…Відаць, не хапіла б старому Нармураду сабраных ім яшчэ ў горным кішлаку грошай, каб час ад часу, пакуль сядзеў ён у доміку абмывальшчыцы нябожчыкаў, не прыходзілі да яго жыхары кішлака з просьбай паглядзець хворага. Прыходзіў аднойчы і памочнік мясцовага кадзі-суддзі, меўся ўзяць хабар, пагражаючы, што данясе ён каму трэба аб тым, што трымаюць у хаце невядомых людзей. Але Нармурад, які ўпэўніўся, што не шукаюць як быццам бялявага юнака ахоўнікі закону, накрычаў на памочніка кадзі, пагражаючы, што ён звернецца да славутага спевака Бухары — Ісхака, чые песні падабаюцца высакародным, і тады не здабраваць і самому кадзі за тое, што ўмешваецца не ў свае справы. Мабыць, лісліва-злавесны памочнік нядрэнна ведаў людзей, бо болей ніхто не турбаваў Нармурада і сям’ю абмывальшчыкаў, а можа, і сапраўды паверыў, што мае праезджы лекар моцную падтрымку ў Бухары.
Часам, гледзячы на бездапаможнае цела юнака, слухаючы, як трызніць ён, у гарачцы гаворыць і гаворыць нешта на незразумелай мове, дзівіўся з сябе самога стары Нармурад: навошта важдаецца з незнаёмым чалавекам, навошта выхаджвае яго як роднага? Не таму ж, каб займець вучня, як марыў некалі? Так, хацеў ён пакінуць пасля сябе тое, што набыў і вопытам і дапытлівасцю, шукаў сярод маладых людзей і хлопчыкаў цікаўны позірк і душу, якая б шкадавала людзей. І знаходзіў. Чатырох вучняў вывеў ён у лекары за сваё доўгае жыццё. Аддаваў ім і душу, і свой час, і ўменне. Але трое з іх, авалодаўшы навукай лячэння, атлусцелі і дбалі толькі пра грошы і дабрабыт, выціскаючы з беднякоў апошняе. Чацвёрты ж, бачачы вакол сябе гэтулькі гора і няшчасцяў, не вытрымаў, душа яго сарвалася з прывязі і пачала блукаць між тым і гэтым светам. Так, ён гаварыў, што на яго ўпаў цень казачнай птушкі Хумай, а, як усім вядома, той, на каго ўпаў яе цень, робіцца царом. Яшчэ гаварыў ён, што падчас вандровак душа яго зазірае ў чароўную чашу Джамшыда, у якой адлюстроўваецца ўсё, што робіцца на зямлі. Людзі шкадавалі яго і баяліся, таму што не раз прадказваў ён тое, што збывалася пасля. Жыў ён непадалёк ад Нармурада, але лячыць ужо не мог, толькі прыходзіў да яго і гадзінамі моўчкі сядзеў, гледзячы вакол сябе туманнымі вачыма. Шкадаваў яго лекар, моцна шкадаваў — але на ўсё воля Ахурамазды, толькі яго!
У сёлетніх жа хлопчыках не бачыў стары Нармурад апантанасці і захаплення. З гадамі ён стаў асабліва чуйна адгукацца на спакутаванасць душы. Стараўся сцішыць, як мог, боль, які бачыў і чытаў у вачах чалавека ці жывёлы. Сам ён пражыў доўгае жыццё і ведаў, што там, дзе няма болю за другога, спагады, там няма сапраўднай чалавечнасці. А як тады нахіляцца над гнойнай і смярдзючай ранай ці корпацца ў аслізлых вантробах? Ён шкадаваў тых, каму вяртаў жыццё. Часам нават думаў — ці не лепей бедалагу застацца там, у вечнасці, навошта вяртацца на зямлю, па новыя пакуты? Ох, як многа іх у чалавека — пакут і болю, нібы і сапраўды пасланы сюды чалавек на іспыты — ці вынесе гэтулькі? Ён сам стаміўся і ад жыцця, і ад людскіх нягод, але недзе, як вугельчык, тлела надзея ўсё-ткі знайсці і вырасціць вучня, каб пакінуць пасля сябе на зямлі чалавека, які б пераўзышоў яго ўменнем і ведамі. Пакутліва перажываў ён, што пасля яго не застанецца нікога — ні дзіцяці, ні колькі-небудзь велічнай справы. Воіны пакідаюць пасля сябе зруйнаваныя гарады ці груду чарапоў. Цары запісваюць свае дзеі на каменных слупах і плітах. Бывае, прыходзяць на зямлю людзі, якіх пры нараджэнні адарылі багі ці дэманы веданнем людскіх таямніц і здольнасцю спасцігаць самае патаемнае… А што рабіць простым, зусім простым людзям, тым, чый розум нагадвае цьмяны свяцільнік у параўнанні з сонечным ззяннем адораных богам? Адзінае — і паміраючы верыць, што недарэмна пражыў сваё, што прыйшоў сюды, каб палепшыць у нечым жыццё і паслужыць хаця б гноем, зямлёй, глінай на якой узыдзе іншае насенне…
Можа, ад таго, што ў апошні час гэтыя думкі адольвалі яго ўсё болей і болей, і спыніўся ён каля паміраючага Алексы?
Адпалала лета з яго невыносна доўгімі спякотнымі днямі, з саратанам, які высмоктваў з зямлі жыццёвыя сокі, насычаючы яе соллю горычы і бясплоддзя.
Алекса ўжо хадзіў, і сілы вярнуліся да яго настолькі, што ён мог ехаць у далёкае, доўгае падарожжа. Праўда, бок і рука ўсё яшчэ паджывалі, раны яшчэ балелі і левая рука амаль не рухалася — відаць, жылы і мышцы на ёй засталіся перакручанымі. Трохі дапамагаў масаж, які Нармурад рабіў сам, у душы кленучы сябе за тое, што не асмеліўся аперыраваць параненую руку і сшыць як след яе сасуды. Таму ён без стомы масіраваў пругкае маладое цела чужаземца і нават прымяніў адзін са спосабаў, якім вучыў яго некалі самы стары жыхар кішлака, гаворачы, што паказаў людзям той спосаб сам Харут. Нармурад запальваў пучкі горнага палыну, якія заўсёды насіў з сабой, і прыпякаў хвораму кропкі, вядомыя тым, што ўздзеянне на іх ажыўляе жыццёвую сілу чалавека.
Штодзённа ён паіў яго таксама адварам розных траў цім’яну, сатару, для чаго хадзіў сам збіраць іх, бо ведаў час і стаянне месяца, і замовы, з якімі бяруць траву.