Яна апантана любіла школу і ўсё, што там адбывалася. Сядзела на ўсіх піянерскіх зборах і камсамольскіх сходах, на лекцыях і сустрэчах з «цікавымі людзьмі», без яе не пачыналіся спаборніцтвы і не адкрываліся фестывалі, не праходзілі «блакітныя агеньчыкі» ў сёмых класах і «клубы вясёлых і дасціпных» у дзесятых. У яе былі чатыры завучы, дзве старшыя піянерважатыя, пяць выкладчыкаў фізкультуры, якія павінны былі ўсім гэтым займацца — і займаліся, але яна лічыла, што без яе ўсё будзе не так, усё пойдзе прахам, сарвецца, не адбудзецца. Праўда, яна не дужа любіла прызнавацца ў гэтым нават сама сабе, куды зручней было думаць, што гібее яна ў школе ад раніцы да ночы толькі таму, што любіць усё гэта, жыве гэтым, што гэта ёй захапляюча цікава і дорага. А ўрэшце так яно сапраўды і было.
Тое, што яна рабіла ў школе, немагчыма нават пералічыць. Яна здабывала шкло і фарбу для рамонту, ганяла прыбіральшчыц, калі заўважала дзе-небудзь сляды пылу, і хлапчукоў, якія пакурвалі ў туалетах, вяла следства, калі што знікала ў класах або гардэробах, «выбівала» ў шэфаў грошы на афармленне кабінетаў і калідораў. Кожная труба, кожны радыятар, з якога пачынала капаць, разбітая плітка кафлі, перагарэлая лямпачка, кожная выбітая шыбіна і адарваная ручка патрабавалі яе асабістага ўмяшання. Вядома ж, за ўсім гэтым павінен быў сачыць заўхоз, але які дурань возьмецца за семдзесят рублёў у месяц? Браліся людзі выпадковыя, гультаяватыя, каму абы дзень да вечара адбыць, так што спадзявацца на іх Валянціна Іванаўна не магла.
Акрамя гэтай работы, якая сама па сабе патрабавала ад чалавека поўнага напружання ўсіх фізічных і душэўных сіл, яна яшчэ паспявала даваць шэсць урокаў у тыдзень. Як адміністратару ёй дазвалялася весці дванаццаць, але ў яе ніколі не хапала часу, і Валянціна Іванаўна брала толькі шэсць, хоць кожны месяц губляла на гэтым трыццаць-сорак рублёў зарплаты. Дык вось, свае ўрокі, абавязкова наведаць некалькі ўрокаў сваіх настаўнікаў і падрабязна разабраць іх. Сядзець на адкрытых уроках і прадметных секцыях. Праводзіць лінейкі, педсаветы, метадычныя нарады з маладымі спецыялістамі. Хадзіць разам з класнымі кіраўнікамі да бацькоў «цяжкіх» падлеткаў, ваяваць з гэтымі «цяжкімі» ў сваім кабінеце, гутарыць з бацькамі-п’яніцамі і маткамі-гулякамі, якія псуюць і разбэшчваюць сваіх дзяцей. Падтрымліваць сувязі з домакіраўніцтвам, з апорным пунктам міліцыі і вырашаць процьму іншых, важных, не вельмі важных і зусім няважных спраў. У дадатак яна была членам савета гарана і райана, дэпутатам райсавета, членам камісіі па справах непаўналетніх, членам добрага тузіна яшчэ нейкіх камісій; як чалааек дысцыплінаваны, яна сядзела на ўсіх нарадах, што гэтыя камісіі праводзілі, і нават выконвала розныя даручэнні, што ёй як члену гэтых камісій даваліся. Ці ж варта здзіўляцца, што на працягу дня яна вельмі часта не магла выкраіць і дзесяці хвілін, каб перакусіць у школьнай сталоўцы, і толькі позна ноччу, дацягнуўшыся дадому са страшэнным галаўным болем і спазмамі ў страўніку, успамінала, што сёння ў яе яшчэ макавай расінкі ў роце не было. «Рабы на плантацыях некалі працавалі менш, чым ты! — злосна крычаў ёй у твар Арсен Міхайлавіч.— Разумееш? Рабы! Ты нікому не давяраеш, ні на кога не спадзяешся, усё хочаш ухапіць сама, а гэта немагчыма. Ты — не дырэктар, ты — затычка, такіх дырэктараў трэба гнаць у тры шыі. I цябе выганяць, вось пабачыш, выганяць. Ты не закрыеш сабою ўсе амбразуры, надарвешся, але не закрыеш. Хоць бы ў цябе якая васьмікласніца зацяжарала, хоць бы цябе хутчэй звольнілі, ідыётку, можа, на некалькі гадоў болей пражыла б!»