Валянціна Іванаўна плакала ад прыкрай абразы, уткнуўшыся тварам у падушку, а ноччу ёй снілася, што зацяжаралі ўсе дзяўчынкі ў 8 «А», што ўсе яны раптам прыйшлі на ўрокі з вялізнымі жыватамі, і яна прачыналася ад жаху, уся ў халодным поце, і піла на кухні валяр’янку, каб неяк суняць шалёны стук сэрца. Так, Арсен ведаў, куды ўдарыць, і біў балюча. Каб звольніць гультайку-тэхнічку, ёй трэба абвясціць тры вымовы ў загадзе, прасачыць, каб усе яны былі абгрунтаваныя, папрасіць пасля гэтага згоду мясцкома на звальненне, а потым часам яшчэ даказваць сваю правату на судзе, у райана, у райкоме партыі,— хто толькі не абараняе ў нас правы працоўнага чалавека! А сама яна, дырэктар, працуючы, як чорны вол, ужо дванаццаць год, аддаючы рабоце не толькі свой час, але сваё сэрца, здароўе, жыццё, была зусім бяспраўная, амаль як той раб на плантацыі, хіба што яе нельга было беспакарана прадаць ці забіць. 3 пасады ж яе маглі звольніць у любы момант, не зважаючы ні на аўтарытэт, якім яна карысталася сярод бацькоў, ні на любоў вучняў, ні на першыя месцы, якія школа займала па самых розных паказчыках, ні на падзякі і ўзнагароды, якімі яна адзначалася раней, і ніякі суд не ўзяўся б яе абараніць. Дырэктараў школ выганялі за тое, што ў іх дзевяцікласніцы, здаралася, рабілі аборты, дзесяцікласнікі рабавалі кіёскі, пяцікласнікі тапіліся ў час паходаў або траплялі пад машыны, за тое, што ў лютыя маразы палопаліся трубы паравога ацяплення і школу давялося зачыняць на цэлы тыдзень; за тое, што пасля выпускнога вечара, дзесьці на кватэры, хлопцы наладзілі п’янку і ўсім гуртам трапілі ў міліцыю… Дырэктар мог быць у адпачынку або нават ляжаць у бальніцы, але, калі ў школе ў гэты час здаралася нешта экстраардынарнае, яго, дачакаўшыся з адпачынку ці з бальніцы, звальнялі з работы — самы просты і самы радыкальны спосаб вырашэння ўсіх складаных педагагічных праблем.
Дзве з паловай тысячы вучняў. Армейскі полк, але без вайсковай дысцыпліны і субардынацыі, без вайсковага забеспячэння і вайсковай тэхнікі, без надзейнага механізма, які ўтрымлівае ў падначаленні людзей. Голы энтузіязм, адзіны сродак уздзеяння — слова, якое дэвальвавалася да такога стану, што на яго ніхто не звяртае ўвагі. Ад раніцы да ночы школа кіпіць, як кацёл, пад які не шкадуючы падкладаюць дровы. Дзверы за дзень адчыняюцца і зачыняюцца дзесяткі тысяч разоў. Рып-рып, рып-рып… Жалезныя ручкі вытрымліваюць тыдзень і ломяцца. Магутныя завесы адвальваюцца праз месяц. Дзверы ўпалі — ледзь не забілі хлопчыка. «Хуткая дапамога» адвезла ў бальніцу абаіх: хлопчыка са страсеннем мазгоў і Валянціну Іванаўну з цяжкім сардэчным прыступам. Не таму, што, калі б загінула дзіця, яе тут жа выключылі б з партыі і выгналі з работы, яна нават не падумала пра гэта. Проста дзіця магло загінуць, і яна адчувала б сябе вінаватай у гэтай смерці,— вось што рванула сэрца так, што пацямнела ў вачах і зямля паплыла пад нагамі. Вінаватая ў смерці… На шчасце, хлопчык паправіўся. Хутчэй чым сама дырэктар. Абышлося строгай вымовай з занясеннем у асабовую справу. Як быццам гэта яна вырабляла тыя праклятыя завесы! Як быццам гэта яна напхала ў школу ад ненажэрнай прагнасці сваёй столькі дзяцей, што не вытрымлівае жалеза і сціраецца бетон прыступак.