНЕ ЧЫГУНАЧНІК
На пачатку восені ў вёсцы з’явіўся былы лейтэнант Чырвонай Арміі Уладзімір Якімаў, ці, як многія звалі яго, Валодзька. Прыехаў ён на поездзе з белай павязкай на рукаве, на якой гатычным шрыфтам было напісана: «Паліцай». Людзі сустрэлі яго з недаўменнем і нянавісцю. Два кубікі на пятліцах, партыйны білет у кішэні насіў — і на табе. Подлы здраднік. Бацькі яго жылі недалёка ад Аляксея, пад канец вуліцы. Аляксею пры сустрэчах было ніякавата глядзець на яго: вочы глыбокія, говорыць з табою, а сам нібы дзесьці далёка. Вяскоўцы асцерагаліся ўступаць з ім у размовы, дык ён сам: «Германская ўлада навядзе ў нас парадак, вынішчыць сталінскі дух». Людзі адмоўчваліся: скажы што, а ён пераверне ці свайго дадасць — бяды не абярэшся. Такі на любую подласць здольны.
Ускорасці ён стаў працаваць дзяжурным на блок-пасту. Пахваляўся: германская ўлада за добрую службу плоціць добра. Яго клялі: «Каб ты падавіўся той платай, прадажнік пракляты!» Некаторыя, праўда, спадцішка пагаворвалі, быццам усё тут не так проста: хутчэй за ўсё вярнуўся ён па заданні. Аднак гэтае меркаванне ўсякі раз абвяргалася: не такія дурні гітлераўцы, каб іх проста было абдурыць,— здрадзіў, падпіску даў ім.
Якімаў не быў ні сваяком, ні, безумоўна ж, таварышам Аляксею, але неўзабаве пачаў заходзіць да яго. На дзяжурства ідзе ці з дзяжурства — загляне на колькі хвілін. Гаворкі яго былі нейкія падазроныя. Пра што б ні распачынаў іх — заўсёды зводзіў да аднаго: як там цяпер на франтах? Нібы пытаў у Аляксея: ты нічога не чуў? Аляксей губляўся ў здагадках: што ён за чалавек? Што шукае, чаго дабіваецца?
Так было і той раз. Пасядзеў, пагаварыў і неяк вельмі ўважліва паглядзеў Аляксею ў твар:
— У цябе няма адвёрткі?
Аляксей хацеў пацікавіцца, навошта яна яму, ды сам не ведаў, чаму стрымаўся. Схадзіў у хату, прынёс — была ў іх ад швейнай машыны.
Вярнуў ён адвёртку Аляксею недзе праз тыдзень.
Прыйшоў надвячоркам. Аляксей чытаў «Королеву Марго» — кніжку на два дні даў вясковы фельчар. Штосьці не такое, як заўсёды, паказалася яму, было ў вачах, у выразе твару Якімава — штосьці прытоена-неспакойнае і напружанае. Аляксей адразу забыўся пра кніжку, узяў адвёртку, чакаў, што ён скажа.
Ён спытаў:
— Табе не хочацца ведаць, навошта мне спатрэбіўся гэты інструмент?
— Навошта? — адразу падхапіў Аляксей. I тут ён першы раз пабачыў, як Уладзімір засмяяўся — нервозна, нібы ў гарачцы.
— Кліцы ў баране падвінчваў, зразумеў? Хо-очацца... Многа будзеш ведаць — хутка састарышся. — Якімаў рашуча патаптаўся на месцы, пайшоў да дзвярэй, але адразу ж вярнуўся.— Як сцямнее, прыходзь да нас у пуню. Толькі глядзі, каб ніхто не бачыў.
Аляксею апякло: «Няўжо тут — з якой паганай задумай?» Пакутлівую страхавітую трывогу ён не хацеў слухаць, стараўся заглушыць: «А навошта яму гэта?» Вельмі моцнае было жаданне ў хлопца паверыць Якімаву.
Цяпер яму ўжо было не да «Королевы Марго». Ён з нецярпеннем чакаў цемнаты.
У пуні на вышках Якімаў дастаў з-пад ахапка леташняга (ад яго дужа тхнула прагорклым пылам) сена нейкую прадаўгаватую металічную скрынку. Даў Аляксею абмацаць яе.
— Здагадваешся? — выдыхнуў пад вуха.
— Не,— шэптам прызнаўся Аляксей.
Валодзька таксама стаў абмацваць скрынку, штосьці на ёй паварочваў, круціў, на штосьці націскаў. 3 яе спачатку пачуўся нейкі далёкі слабы піск, потым такая ж слабая, ледзь чутная, песня. Тут Аляксей усё зразумеў: радыёстанцыя.