Амерыкай называўся невялікі пасёлак. Ён туліўся на пагорку па правы, калі ехаць на Жлобін, бок чыгункі. Увосень, вясною і нават улетку пасля добрага дажджу балацявіну, што з усіх бакоў акружала яго, запаўняла вада, і ён быў як на востраве. Таму і Амерыка.
За вёскай хударлявы лейтэнант спытаў у Аляксея:
— Ты камсамолец? — Пільны востры позірк яго ўпіўся ў твар хлопца.
Аляксей Пятровіч адказаў яму так:
— У нас усе камсамольцы.— Адно яму цвёрда падалося тады: што адказаў як трэба, з годнасцю.
Лейтэнанты пераглянуліся. Гэтая пераглядка чамусьці нядобра кальнула Аляксея. Яму закарцела ў сваю чаргу спытаць: «А вы чаго ў Амерыку едзеце?» Ды ён адразу прыкусіў язык: у вайсковых людзей такое не пытаюць.
Нейкі час ехалі моўчкі. Потым азваўся лейтэнант:
— А камуністаў у вас многа?
Аляксей збянтэжыўся: што сказаць? Па-першае, ён не ведаў колькі, а па-другое — навошта ім гэта, чаму дапытваюцца? Трэба — дык маглі ж у сельсавеце ў старшыні спытаць. Аднак неабходна было нешта адказваць. I ён спакойна адказаў:
— Не ведаю.
Спакойна... Але які гэта быў цяжкі спакой! Грудзі, раптоўна наваліўшыся, распіралі трывога і страх, у галаве да звону ў скронях забілася: «Што, калі гэта тыя, пра каго гаварыў Лаўрэнаў?»
Уз’ехалі на грэблю, якая пралягала праз балацявіну. Яна была даўжынёю метраў дзвесце. Колы па восі хаваліся ў вадзе — напярэдадні ўсю ноч ліў дождж. Конь сам адчуваў дарогу, а Аляксею ўсё нечага карцела кіраваць ім.
I на сярэдзіне грэблі рука раптам паміма яго волі тузанула за лейчыну. Паслухмяная жывёліна ступіла ўбок і ўгрузла пярэднімі нагамі ў твань. Рывок — і перадок воза скаціўся з грэблі, а конь ужо загруз на ўсе чатыры. Ён стаў ліхаманкава тузацца з усёй сілы, храпці, але зразумеўшы, што гэта марна, заціх, зняможана ляжаў брухам на твані.
— Ах ты, воўчае мяса, дарогі табе не было! — пачаў Аляксей з прытворнай злосцю лаяць яго.— Цяпер во вылузвайся са скуры, дурань.
— А ты куды глядзеў! — вызверыўся на хлопца хударлявы лейтэнант.— Вось так вы дапамагаеце Чырвонай Арміі.
Аляксей саскочыў з калёс, боўтаючыся як не па пояс у вадзе і багне, учапіўся за аглаблю.
— Зараз мы ўдвух... Зараз выберамся,— паўтараў ён, імкнучыся заспакоіць і сябе, і іх. Тым часам разумеў, што то без добрай дапамогі ім не выкараскацца. Прытвараўся ж, каб паказаць, што ніякага падазрэння ў яго не ўзнікла і ён шчыра стараецца, бо мусіць выконваць загад старшыні. А ў галаве круцілася разгубленая думка: «Што рабіць, што?»
Конь яшчэ зрабіў некалькі беспаспяховых намаганняў выбавіцца з багны і канчаткова змірыўся са сваім становішчам.
— Ты што, не бачыш, смаркач? — узарваўся хударлявы.— Людзей трэба паклікаць, людзей!
Яны сядзелі ў задку калёс, які завіс на гаці. Падабралі пад сябе ногі, рэчавыя мяшкі трымалі на каленях.
«Во-во, людзей паклікаць»,— абрадаваўся Аляксей словам лейтэнанта. Па праўдзе кажучы, яму было боязна з гэтымі загадкавымі вайскоўцамі. Калі яны на самай справе нямецкія лазутчыкі, дык яшчэ застрэляць альбо ўтопяць у гэтым балоце.
— Ну, тады я мігам,— адказаў Аляксей з гатоўнасцю, але, зноў жа стараючыся не паказаць сваёй радасці.
Змяркалася.
Усю дарогу Аляксей бег трухам. Па меры таго як аддаліўся ад грэблі, думкі яго ахалоджваліся, спакайнелі. Чаго тут панікаваць? Калі разабрацца, дык і няма ніякіх падстаў біць трывогу. 3 залішняй падазронасці, са страху можа паказацца чорт ведае што. Былі б яны фашысты — утапілі б яго ў багне, і толькі таго. Нават не стралялі б, каб кулю не псаваць і не выдаваць сябе стрэлам... Прыбліжаючыся да сельсавета, Аляксей ужо зусім засумняваўся ў сваіх падазрэннях. Наадварот, усё больш думаў, што можа трапіць у недарэчнае становішча. Засмяюць яго, як Грышку Беразянку. Пры ўспаміне пра Грышку Аляксей нават усміхнуўся: во храбрэц!
Той вартаваў калодзеж і заснуў каля сахі. На досвітку цётка Арына стала чэрпаць ваду, ён спрасоння прыняў яе за нямецкага шпіёна і ўзняў вэрхал: «Стой, страляць буду!..» Смеху было!.. На ўсю вёску. «Цяпер ён на мне адыгра-аўся б, паце-ешыўся б»,— падумаў Аляксей. I на-ват уявіў, як Грышка, схапіўшыся за жывот, закатваецца рогатам.
У сельсавеце, акрамя Гарасімава, знаходзіліся ўпаўнаважаны НКВД Лаўрэнаў і ўчастковы міліцыянер Альшэўскі. Усе трое былі нейкія ўзбуджаныя. Відаць, у іх адбывалася гарачая гаворка.
— Чаго ты такі — як з пекла? — здзівіўся Гарасімаў.
— Конь загруз.
— Дзе? Як?
Гарасімаў пазіраў на Аляксея, Аляксей — у падлогу. Што тут было сказаць — дурны конь з дарогі збіўся? Раптам у Аляксея вырвалася, як з кулямёта:
— Я звярнуў яго з грэблі. Тыя лейтэнанты — не лейтэнанты. Распытвалі пра камуністаў і камсамольцаў. Яны там, на калёсах...
Альшэўскі падышоў да Аляксея.
— Ну і што з таго, што распытвалі?
— Аднак навошта ім, камандзірам Чырвонай Арміі, гэта цяпер, калі на фронт накіроўваюцца? — пачаў разважаць Лаўрэнаў.— Лазутчыкі? Дык што ім рабіць на тым пасёлку, калі там няма ніводнага чырвонаармейца ды і жыхароў — на пальцах пералічыш.— Ён зняў з галавы форменную фуражку з чырвоным аколышам, выцер насоўкаю лоб і зноў надзеў фуражку.