— Я — аграрнік,— здагадаўся рэдактар, усміхаючыся.— Канчаў сельгасінстытут, а потым сустрэўся, як кажуць, на жыццёвым шляху з Алесем Сяргеевічам — і во самі бачыце…

— Гэта мо і лепш, што сельгасінстытут,— заўважыў Андрэй.— На сённяшні розум, я, напрыклад, ні за што не пайшоў бы на журналістыку…

— Ну-у, скажаце! — не пагадзіўся рэдактар.— Я на сабе ой як адчуваю недахоп філалагічнай адукацыі! Пагамонім як-небудзь, паспрачаемся на гэты конт. Ну, а цяпер давайце пра справу…

О, каб мог ведаць, што яго ўжо чакаюць — пазваніў Саўчук! Падумаў з непрыяззю: а глядзі ты, як улягае! Улягай, улягай…

Рэдактар з захапленнем расказваў, які дружны і творчы калектыў створаны Саўчуком, які харошы, багаты на традыцыі іх раён, якая прыгажосць тут летам, зноў на ўсе лады расхвальваў Саўчука. Андрэй слухаў пятае праз дзесятае, ліхаманкава думаючы, як далікатней выкруціцца, дыпламатычней выйсці з гульні.

Анатоль Іванавіч (так звалі рэдактара), мусіць, заўважыў яго разгубленасць, падміргнуў па-змоўніцку, таемна сказаў:

— Не здзіўляйцеся, але я вас даўно ведаю…

— Адкуль? — неўразуменна паціснуў плячыма, з тою ж ліхаманкавасцю прыгадваючы, дзе б яны маглі сутыкацца.— Цікава?

— А памятаеце? — Падміргнуў, устаў з-за стала і роўным голасам пачаў:

Вечарамі далёкімі, веснімі —

Ёсць тут жорсткая праўда зямлі —

Пасталелыя нашы равесніцы

За старэйшымі хлопцамі йшлі.

Ім здавалася, быццам бы

Само сонца заззяла ярчэй…

Так, худыя, цыбатыя рыцары,

Мы гублялі сваіх Дульцыней.

Было ўдосталь адчаю і роспачы,

Безвыходнасці, болю, тугі.

I вянкоў тых ганебных, гарохавых

Нам хапала удосталь на ўсіх.

А яны? Ну, вядома, не макамі

Быў усланы заўсёды іх шлях…

Андрэй аслупянеў, заморгаў вачыма: гэты рэдактар, гэты раёншчык, гэты аграрнік, які наракае на недахоп філалагічнай адукацыі, чытаў яго даўні, пачатку студэнцкіх гадоў, верш, верш, які нават ён, аўтар, забыў, не помніў!!! Гэта быў нейкі цуд, нешта незразумелае, неспасцігальнае!… Хіба магло прысніцца, хіба мог даць веры, што нехта, нейкі студэнт-сельгаснік, вывучыць яго верш на памяць, будзе згадваць праз столькі год!..

Яго пачуцці не ўмяшчаліся ў душы, ледзьве стрымліваўся, каб не кінуцца абдымаць, цалаваць гэтага чалавека. Во такіх трэба ставіць рэдактарамі часопісаў і самых салідных газет! Але хто мог падумаць, ну хто ж мог падумаць!.. I цвёрдае рашэнне паварочваць аглоблі раптам здалося недарэчным, неразумным, вар’яцкім. Вяртацца ў тое асінае гняздо?! Не-е! Канечне ж, ён застаецца тут, застаецца з разумнымі людзьмі, застаецца, каб тварыць, падняць галаву, стаць на ногі, дамагчыся куды большага, чым шэранькі Саўчук, якога выдаюць ледзь не за нейкага генія…

Душа гарэла ад прыемнага, узвышанага ўзбуджэння. Ён быў задаволены сабою за рашучы і, безумоўна, правільны крок, выразней і выразней разумеў, што ў яго жыцці адбываецца зрух, круты паварот, за якім пачынаецца новая дарога, новая, сапраўдная старонка, напоўненая вялікім сэнсам…

На аўтавакзал рэдактар завёз на рэдакцыйнай машыне, хуценька ўладзіў з білетам. Развіталіся цёпла, амаль па-сяброўску, дамовіўшыся, што праз дзён дзесяць вяртаецца на пасаду адказнага сакратара…

Шафёр папрасіў заходзіць. Андрэй праз акно не спускаў вачэй з Анатоля Іванавіча. Прыязна ўсміхаліся адзін аднаму, памахваючы рукамі, і раптам кальнула, праняло нейкае балюча-журботнае прадчуванне, быццам яны развітваюцца назаўсёды…

Аўтобус імчаў ужо добрую гадзіну, а прыемнае ўзбуджэнне не аціхала. Даўно ён не быў такі задаволены сабою, прынятым рашэннем: сапраўдныя мужчыны ўмеюць зацугляць, узяць лёс у свае рукі, калі спатрэбіцца — рашуча і смела павярнуць руль, мужчынам не да твару плыць па цячэнню, па волі лёсу. Зараз ён адчуваў сябе сапраўдным мужчынам, і гордасць перапаўняла душу. Але, бадай, больш за ўсё цешыла, што ён нешта значыць, нешта паспеў зрабіць — яго творы жывуць, яго ведаюць… I яшчэ была вялікая, бязмежная ўдзячнасць Анатолю Іванавічу за добрыя словы, добрую ласку і больш за ўсё — за вернутую надзею, веру ў тое, у чым сам расчараваўся за гэтыя гады…

Але, па меры таго як аўтобус аддаляўся, узбуджэнне патроху праходзіла, уражанні бляклі, сталі мільгаць, даймаць іншыя думкі. Ён адганяў іх, на нейкі час гэта ўдавалася, аднак яны зноў і зноў выпаўзалі з глыбіні падсвядомасці, падмываючы тое, у чым не хацеў сумнявацца…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже