Толькі з адным Аляксандрам Несцеравічам у яе не было канфлікту. Яго яна паважала як сапраўднага інтэлігента — на скрыпцы ж іграў! Іншы раз па-суседску бывала і такое. Прыйдзе да яго, папросіць: «Сыграйце што-небудзь, шаноўны Ляксандра Несцеравіч, размякчыце душу — дужа ж яна нечага закамянела». Ён ведаў, што яна больш за ўсё любіла «Окрасился месяц багрянцем...» Іграў, яна сядзела на табурэтцы пры дзвярах (далей не праходзіла, казала, каб вышараваную падлогу не запэцкаць), і з маленькіх пабляклых вачэй каціліся слёзы. Тузік, тулячыся да ног жанчыны і задраўшы галаву з чорным носам-пятаком, пазіраў на яе і ціхенька скуголіў.

Дык вось гэтая Пусёўка і ўстроіла на плошчы «спектакль» па просьбе Аляксандра Несцеравіча.

3 тыдзень пасля таго старую на вуліцы ніхто не бачыў. А светлым сонечным майскім ранкам людзі пачулі ў яе хаце жахлівае выццё Тузіка. Дзверы знутры былі зашчэплены. Узламалі іх — яна была мёртвая. Пахавалі яе на вясковых могілках пад старой разлапістай бярозай, якая звесіла свае галіны-косы ледзь не да зямлі. На пахаванне сышлася амаль уся вёска. Па ёй ніхто не плакаў, маўклівыя людзі стаялі з панура апушчанымі галовамі. Аляксандр Несцеравіч, вярнуўшыся з могілак, адразу зняў скрыпку са сцяны і доўга іграў «Окрасился месяц багрянцем...»

Пра смерць Пусёўкі Вера праз сувязную Надзю Козыр, якая жыла на лясным пасёлку Верны, перадала Аляксею ў партызанскі атрад. Аляксей, Міша, Юрка і Сяргей прыйшлі да камандаіра атрада.

— Таварыш камандзір, дазвольце звярнуцца! — Аляксей выцягнуўся па стойцы «смірна».

— Ад імя ўсіх ці кожны будзе сам ад сябе? — усміхнуўся камандаір, і прадаўгаваты бледны твар яго са скуластымі шчокамі памаладзеў.— Звяртайцеся.

— У нас такая просьба: загадайце камандзіру саракапяткі, якую мы перадалі ў атрад, каб ён, калі будзе рабіць першы выстрал па ворагу, сказаў: «У памяць аб...» — Аляксей запнуўся, збянтэжана наглядзеў на хлопцаў. Скаааць «аб Пусёўцы» ў яго не паварочваўся язык. А як скажаш?.. Колькі секунд яны разгублена маўчалі. Знайшоўся Юрка:

— Аб партызанскай бабулі.

Смаляна-чорныя бровы камандзіра сышліся бліжэй адно да аднаго.

— Жарты жартуеце, моладзь? — Суровы ўважлівы позірк яго прайшоўся па засяроджаных тварах партызан.

— Не жартуем, таварыш камандзір,— сказаў Сяргей.— Мы просім.

Камандзір перапытаў:

— Не жартуеце, кажаш? — Ён пачынаў ужо здагадвацца, што за гэтай просьбай хаваецца нешта дарагое і важнае для хлопцаў, пра што ім зараз, відаць, расказваць было не да часу.— Добра, дам такую каманду. А чаму ў вас такая просьба — раскажаце мне другім разам.— I паўтарыў: — «У памяць аб партызанскай бабулі».

БЯРОЗКА НА ГРУДКУ

Сустрэліся яны ў ляску за пасёлкам. Надзя Козыр, тварам крыху падобная на манголачку, танклявая праворная дзяўчына, з’явілася перад Аляксеем, як з зямлі вырасла. Выскачыла з-за тоўстай хвоі, і не паспеў ён апамятацца, як яна чмокнула яго ў шчаку.

— А вось і я. Прынёс што?

— А як жа! — Аляксей выцягнуў з-пад рэменя палатняную торбачку — у такіх да вайны вясковыя школьнікі насілі кнігі і сшыткі,— дастаў з яе пакунак і працягнуў Надзі.— «Правда», «Советская Белоруссия» і лістоўкі. Якія ў вас навіны?

— Уласаўцы сталі насцярожвацца. Што такое? Апошнім часам і засады, і аблавы іхнія — найчасцей упустую. Партызаны спалохаліся, прыціхлі? Дык жа на чыгунцы то там, то тут грукоча, ляцяць пад адкос эшалоны.

3 лета ў вёсцы размясцілася буйная вайсковая часць уласаўцаў. Раскватараваліся па хатах.

На першым часе пры гаспадарах яны асцярожнічалі, паводзілі сябе з аглядкай. Але пакрысе насцярожанасць іхняя ўсё больш прытуплялася: каго ім, да зубоў узброеным, баяцца тут? У размовах між сабой у іх часам прарывалася такое, што адразу ўлоўлівала старонняе чуткае вуха: «Засада пад Рудзенскай...». «Аблава ў ваколіцах Баравухі...» Калі падобнае чулі і вяскоўцы, якія не мелі сувязі з партызанамі, усё роўна яны здагадваліся, каму трэба пераказаць пачутае: дзяўчатам-сакатухам — там жа, у партызанах, іхнія хлопцы... Нярэдка і такое бывала: на падпітку расхваліцца які-небудзь балбатлівы гора-залётнік перад дзяўчатамі, і сарвалася ў яго з языка: «Заўтра ўвечары, хай толькі лясныя бандыты ўздумаюць да чыгункі сунуцца — мы іх каля Баранаўкі, як зайчыкаў, возьмем...»

Праз гадзіну-другую па «жывым ланцужку» паляцелі звесткі гэтыя ў лес.

— А не прыкмецілі, можа, на каго канкрэтна ўпала падазрэнне? — Аляксей зноў засунуў торбачку пад рэмень, уважліва пазіраў на Надзю.

— Пакуль што не прыкметна такога. Тут яшчэ другое!..— Надзя сумна ўсміхнулася.— Многія вяскоўцы залічылі дзяўчат у здрадніцы Радзімы. Са здраднікамі знаюцца, значыць, і самі здрадніцы. У адкрытую сцёбаюць па вачах. Учора Валі Мікалаевай і Соні Паўленка папала. Ідуць яны па вуліцы, а Маруся Гузей ад сваіх весніц крычыць: «Што, панюхаліся ўжо?» I сыпанула абразы.

— Патрыё-ётка — Маруся! — крутнуў галавою Аляксей.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже