Алекса ўжо ведаў, што такое насвой — адна шчопця прымусіла яго пахіснуцца, легчы на цёплую сцяжыну і хвіліну-другую ляжаць, адчуваючы, як адчайна кружыцца галава. Але людзі навокал, відаць, прывыклі да насвою — яго смакталі і клалі пад язык сівыя старцы і нават жанчыны — бачыў ён у доме Атаджана жанчыну, што нагадвала зморшчаны яблык. Ад старасці яна ўжо не насіла на галаве цёмны покрыў і таму хадзіла па доме свабодна, прыбіраючы ў пакоях і трымаючыся з асаблівым гонарам, бо некалі няньчыла бацьку Атаджана, а пасля і самога гаспадара. Яна таксама жавала насвой і прапанавала такі ж наскавок Алексу, але ён спалохана адмовіўся. Цяпер жа, раніцай, лежачы на прахалоднай яшчэ зямлі і адчуваючы, як марозам па скуры прадзірае яго хваляванне, ён думаў, што сягоння ніякі насявой не закружыў бы яму галаву, а можа, трохі супакоіў бы.
Невялікія бойкія птушкі з чорнымі крыльцамі распявалі свае вясёлыя песні, скачучы па агароджы, і хлопец пазайздросціў ім — ускочыць бы, зірнуць, што там, у садзе! Але гліняны дувал быў шчыльным і непадступным, а адзіны выхад быў праз двор, дзе сядзеў нехта з нявольнікаў купца. Прайсці там было немагчыма — на ноч дзверы, падбітыя жалезам, зачыняліся, і па баках гарэла мноства свяцільнікаў. Дый нават калі прабрацца ў пакоі, дзе там шукаць Бярозу? Нігмат, відаць, меў рацыю — толькі тут, у садзе, яна будзе пад наглядам адной-дзвюх служанак, а з імі, жанчынамі, яны справяцца.
Грукнулі дзверы, і ў садзе пачуліся нягучныя жаночыя галасы. Нігмат, прыгнуўшыся, папоўз да дувала, як кошка, лоўка ўскараскаўся на яго ў тым адзіным месцы, дзе малады, ужо зялёны клён мог захіліць нечаканага госця галінамі. Алекса назіраў за ім са здзіўленнем: гнуткая постаць маладога мусульманіна мільганула ў лістоце і знікла, нібы растварыўшыся ў ёй, галінкі былі здрыгануліся, але тут жа ўсё стала такім, як хвіліну назад. Толькі цяпер ён успомніў — на сябру была светла-зялёная кашуля — такая ж, як лісце дуба. Нігмат, відаць, ляжаў на дувале і назіраў. Яшчэ раз пачуўся жаночы смех — і з лістоты высунулася рука Нігмата, павабіла іх, але жэст быў перасцерагальны, і яны з чарнаскурым нявольнікам паволі папаўзлі да сцяны і гэтак жа лоўка ўскараскаліся па ёй. Два канцы вяроўкі ўжо былі спушчаны ўніз, і Алекса зноў здзівіўся — не бачыў ён ніякай вяроўкі ў Нігмата, нічога, здаецца, не было ў таго, апроч вострага нажа з тонкім лязом, схаванага ў скураны футлярчык, упрыгожаны вышыўкай і роспісам — самаркандзец любоўна насіў яго з сабой, — ды мяча ў похвах на баку. Такі ж меч быў і ў яго, разам куплялі іх у лаўцы каля мячэці.
Ускараскаўшыся на дувал, ён убачыў дзвюх жанчын. Адна з іх, тоўстая, мажная, накрывала невялічкі столік чырвона-карычневым абрусам, другая, у доўгай зялёнай сукенцы і чырвонай аксамітавай безрукаўцы, у шапачцы з белым пукам пер’я, стаяла да іх спіной. Нігмат нешта прашаптаў Юсуфу, той саслізнуў з дувала і пачаў падкрадацца да служанкі — таўсташчокі твар яе з насурмленымі чорнымі брывамі быў заспаным, яна пазяхала, шырока адкрываючы рот. Сам Нігмат гэткім жа нячутным крокам падыходзіў да танклявай жанчыны, і ў Алексы як абарвалася сэрца — няўжо гэта сапраўды Бяроза?
Чарнаскуры нявольнік, відаць, выдатна ведаў, што робіць: служанка не паспела вохнуць, як рот яе быў шчыльна забіты кляпам. Жанчына ў зялёным таксама не паспела крыкнуць: Нігмат пагражальна шапнуў колькі слоў, і яна застыла на месцы, павярнуўшыся да дувала.
Тое кароткае імгненне, калі Алекса набліжаўся да Бярозы, ён перажыў як у страшным сне: незнаёмы твар з ненатуральнымі чорнымі брывамі, пад чырвонай пляскатай шапачкай, нема глядзеў на яго шырока раскрытымі вачыма, якія таксама падаліся яму чорнымі. Ён ужо стаяў, углядаючыся ў яе, як раптам твар гэты змяніўся, і знаёмыя, пасвятлелыя ўраз ад невыказнага здзіўлення вочы засвяціліся.
— Гэта… ты?!
Крык вырваўся з яе грудзей нечакана, і голас канчаткова вярнуў знаёмае аблічча: чорныя, намаляваныя да пераносіцы бровы, начорненыя вейкі ўжо не перашкаджалі яму. І ён сказаў проста, хаця крык таксама рваўся з яго грудзей:
— Гэта я. За табой.
Яна спачатку як бы не пачула: вочы прагна аббягалі ягоны твар, постаць, упіваліся ў яго вочы, а рукі міжволі цягнуліся наперад, і ён заўважыў, не гледзячы на яе далоні, што яны, як у тутэйшых жанчын, бура-карычняватыя, фарбаваныя нейкай расліннай фарбай, ад якой — ён таксама няўцямна заўважыў гэта і пасля аднавіў у памяці больш выразна парыжэлі і яе бялявыя валасы, заплеценыя у тонкія коскі, што струменіліся па аксамітавым кабаце.
— Няма часу, — коратка і хрыпла сказаў Нігмат — Бяжым!
Яна перавяла вочы на Нігмата, пасля зноў на яго, Алёксу, і ён паўтарыў, нібы пераклаў:
— Я за табой. Бяжым. Дадому. Дадому!
Тады яна працяжна перапытала:
— Дадому?
— Ну так, дадому, у Полацак! Да маці! — ён гаварыў і бачыў, што вочы яе нібы цьмянелі, нешта прачыналася ў іх — не то здзіўленне, не то адчай.