Вялізныя палітычныя і сацыяльна-эканамічныя змены, пачатыя ў нашай краіне Кастрычніцкай рэвалюцыяй, эмансіпіравалі жанчыну. Яны ўраўнавалі жанчыну з мужчынам літаральна ва ўсіх галінах жыцця. А гэта ў сваю чаргу стварыла новы тып жанчыны: самастойнай, упэўненай у сабе і сваіх магчымасцях, эканамічна незалежнай. За нейкіх пяць-шэсць дзесяцігоддзяў у нас стала больш жанчын з вышэйшай адукацыяй, чым мужчын. Яны амаль поўнасцю выцяснілі мужчын са школ, бальніц, бухгалтэрый, многіх галін вытворчасці. Жанчына — міністр, сакратар абкома, дырэктар вялікага прадпрыемства, старшыня калгаса — усё гэта стала звычайным і нават трывіяльным.
Але ж адначасова эмансіпацыя сыграла з жанчынай кепскую штуку. Дала жанчыне ўсе правы, магчымасці і абавязкі мужчыны і не пазбавіла ад асноўных жаночых функцый: быць жонкай, маці, захавальніцай сямейнага агню. У дзелавой жанчыны, якая адчула асалоду самастойнай работы, улады. грошай, павагі таварышаў па працы, на ўсё гэта не засталося ні сілы, ні часу, ні нават жадання.
Працаваць з такімі жанчынамі — асалода, жыць — пакута.
Ці не тут хаваецца адзін з адказаў на пытанне, чаму ў нас нараджаецца з кожным годам усё меней дзяцей, а суды завалены заявамі аб разводах? Заявамі ад людзей, якія пражылі разам не месяц, не паўгода, а і дзесяць, і дваццаць год…
Валянціна Іванаўна Жураўская цягнула воз, з якім справіўся б далёка не кожны мужчына. Напрыклад, яна была абсалютна ўпэўнена, што яе муж, Арсен Міхайлавіч, не справіўся б. У ім і блізка не было той апантанасці работай. якой вымагае школа. Па сутнасці сваёй ён быў хутчэй сузіральнікам, чым дзеячам, а сузіральнікам добра быць, працуючы ў выдавецтве: узяў рукапіс і калупайся ў ім, пакуль не надакучыць. Яе ж работа патрабавала дзейнасці. I яе абурала, не магло не абураць, што, працуючы многа больш за мужа і зарабляючы ў два разы больш за яго, яна яшчэ была вымушана цягнуць на сваіх плячах сям’ю, дом. Ва ўсякім выпадку, ад яе чакалі і патрабавалі гэтага. Яе мужа зусім не радавалі поспехі дырэктара школы Жураўскай. Груба кажучы, яму было напляваць на гэтыя яе поспехі, на яе пасаду і на яе зарплату, на любоў вучняў і павагу іх бацькоў. Ён хацеў, каб яна жыла для яго і іх сына Андрэя; пры сварках Арсен заўсёды гаварыў Валянціне Іванаўне, што ён, жанаты чалавек, не мае жонкі, гаспадыні, сябра, а Андрэй не мае маці, і яна адчувала, як многа горкай праўды ў гэтых яго словах, але жыць інакш не магла і не жадала. Яна з апошніх сіл імкнулася рабіць амаль усё, што робяць менш занятыя жанчыны: уставала на досвітку і смажыла катлеты, каб накарміць сваіх абібокаў; раз у тыдзень, замест таго каб пачытаць кнігу і адпачыць, мыла падлогу і сяк-так прыбірала ў кватэры; у сына і ў Арсена заўсёды былі чыстыя кашулі і бялізна — чаго ж яшчэ ад яе патрабаваць? Каб яна ўсё гэта рабіла з любоўю, з душой? А дзе набрацца гэтай самай душы? Яна ж не безразмерная, як сучасныя шкарпэткі. У школе яе кабінет прыбірала тэхнічка, яна ж прышывала Валянціне Іванаўне гузікі і вешалкі, у школе яна была дырэктарам — чаму ж дома яна павінна адчуваць сябе парабчанкай?
Так, яна не любіла свой дом, як не любіла цяжарных настаўніц, як не любіла ўсё, што замінае рабоце. А мужа і сына любіла. Любіла нейкай хваравітай, нервовай любоўю. Яны патрэбны былі ёй. Сваім існаваннем яны сцвярджалі перад іншымі людзьмі, што ў яе ўсё нармальна, усё як мае быць.