Ускочыў як уджалены, падумаў, ці не звіхаецца?! Не, на самай справе, трэба звіхнуцца, каб паверыць у нейкія прымхі, магнетычныя сілы, антыталісманы! А пасведчанне ў бакавой кішэні між тым нясцерпна муляла, пякло крапівою. 3 асцярогаю, бы гэта магло выклікаць немаведама якую небяспеку, дастаў адглянцаваную, трохі пацёртую кніжачку, паклаў на стол, уставіўся ачмурэла, бы на скручаную ў кольцы гадзюку. У галаве брадзілі нейкія сапраўды вар’яцкія думкі, і што дзіўнае — нё палохаўся іх. Схапіў кніжачку, кінуўся да печкі, у момант вока сунуў у шызую горку попелу і, старанна атрасаючы рукі, задаволена падумаў: во так даўно б! Во туды яму і дарога!.. А калі прыбіральшчыца ўздумае не запальваць, а выграбаць попел? Знойдэе — і вернецца, як Кашчэй Бессмяротны… Гэта было верагодна: попелу сабралася — даўно пара выграбаць. Кінуўся назад, разгроб, выхапіў кніжачку, адглянцаваная паверхня якой здалася халоднай, слізкай, як мядуза. Шпурнуў на стол, пачаў хадзіць з кута ў кут, прыкладваючы розум, што рабіць з ёю. Разумеў, наколькі смешна, недарэчна ўсё гэта, аднак нейкі незразумелы дух знішчэння браў верх над цвярозай разважлівасцю. Здавалася, менавіта тут, у гэтай кніжачцы, як Кашчэева бессмяроцце ў яйку, схаваны ўсе тыя цёмныя магнетычныя сілы, што прыносяць беды-няшчасці, і варта толькі адкараскацца, знішчыць гэты злавесны антыталісман, як вызваляцца, вырвуцца на прастору светлыя сілы… Перамагаючы агіднасць, сунуў кніжачку ў кішэню, ачмурэла кінуўся да выхада, пераскокваючы прыступкі, памчаў уніз, і было адчуванне, што ў кішэні міна з падпаленым бікфордам. Завярнуў ува двор, ачумела ўляцеў у гасцінічны туалет, з асцярогаю зачыніўся на зашчэпку, выхапіў пасведчанне і шпурнуў у дзірку, зларадна падумаў: ну во, цяпер усё! Цяпер то ўжо ніхто не знойдзе, ніхто не дастане! Там яму і месца!.. А як хто спытае дакумент? У рэдакцыі, напрыклад… Ці запатрабуюць, каб вярнуў пры звальненні? Ат, чорт з ім! Скажа, што згубіў ці выпусціў незнарок… Хай едуць, вылаўліваюць, калі не вераць…

Выскачыў ува двор, удыхнуў свежага паветра і ніяк не мог узяць у цям, што з ім адбылося — неўроз, псіхічны шок ці прыступ вар’яцтва? Адчуваў толькі, што палягчэла на душы, бы зваліўся гнятлівы цяжар, бы адбылося нейкае ачышчэнне душы. Аднак у тую ж хвіліну гэтае аблягчэнне стала ўбываць з катастрафічнай быстрынёй, мяняцца спустошанай стомаю, ды так, што дранцвелі ногі, кожны крок вымагаў неймаверных сіл, а сілы з кожным крокам пакідалі яго. Са страхам падумаў: хоць бы дабрацца да ложка!..

Дзяжурная паглядзела са здзіўленнем, занепакоілася:

— Вам кепска?

— Ды не-е, нічога…

Ледзьве перастаўляючы нягнуткія, непаслухмяныя ногі, дайшоў да нумара, сеў на краёк ложка. Хацеў распрануцца, залезці пад коўдру, але млявасць, нейкая здранцвеласць тут жа звалілі набок, імгненна ахуталі салодкай дрымотай…

Сніліся кашмары. Канчаўся адзін — пачынаўся другі, пераплятаўся з трэцім… То быццам ён дома, у вёсцы. Заплаканая маці не пазнае, палохаецца: адыдзі, адыдзі, ты — Шушаль! Ты прыйшоў падняць руку на мяне… Мама, гэта ж — я, твой сын, Андрэй… Не-не-не! Ты — Шушаль! У мяне ўкралі сыночка, ператварылі ў Паскуднікава… То аднекуль з’явілася цётка Магда: вазьмі свой грэх, пляменнічак… Як?! Ды яна ж памерла! А-а-ай! Кінуўся ўцякаць, а ногі не слухаюць, буксуюць на месцы… А-ай! А голасу няма… То раптам нешта загуло-зараўло — і з коміна вылез плюгавенькі чарцючок, увесь урослы шчэццю, з рожкамі і капытцамі, бародкай, адхопленай наўскось. Чарцюк на вачах стаў павялічвацца і павялічвацца, бы яго надзімалі, ператварыўся ў вялізнага д’ябла з голасам Ротара Пятровіча: «Прадавай, даражэнькі, душу. У цане сыдземся…» Падсоўвае папірус: во тут распішыся… крывёю — інакш не прымуць у справаздачу… Аднекуль узнікла маці, засланяе сабою: не прадавай, сыночак, душу… Гэ-гэ-гэ, зарагатаў д’ябал, набываючы аблічча Ротара Пятровіча. Граша ломанага яго душа не варта… То раптам усё некуды знікла… 3 незнаёмай печы ў незнаёмай хаце вылез Кашчэй Бессмяротны, падобны на вялізнага, агіднага павука, працягвае ў крывых, мярзотных клюшнях пасведчанне: вазьмі, ты згубіў свой дакумент, Бяскуднікаў…

Прачнуўся ў халодным поце, ніяк не могучы ўзяць уцям: дзе ён, што з ім? Нехта настойліва стукаў у дзверы. Заглянула дзяжурная. Выгляд у яе быў затрывожаны, напалоханы:

— Што з вамі?

— Нічо-о-га…

— Вы так стагналі, так крычалі, што я падумала…

— Ат, лёг нязручна, сніліся нейкія кашмары…

— А-а-а,— уздыхнула з палёгкаю яна.— Бывае на новым месцы. Прабачце…— Асцярожна зачыніла за сабою дзверы.

Была палова трэцяй. Значыць, праспаў не так і многа. Толькі што бачаныя кашмары працягвалі выклікаць неўсвядомлены страх, нядобрае прадчуванне. Узяў ручнік, пайшоў ва ўмывальнік. 3 непрывычкі халодная вада іголкамі абдала паголеныя шчокі, умомант вярнула бадзёрасць, прагнала астаткі санлівасці, адгалоскі сноў. Уважліва агледзеў усё яшчэ незнаёмы свой твар у люстэрку, пераконваючыся, што сапраўды памаладзеў гадоў на дзесяць…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже