А ўсё ж, мусіць, не трэба было пароць гарачку… Варта было абдумаць, узважыць усе «за» і «супроць», перш чым даваць згоду… Не ўсё так проста, як здаецца… Што рабіць, напрыклад, з кватэрай, якую адваяваў у Бяскуднікавых? Не ўсю, вядома, а паўнаметражную аднапакаёўку, што дасталася пры размене. Не аддаваць жа ні за панюх табакі чорту лысаму! А калі раптам не прыжывецца — высветліцца: даўно перарос раёнку, прыехаў шукаць учарашні дзень? Хто можа выключыць такую магчымасць? Можна, канечне, паехаць, не выпісваючыся, пакінуць кватэру за сабой, пасяліць каго часова. Хм, паселіш — потым не выселіш… А як зрэагуюць, што паехаў, знаёмыя? Вядома як: даслужылася паэтычная надзея, сабакам сена косіць… І падбіў жа нячысцік паабяцаць гэтаму Анатолю Іванавічу! Анатолю Іванавічу работнік, цяглавая сіла патрэбен, а ён развесіў вушы, усцешыўся… Канечне, чалавек ён сімпатычны, не раўня многім сталічным дзеячам, што ўраслі самазадаволенасцю, як валуны мохам… Трэба напісаць, падаякаваць за ўсё — хай не памінае ліхам… А мо ўсё ж плюнуць на ўсё — ды ехаць, як дамовіліся? Нельга ж, каб нейкая няшчасная кватэра звязала па руках і нагах. Хіба мала, што ўжо раз апёкся на мінскай прапісцы і кватэры? Вунь Саўчук, Грышка Багдэевіч…

Аўтобус прыбыў у Мінск а палове дванаццатай ночы. Стомлены дарогай і, бадай, яшчэ больш — цяжкімі супярэчлівымі думкамі, пабрыў на трамвайны прыпынак, так нічога і не рашыўшы, так і не прыняўшы канчатковага рашэння…

Трамвай быў амаль пусты. Сядзелі, абняўшыся, дзве пары ды кляваў носам п’янаваты дзядзька. Трамвай гучна грукаў на стыках, вагонаважатая не аб’яўляла прыпынкаў — пэўна, абрыдла к канцу змены і ведала: той, хто едзе ў такі час, і без абвесткі сыдзе, дзе яму трэба. Андрэю было далёка — аж да Зялёнага Луга, лічы, праз увесь горад. Ля парку Горкага сышла адна пара, ля кінатэатра «Мір» — другая, п’янаваты дзядзька, што ўсю дарогу вудзіў акунёў,— на Камароўцы. Застаўшыся адзін на ўвесь вагон, млява адкінуў галаву, заплюшчыў вочы… А мо пашукаць месца тут, у Мінску? Знайдзі, калі не засталося ўжо ніводнага вартага выдання, дзе не пабываў… Не пачынаць жа па другім кругу… Трэба ехаць — і ніякіх ваганняў, ніякіх сумненняў! Не свет клінам сышоўся на гэтай кватэры. Будуць яшчэ не такія апартаменты…

Але Саўчук, пэўна, усё ж доўга не пратрымаецца — быць таго не можа, каб яго не выжыў «жалезабетонны Раман»… Паедзеш — а тут месца, і кусай сабе локці… А калі нічога не пераменіцца? Саўчука не так проста зваліць з ног. Саўчук стаіць цвёрда. То дзіва: маючы такую глебу пад нагамі, такі маральны капітал за душою, можна стаяць цвёрда, можна сабе дазволіць…

Эх, каб мог ведаць, як павернецца! Ды, шкада, не дадзена чалавеку ведаць, што будзе заўтра, пасляэаўтра, праз тыдзень, праз месяц, праз год… Шкада, што жыццё трэба пісаць толькі ў адным варыянце, толькі ў адным экземпляры і, напісаўшы, ужо нельга паправіць ніводнай памылачкі, ніводнай памарачкі…

Мастак У.М. Жук

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже