— Маўчы, смаркач! — Лідзія Трахімаўна ўскінула галаву, яна быццам вышэйшая ростам зрабілася.— Ты не ведаеш гэтых дзетдомаўскіх прастытутак, а я іх ведаю! Я не дазволю ёй зламаць тваё жыццё!
Валянціна адштурхнула Арсена і выйшла ў калідор. Схапіла з вешалкі сваё паліто, асцярожна, як сляпая, спусцілася з высокага ганка. Там, у хаце, нешта крычаў Арсен, нешта крычала Лідзія Трахімаўна, але да яе гэта ўжо не мела ніякага дачынення. Яна бегла па цьмяна асветленай вуліцы да пераезда і ніяк не магла патрапіць рукамі ў рукавы паліто. Пуста было і лёгка — ні злосці, ні крыўды, нават плакаць не хацелася. Адно дабегчы да станцыі, убіцца на які цягнік, хоць на таварняк.
Арсен дагнаў яе ўжо аж каля вышкі з пражэктарамі. Моўчкі ішоў ззаду. Пад яго падэшвамі рыпелі каменьчыкі.
Каля другога пераезда, дзе было светла ад ліхтароў, ён узяў Валянціну за руку.
— Пачакай. Астудзіся трошкі. Усё роўна да раніцы цягніка няма.
— Пайду пешшу.— Яна вырвала руку.
— Як? — не зразумеў ён.
— Па шпалах.
Арсен змучана засмяяўся.
— Ваўкі з’ядуць. Ведаеш, колькі ў лясах каля Мірадзіна ваўкоў?! Пачакай. Я не заву цябе назад. Пройдзе нейкі час, і вы памірыцеся.— Валянціна адмоўна пахітала галавой.— Памірыцеся, памірыцеся — яна ўжо сама шкадуе, што нагаварыла столькі глупстваў…
Валянціна не адказала. За будкай дзяжурнай па пераезду віднеўся калодзеж, яна адчула, што памірае ад смагі, і пайшла туды. Зняла з цвіка пакамечанае вядро, навязанае на слізкую вяроўку, у ім было трохі вады. Нахіліла — халодная вада лінула ёй у твар, пацякла па целе. Піла нагбом і не магла напіцца, не магла заліць агонь, што выпальваў ёй вантробы. Дрыжалі рукі, вада лілася за каўнер сукенкі, якую яна пашыла да гэтай паездкі, да вяселля, і на паліто, і на ногі — чыстая, жывая, ледзяная… Яна быццам змывала з Валянціны ўвесь бруд, у які яе выкачала Лідзія Трахімаўна сваімі словамі, змывала і не магла змыць.
Цяпер можна было плакаць — усё роўна твар мокры, хто здагадаецца, слёзы гэта ці проста вада…
Арсен забраў у яе вядро, пачапіў на цвік.
— Хопіць. Прастудзішся.
Выцер сваёй хустачкай ёй твар, сукенку, зашпіліў паліто. I яны пайшлі на станцыю.
На вакзале было пуста, толькі каля закрытай касы некалькі чалавек з клумкамі чакалі позняга цягніка на Жлобін. На Арсена і Валянціну ніхто не звяртаў увагі. Яны прайшлі ў залу чакання, селі ў кутку на лаўку з высокай нязручнай спінкай, і Валянціна як бы ў нейкую бездань правалілася. I нічога ў той бездані не было — ні Арсена, які пяшчотна сціскаў яе рукі, ні яго раз’юшанай маці, ні чужога незнаёмага горада — яна так і не паспела яго ўбачыць, пахадзіць па яго вуліцах,— нічога, акрамя невыноснай гарачыні. Валянціне здавалася, што яе звязалі і кінулі ў вогнішча, у зыркае полымя, і яна не магла паварушыць ні рукой, ні нагой, каб хоць адсунуцца, адпаўзці ўбок. Вось ужо задымілася — зараз успыхне! — сукенка, вось загарэліся валасы і пякучы боль працяў усё цела. «Хоць бы хутчэй памерці,— падумала яна,— хоць бы хутчэй…»
Ачуняла ўжо ў цягніку, аж за Рудзенскам. Прыціснулася гарачай шчакой да халоднага чорнага шкла. Адразу стала лягчэй. У Мінску на трамваі даехала да інтэрната.
Два дні пластом праляжала на сваім ложку. Дзяўчаты перапалохаліся, хацелі выклікаць урача — не дазволіла, Потым пайшла на заняткі. А яшчэ праз тыдзень з букетам бэзу, урачысты, адпрасаваны, па яе прыехаў Арсен.
— Урэшце нам не з маткай жыць,— сказаў ён.— Калі ты мяне сапраўды кахаеш, паехалі ў загс. Нам прызначана на сёння. Ну, а калі не…
Яна кахала. Сапраўды. I ведала, што ён таксама кахае яе. А Лідзія Трахімаўна… Што ж, жыццё пакажа…
Так яны сталі мужам і жонкай. Арсен зняў на Саламянай вуліцы, непадалёк ад педвучылішча, маленькі, метраў на шэсць, пакойчык з нікеліраваным ложкам, тумбачкай і дзвюма табурэткамі,— пры ўсім жаданні туды больш нічога нельга было ўвапхнуць, ды ім больш нічога і не патрэбна было. Там меркавалася і сабраць некалькі яго таварышаў і яе сябровак, каб адзначыць гэту падзею. Але ўсё адбылося інакш: вяселле Валянціне наладзілі пасудамыйкі, афіцыянткі, кухаркі, усе, на чыіх вачах яна тры з паловай гады зарабляла сабе магчымасць вучыцца, хто палюбіў яе за сціпласць і працавітасць. У банкетнай зале накрылі такі стол, што бедныя студэнты, яго і яе сябры, якіх Аксана Фёдараўна загадала ім прывесці, аж аслупянелі, ды і самі маладыя таксама.
На тым вяселлі Валянціне падарылі ўсё, што трэба, калі пачынаеш самастойнае жыццё: пасцельную бялізну і капу, засцілаць ложак, лыжкі і відэльцы, талеркі і кубкі, каструлі, мясарубку і процьму іншых рэчаў, аб існаванні якіх яна нават не здагадвалася. Позна ноччу, калі ўсе разышліся, студэнты, сябры Арсена, ледзь завалаклі Валін «пасаг» да іх на кватэру.