Удвух яны паспешліва адсунулі магутную засаўку, і нявольнік, непрыкметна прыкрываючы сабой Алексу, каб не было відаць ран, выслізнуў разам з ім за вароты, у цемру, што пахла маладой травой, цвітучым міндалём і гаркотай начнога вогнішча, якое гарэла і трапятала на гарызонце, як чырвоная хустка.
Больш нічога не было відаць вакол. Цемра прыняла іх і гатова была растварыць у сваіх неаглядных прасторах. А можа, так толькі падалося Алексу? Ноч тут кароткая, а бязлітасны дзень пакажа, што занадта цесныя для ўцекача гэтыя прасторы з іх старанна абробленымі і агромністай працай узнятымі палеткамі. І куды, у якія вароты вялікай Бухары яны выйшлі?
Ён адчуў, што кроў зноў намачыла павязкі. Слабасць усё болей авалодвала ім, слабасць і раўнадушша да ўсяго на свеце. Ногі спатыкаліся ў цёплым пыле, аднаго разу ён ледзь не паляцеў, зачапіўшыся аб камень. Ён ужо не ішоў, а валокся за нявольнікам, а той прыспешваў хаду, нібы і сам імкнуўся ўцячы прэч ад горада, яго сцярожкіх вежаў, нібы баяўся, што вось-вось раздасца крык і іх наноў вернуць да гаспадара.
Яны ішлі доўга. Але калі сышлі ўбок, Алекса зняможана апусціўся ля дарогі. Тады нявольнік вярнуўся. Хвіліну пастаяў над Алексам, а потым раптоўным рэзкім рухам сарваў з яго плашч, жорсткія, лоўкія рукі яго абшукалі спадарожніка, знайшлі на ім мяшэчак з грашыма, дадзены Бадзіёй. Нявольнік ірвануў мяшэчак, Алекса адказаў прыдушаным, звярыным стогнам болю і згубіў прытомнасць. Ён ужо не чуў, як нявольнік дзелавіта зняў з яго боты, падумаў імгненне, пасля піхнуў яго абыякавае да ўсяго цела з абочыны ў прыдарожную канаву і таропка пайшоў па дарозе наперад, раз-пораз з нецярпеннем кратаючы нявольніцкі абруч на шыі і любоўна гладзячы на баку два вышытыя мяшэчкі, дзе ледзь чутна звінелі серабро і медзь. Але яшчэ больш любоўна гладзіў ён скрутак пергаменту з адпушчальнай: яна рабіла яго вольным і за яе ён згадзіўся дапамагчы жонцы купца ў небяспечнай справе!
…Ноч кідалася на Алексу гарачай разяўленай пашчай вялікага паласатага звера з магутнай шыяй і шоўкавай поўсцю, якога яны некалі бачылі ў пустыні, ахінала яго полымем вогнішча, якое раздзьмуваў бясконцы мёртвы вецер, што ўжо аднёс у невядомую, чорную бездань твары Нігмата, Бярозы, Юсуфа, дні і ночы, спапялёныя пустыняй, сінюю плынь Дзвіны… Алекса ведаў — вецер, што наслаў на яго морак, хоча, каб ён стаў чорнай жменькай попелу, якую так лёгка рассыпаць над цвёрдай сухой зямлёй… І ён не жахаўся, не рваўся прэч — ён падстаўляў сваё цела злой, гарачай сіле д’ябальскага вогнішча, цьмяна прагнучы забыцця і збавення…
У тое імгненне, калі і сапраўды падхапіла яго і панесла цёмная прорва вялізнага шляху, у самым канцы якога — ён чамусьці ведаў гэта — чакае лёгкасць і свабода, нешта халоднае абрынулася на яго гаючае, зямное. Але ён ірваўся туды, па шляху небыцця, і сіла, якая пацягнула яго назад, была такой пакутлівай і непатрэбнай, што ён застагнаў і забіўся, імкнучыся ўцячы — туды, дзе збавенне! Але нехта тармасіў яго, крычаў на вуха незразумелыя словы — і Алекса расплюшчыў вочы.
Святло асляпіла яго, ударыла, ён паспеў толькі выхапіць зрокам сівабароды твар, незнаёмыя дапытлівыя вочы, слаба забіўся ў бездапаможным плачы:
— Пакіньце мяне, мне было так добра! Што вам трэба? Што каму на гэтай зямлі ад мяне трэба? Я нікому не вінны, нікому, чуеце?
Здавалася — ён крычыць тыя словы на ўвесь свет.
А той, хто стаяў над ім, бачыў толькі, як тузаецца бездапаможнае цела і слаба, нібы з-пад зямлі, шэпча незразумелыя словы малады, страшэнна схуднелы, з тварам белым, як рысавая мука, чужаземец, заліты крывёю і запэцканы глінай.
Вопытным вокам стары чалавек бачыў, што жыцця ў тым схуднелым целе засталося зусім нямнога, але твар чужаземца спадабаўся яму — на ім быў выразны адбітак пакуты і адрачонасці, і нечым нагадваў ён прарока Ісу, якога стары бачыў аднойчы на старадаўняй фрэсцы ў разбураным храме, куды звычайна не заглядала вока мусульманіна, а толькі, відаць, начавалі джыны. Ён шмат змагаўся са смерцю, стары лекар з далёкай горнай мясцовасці, але бадай што ніколі не шкадаваў кагосьці так, як юнака чужаземца, што ляжаў перад ім, упарта спрабуючы перацягнуць вагі жыцця і выйсці з гэтага свету. А што хлопцу не хочацца жыць, лекар адчуў гэтак жа беспамылкова, як і тое, што, калі ён праедзе міма на сваім маленькім осліку, душа чужаземца яшчэ паспее ўбачыць яго з вышыні, імкнучыся да ўсявышняга.
— Паслухай, Сатар, — звярнуўся ён да асла, што мірна шчыпаў калючкі, пакуль гаспадар думаў. — Ты, канешне, нас двух не вытрымаеш. Але ці зможаш ты перажыць на сваёй спіне кагосьці, апроч мяне? Бачыш, ён нягеглы і непрытомны. Давай, дружа, зробім добрую справу і, хаця гэты хлопец, хутчэй за ўсё, хрысціянін, а мы з табой прававерныя мусульмане, дапаможам яму канчаткова перасяліцца назад, у гэты свет. Ён даволі прывабны, ці не так?
І з цяжкасцю, вохкаючы і натужваючыся, падняў непрытомнае цела, перакінуў яго на осліка, уліў у рот незнаёмца некалькі кропель вадкасці.