Раптам яе быццам у плечы хто штурхнуў, яна ўсхапілася і пачала прабівацца да выхаду, бесцырымонна расштурхоўваючы людзей, што набіліся на заднюю пляцоўку. Яна не ведала, які гэта прыпынак, але падсвядома адчувала, што павінна тут выйсці, абавязкова тут, і выскачыла Ў апошні момант, калі шафёр ужо зачыняў дзверы. Нейкую хвіліну яна стаяла на асфальце і не магла зразумець, дзе знаходзіцда, потым здагадалася — на Юбілейнай плошчы, і зразумела, якая сіла выштурхнула яе з перапоўненага аўтобуса менавіта тут. Круглы гадзіннік на рагу магазіна «Тэхніка ў побыце» паказваў пяць пятнаццаць. Яе дарога на Галгофу свайго кахання яшчэ не скончылася, не, ёй яшчэ трэба было прайсці колькі крокаў, знайсці вуліцу Дзімітрава і там або памерці, або знайсці ў сабе сілы пакончыць з усім гэтым, ачысціцца ад гэтай навалачы і пачаць новае, якое яно ўжо там будзе, жыццё.
Валянціне Іванаўне апантана захацелася на свае вочы ўбачыць, як гэта будзе. Разам яны пойдуць па той вуліцы ў дом нумар адзінаццаць ці паасобку? Пэўна ж, паасобку, не хопіць у іх нахабства, каб ісці разам, пабраўшыся за рукі. Закаханыя маладзёны… Гэта ж як на крадзёж. Трэба ж нейкае сумленне мець. Хаця адкуль яно ў іх, сумленне? Каб у іх была хоць кропля таго, што людзі называюць сумленнем, не было б нічога гэтага, ніколі не было б.