Валянціна ненавідзела гэтыя кубкі да дрыжыкаў і з дазволу гаспадыні прыносіла свой, фаянсавы. Кубкі, як і шмат што іншае, дасталіся Яніне Францаўне ў спадчыну яшчэ ад прабабкі, было ім ужо амаль сто год, старая з гонарам сказала пра гэта ў першы ж вечар, калі яны зайшлі да яе. Валянціна не тое што ў рукі ўзяць — дыхаць баялася на тоненькі, амаль празрысты, фарфор, якому месца было хіба што ў музеі. Кубкі, сподачкі, ваза былі ўпрыгожаны саладжавымі малюнкамі пастушкоў і пастушак, якія пасвілі на квітнеючым лузе авечак. Каб яна, крый божа, незнарок разбіла хоць адзін, Яніна Францаўна, відаць, адразу ж выгнала б іх на вуліцу.
Валянціна доўга не магла зразумець, чаму ж яна ставіць свой бясцэнны скарб на стол, чаму дастае яго з-за шкла гэткага ж стогадовага музейнага буфета, упрыгожанага выразанымі з дрэва купідонамі і гронкамі вінаграду? А потым здагадалася: гэта пыха, ненатольная пыха! Ёй мала — мець, трэба яшчэ і пахваліцца, і выклікаць зайздрасць, вось тады толькі можна адчуць ад рэчы сапраўдную асалоду. I Валянціна рабіла выгляд, што сапраўды любуецда гэтымі кубачкамі, ахкала і вохкала над імі і разглядала ружаваты фарфор на святло, у той час як ёй хацелася бразнуць яго аб падлогу. «Што гэта? — з роспаччу думала яна.— Прайшла такая жахлівая вайна, столькі гарадоў і вёсак знішчана, разбурана, за нейкія два кварталы адсюль, ад гэтай вулачкі, усё яшчэ ляжаць чорныя, страшныя руіны, сотні тысяч людзей страцілі ўсё, што мелі, нават жыццё, а ў гэтым доме захавалі стогадовыя чарапкі, і ганарацца імі, і дрыжаць над імі, як быццам гэта самая каштоўная рэч на свеце. Не, лепш ужо ўсё жыццё карыстацца капеечнымі шклянкамі…»
Затое як жа шчыра захапляўся ўсім гэтым Арсен! Вось у кім Яніна Францаўна знайшла родную душу! Яму ўсё падабалася: і музейны сервіз, і крыштальная люстра, што вісела над круглым сталом на бронзавых ланцугах, і блакітны дыван з пунсовымі ружамі на ўсю сцяну, і вялізны гадзіннік у кутку, з бліскучымі вагамі і залацістым цыферблатам — працяглае меладычнае бомканне яго доўга не давала Валянціне спаць, і цяжкія, цёмныя ад старасці срэбраныя нажы, лыжкі і відэльцы… Ён любіў усе гэтыя рэчы, быццам яны былі жывыя. «Нічога,— шаптаў ёй Арсен, калі яны вярталіся ў свой пакойчык,— пацярпі. Некалі і ў нас будзе не горш, вось пабачыш!»
А ёй не патрэбна бьшо ўсё гэта, ёй нічога не трэба было, апрача школы і яго кахання, але ён, відаць, так і не здолеў гэтага зразумець.
Ці не тады нарадзілася ў яе абыякавасць да рэчаў, нават да самых дарагіх, і не ў спадчыну атрыманых, а купленых за ўласныя, цяжкай працай заробленыя грошы? А можа, яшчэ раней, у дзіцячым доме, дзе ніхто не меў нічога свайго, дзе ўсё было агульнае, дзе ўсё было бясплатнае, дзе ўсе ведалі, што праз год дадуць новае, дык чаго над ім калаціцца, чаго яго берагчы… Абыякавасць да рэчаў, да мяшчанскай утульнасці і вылізанаеці, да тых уяўных каштоўнасцей, якімі Арсен паступова пачаў усё больш і больш даражыць…
«Ах, Арсен, Арсен, маё жыццё, мая Галгофа, мой цяжкі і горкі крыж...»
4
Людзі заходзілі ў аўтобус на прыпынках і выходзілі, а Валянціна Іванаўна сядзела ў сваім кутку, заціснутая нейкім мажным дзядзькам з тоўстым партфелем, і думкі яе блукалі далёка адсюль, у іншай прасторы і ў іншым часе. Там яна дыхала гарачай парай над цынкавымі ночвамі з брудным посудам — талеркі асобна, талерачкі асобна, бакалы і чаркі, відэльцы і нажы — усё асобна, а рукі распухлі і сталі чырвоныя, як кавалкі сырога мяса; бедныя вы мае ручанькі, рыдлёўку вам трымаць, а не мужыкоў лашчыць! Ужо цяжарная Андрэем, з зямлістымі плямамі на твары, здавала ў педінстытуце экзамен па педагогіцы, і ён, нягоднік, біў яе ножкай у жывот так моцна, што яна ледзь не губляла прытомнасць — на шчасце, выкладчык заўважыў, што ёй зусім кепска, і адпусціў, не даслухаўшы адказу на другое пытанне, а то, пэўна, давялося б выклікаць «хуткую дапамогу». У вялізным натоўпе, не на сваім, а на яго выпускным вечары, спявала «Салаўя» Аляб’ева і бачыла блізка-блізка перад сабою радасныя, шчаслівыя вочы Арсена — чорныя, глыбокія, як калодзеж, з жаўтаватымі кропелькамі вакол зрэнкаў. Якая пакутлівая асалода — правальвацца ў бездань гэтых вачэй і ляцець, ляцець і адчуваць, што зямное прыцягненне больш не мае над табой улады, нішто не мае над табой улады, акрамя гэтых пяшчотных шчаслівых вачэй.
Салавей мой, салавей… Бязглуздая сарока-тараторка, вось што ты такое…