«Жалезабетонны Раман» да просьбы перакінуць у другі аддзел паставіўся з разуменнем, паабяцаў пры першай жа магчымасці… Праўда, неўзабаве і сам пашкадаваў, што напрасіўся: падобна было, што Саўчук не пратрымаецца. Надта ж задзірліва і бесцырымонна павёў ён сябе. Ужо на другой ці трэцяй «лятучцы» набраўся смеласці раскрытыкаваць, з’едліва высмеяць матэрыялы, адзначаныя як лепшыя, рэкамендаваныя на «чырвоную дошку», і, як трэ было чакаць, адразу ж счапіўся з «жалезабетонным Раманам». Раман успрыняў гэтую крытыку як дзёрзкі, бестактоўны выпад супроць сябе, зрабіўся змрочны, як восеньская ноч, у вачах палыхнула чорнае полымя. Толькі правінцыялу Саўчуку невядома было, што значыць гэтае чорнае полымя ў вачах «жалезабетоннага Рамана», што значыць ігнараваць субардынацыю і ўстаноўленыя парадкі… О, каша заварыцца, задаволена паціраў рукі Андрэй. От жа мамаева пабоішча пачынаецца! Яму аж не па сабе рабілася ад гэтай затоена-злараднай радасці: усё ж Саўчук стары студэнцкі таварыш, нельга быць такім злым, помслівым… Нічога-нічога, гэта яму на карысць, добрая навука, а то прывык, што лёгенька ўсё даецца: прыйшоў, убачыў, пермог. Хай трохі зведае, па чым фунт ліха — гэта яму не раёнка… I ўсемагутны Раман хай палюбуецца, каго прыцёг, на каго прамянялі… Пагрызуцца, пацягаюцца за чубы, а там, глядзіш…
Адбывалася ж нешта незразумелае, неверагоднае, нейкае дзіва, цуд. Замест таго каб пайсці бульдозерам, гнуць у барановы рог Саўчука, «жалезабетонны Раман» падціснуў хвост, падобна было, што выкідвае белы флаг. Усе анямелі, калі на наступнай «лятучцы» ён пачаў падтрымліваць вострыя і рэзкія Саўчуковы ацэнкі. Такога яшчэ не было, каб Раман ды падтрымліваў крытыку таго, што ён асабіста ўхваліў. Гэта не ўкладвалася ў галаву, супярэчыла ўсялякай логіцы. Больш таго — стваралася ўражанне, што ён не проста лічыцца, ставіцца з увагаю, а пабойваецца Саўчука...
Алесь між тым паводзіў сябе, быццам нічога не адбываецца, не заўважаў ці не хацеў зважаць на закулісныя шэпты. Бракаваў матэрыялы, змушаў перапісваць па некалькі разоў, правіў неміласэрна, бязлітасна выкараняючы сухі, казённы стыль, што гадамі насаджваўся Арсенам Захаравічам. Па праўдзе кажучы, Андрэю ў душы гэта нават падабалася, хоць пазавуголлі разам з усімі перамываў костачкі, апошнімі словамі крыў новага загадчыка, асабліва пры Арсену Захаравічу, які надзвычай балюча ўспрымаў гэтыя перамены.
— Нічо-о-га, хлопчыкі,— трохі яхідна ўсміхаўся ён.— Усё ўладзіцца, на сваім вяку я не такіх рэфарматараў перажыў-наглядзеўся. Малады, нявопытны начальнік, хлопчыкі,— як неаб’езджаны конь у аглоблях: храпе, б’е ў хамут, брыкаецца, хвастом адмахваецца, увесь у мыле, а прэ па цаліку. Ні-і-чо-о-га, аб’ездзяць, як міленькага аб’ездзяць!.. Вы недаацэньваеце Рамана, яго мёртвую хватку. Раман не такіх аб’язджаў, не такім рожкі падпілоўваў… Раман ведае, што яму трэба… Раману трэба вопытныя кіраўнікі-памочнікі. Вопытны кіраўнік, хлопчыкі,— гэта ламавы, цягавіты конь: сілы разлічыць, накатаную дарожку намацае, цягне вазок роўна, спакойна, надзейна, не растрасе, не выверне… У рэшце рэшт, і, каму трэба, разважаць, разбяруцца, што і як лепш, каторы конік надзейны: той, што цягне вазок акуратна і далікатна, ці той, што растрос паклажу, пабіў фурманку…
VII
Цырульнік — немалады ўжо чалавек з маленькімі вусікамі — з’явіўся праз гадзіны паўтары, здзівіўся:
— Вы да мяне?
— Да вас…— сярдзіта буркнуў Андрэй.— Дарэчы, калі верыць раскладу, то вы даўно павінны быць на рабочым месцы…
— А-а-а! — скрушліва махнуў рукою.— У кантору клікалі на «пяцімінутку», зноў за план карак памыліць. Ім то што: давай-давай, шуруй-шуруй… Пашуруй тут, калі мода, каб яна згарэла, на патлы ды во, даруйце, як у вас, на такое шчаціннё пайшла. Тут самы час закрываць нашу багадзельню, а не план шураваць…
Гэты цырульнік са смешнымі чарлі-чаплінаўскімі вусікамі, адчувалася, з тых вясёлых, бязладна-гаваркіх людзей, злаваць ці крыўдзіцца на якіх проста немагчыма, што б яны ні натварылі. Сваёй наіўна-даверлівай усмешачкай, хітраватай прасцякаватасцю яны ўмеюць падняць настрой, каго хочаш заварожаць, з кім хочаш знойдуць кантакт. 3 імі лёгка і проста.
— Ну-у, калі мода паставіла пад пагрозу само існаванне вашай прафесіі,— прыняў яго тон Андрэй,— я першы ўключаюся ў барацьбу з гэтай модай…— Пагладзіў бараду.— Галіце!
Цырульнік паглядзеў недаверліва, узяў ножні, засмяяўся:
— А зараз і ўпраўду абшастаю — во паплачаце!
— Шастайце!
— Ну да-а…
— Я сур’ёзна. Вам жа план трэба…
Цырульнік не рашаўся, усё яшчэ прымаючы за жарт. Андрэй узяў у яго з рук ножні і наўскось адхапіў кус барады.
— Ну-у!..— тэатральна заапладзіраваў цырульнік.— Жыць нам з прагрэсіўкаю! — I асцярожна запытаў: — А чаго гэта вы-ы… ну-у, уздумалі?
Андрэю не спадабалася яго насцярожанасць: а раптам і гэтаму памроіўся Шушаль?! 3 напятай абыякавасцю сказаў:
— Ат, збрыднела! За дзеда прымаюць…
— Го, дзеда! За папа могуць прыняць. Нічо-ога, за-раз мы з вас чалавека зробім. Амаладзім на гадоў пяцьдзесят…