Размова між тым і пасля чаркі не наладжвалася. Яе думкі былі недзе далёка, слухала яго толькі для прыліку, і з кожнай хвілінай узрастала напружанасць, адчужанасць. 3 асцярогаю пачаў аглядвацца па баках, прыслухоўваючыся, прыкідваючы, адкуль можна чакаць небяспеку. Падазронага, здаецца, нічога не было — ніхто не зважаў на іх. Узбадзёрыўся: ха, навыдумляў розных страхаў, і (о, жах!) Люся сваёй жаночай інтуіцыяй улавіла: палахлівец. Ды гэта ж, чорт пабраў, куды горш, чым атрымаць па карку!

Ліхаманкава думаў, як паправіць становішча, аднак нічога слушнага не прыходзіла, і яшчэ больш губляўся. Міжволі натапырыў вушы: чаго гэта так рагочуць захмялелыя суседзі?

— …вываліў з кілаграм медзякоў. Лічы, кажу! Пасінела, рукі дрыжаць, а лічыць. А кудм дзенецца! Рубля з капейкамі не хапае, кажа. Ах, так? Аблапошыць захацела?! Ану, лічы нанова!..

Падалося, што недже чуў гэты голас. Павярнуўся — і вочы ў вочы сутыкнуўся… Канечне ж, гата быў адзін з карцёжнікаў, з кім правёў сённяшнюю ноч. Атлет. Дзякаваць богу, здаецца, не пазнаў без барады! А мо толькі выгляду не падае? Зараз прысуседзіцца, пачне высвятляць: ты мяне паважаеш? Перадаваць прывітанні… Во які пісьменнік узнікне перад Люсінымі вачыма!..

Сядзеў як на іголках. Лёгкі хмель і не думаў заглушыць насцярогу, развязаць язык. Мо нават — наадварот… На Люсіным твары ўсё выразней і выразней пісалася расчараванне і сум. Не сакрэтам было, што яго акцыі пісьменніка, цікавага субяседніка, сталічнага джэнтльмена катастрафічна абясцэньваюцца, і ён не мог прыкласці розуму, як падняць іх у цане. Спрабаваў расказваць нешта вясёлае, але з-за здранцвелага голасу жарты выходзілі плоскімі, недарэчнымі, Люся толькі кісла крывіла вуснамі, і гэта выклікала яшчэ большую скаванасць. Такога з жанчынамі ў яго яшчэ не было.

— Давайце пойдзем, позна ўжо,— нарэшце цвёрда і адчужана прапанавала яна, і ён разумеў, што затрымліваць няма ніякага сэнсу.

Моўчкі выйшлі на вуліцу. Імжа аціхла, браўся ветрык, які, мусіць, зрушыў хмару з месца. У прагаліне забліскала яркая зорка, бы сігналячы аб небяспецы…

А раптам яе паклоннік ці жаніх падчэквае ў цёмным завулку?! Мо нават цэлая кампанія… Мо развітацца тут ды тэпаць у гасцініцу? Ці: чаму б не паспрабаваць яе запрасіць да сябе?

— Люся, мо заглянем паглядзець, як я жыву?

— Вы што? — пакрыўдзілася і абурылася яна.— За каго вы мяне прымаеце?..

— Даруйце, я нічога благога не думаў…

Трапілі ў цёмны завулак. Вастрыў вушы, сцінаўся ад кожнага шораху, чакаючы непрыемнасці, як нечага непазбежнага. Але вакол было ціха і спакойна, гаслі вокны, гарадок ахутвала сонная дрымота. Па ўсім відно было, што агрэсіўныя сапернікі існуюць толькі ў яго ўяўленні. Далікатна ўзяў Люсю пад ручку, і яна не пярэчыла. Аднак гэта яшчэ не зняло яе адчужанасці. Трэ было рабіць рашучы паварот, інакш, разумеў, чакае поўнае фіяска: яна не проста насмяецца, а ўзненавідзіць, усімі фібрамі душы ўзненавідзіць, на вочы не дапусціць. Ён ведаў гэта з уласнага вопыту…

Двума курсамі вышэй на факультэце былі дзве не дужа пераборлівыя, страсна і шчодралюбівыя асобы, якіх хлопцы між сабою не без пагарды называлі «вучэбнымі». На іх і напускалі «для абкаткі» цнатлівых, як ён некалі быў, цельпукоў-першакурснікаў. «Абкатка» пачалася, ды такая, што ледзьве не згубіў розум у першыя ж дні — на бульбе ў Клімавіцкім раёне. Успыхнула, нават не ўспыхнула, а ўзарвалася такое каханне, што невядома, чым магло ўсё скончыцца, каб праз некалькі дзён не з’явіўся больш практычны «практыкант», які не тлуміў галаву ўласнымі і Ясеніна вершамі, а дзейнічаў з першага ж вечара…

Потым, калі стаў універсітэцкай паэтычнай знакамітасцю, па ім млела не адна… Праўда, як ліплі, так і адліпалі, пачыналі хадзіць з такімі, хто і падэшвы яго не варты. Так і не меў блізкай жаночай душы, апроч, канечне, Лірыкі, хоць наўрад ці і яна была блізкая душа…

Былі, вядома, і лёгкія перамогі, настолькі лёгкія, што апроч горычы расчаравання, нічога не пакідалі, і згадваць іх не хочацца…

Прычыну ўсіх няўдач і паражэнняў на любоўным фронце бачыў у сваёй залішняй інтэлігентнасці, недастатковай рашучасці…

Канчаткова пераканаўшыся, што няма і не будзе ніякіх паклоннікаў, пасмялеў, намерыўся дзейнічаць рашуча, паказаць сапраўдную мужчынскую напорыстасць, сталічную марку. Для пачатку лёгенька абняў за талію. Люся павяла капрызна плечуком, але рукі не адхінула. Гэта прыдало ўпэўненасці: хэ, не такіх сустракалі! Патроху знікала скаванасць, развязваўся язык. «Закінуў вуды»: кватаруе ці жыве з бацькамі, хто ёсць дома? Яна адказвала ўхіліста, аднак, адчувалася, гэтая гульня з намёкамі пачынае яе забаўляць, інтрыгаваць. Лёгка і проста перайшлі на «ты», і неўзабаве ад былой адчужанасці не засталося і следу. Яна смяялася, падатліва хінулася, дазваляла руцэ сякія-такія вольнасці… У лёгкасці перамогі амаль не сумняваўся, намагаўся толькі ўявіць сабе, як усё будзе развівацца далей…

Але як толькі наблізіліся да дому, яна рэзка перамянілася, стала спешна развітвацца.

— Ды пачакай ты! — Загарадзіў сабою дарогу да каліткі.— Пастаім, пагамонім…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже