Але сябра маладосці не хацеў прызнаваць беднага табіба Нармурада, нібы сама яго прысутнасць была небяспечнай, нібы беднасць магла, як зараза, прыліпнуць да адзення і наноў ператварыць яго ў гаротніка, які нацёр сабе хрыбет, падлашчваючыся, дагаджаючы, выкручваючыся з усіх сіл. Не надта моцны ён быў лекар, але змог спадабацца музыканту Ісхаку, калі той быў маладым, нікому не вядомым. Ісхак не забываў таго, хто прыграваў яго калісьці. Вясёлы і дураслівы, ён не здагадваўся, што лекар Ахваз, няўдачнік, калісьці выгледзеў, вылічыў яго талент, яго бескарыслівасць і даверлівасць. Пры двары любілі гэтага музыканта, але той быў хваравіты і капрызлівы, лекару Ахвазу было з ім нялёгка, ды затое ён меў добрыя грошы. Можна было, маючы такога знаёмага, як Ахваз, трапіць у бібліятэку эміра, а там захоўваліся кнігі Арыстоцеля і нават рукапіс «Канона» самога Ібн-Сіны, які памёр зусім нядаўна і пахаваны ў Хамадане, а пасля перавезены ў Ісфахан. Стары лекар Нармурад з далёкага кішлака на самым канцы дзяржавы ніколі не змог бы нават здаля ўбачыць такі каштоўны рукапіс, і таму ён не шкадаваў ні сіл, ні часу, каб збіраць грошы на паездку ў Бухару і верыць, што дзверы Ахваза нарэшце расчыняцца. Ён сцвярджаў, што рэчы маюць дзіўную ўласцівасць — яны як бы ўбіраюць дух, дыханне свайго ўладара і могуць захоўваць яго надоўга. Ён верыў, што калі патрымае ў руках рукапіс Ібн-Сіны, то адчуе прасвятленне. Можа, тады ён адшукае, чым хварэе адзін з яго пацыентаў, чыю хваробу ён ніяк не мог разгадаць. Можа, стане лячыць лепей.

Вяртаючыся на той раз з Бухары, Нармурад зноў праходзіў міма глінянага дамка і ўспомніў пра жанчыну. Калі ж павярнуў свайго осліка на сцяжынку, што вяла да іх, насустрач яму выскачыў малады мужчына. Ён заступіў дарогу аслу і пачціва пакланіўся Нармураду:

— Дамула (настаўнік) ты зрабіў гэтаму дому ласку. Хворая Пацімат вярнулася да сям'і. Нашто табе ізноў ехаць да адрачоных і праклятых Алахам? Лепей заедзь у мой дом, усе мы прымем цябе як родзіча.

Але Нармурад не паслухаўся, абмінуў мужчыну, што ззаду слаў яму праклёны, пагражаючы кулаком, і заехаў у знаёмую хаціну. І з таго часу зрэдзь заязджаў туды і заўсёды сустракаў самую шчырую ласку і гасціну, хаця цяпер абмывальшчыцай стала былая дзяўчынка ў зялёнай кашульцы, а старая ўжо Пацімат нячутна слізгацела па доме, робячы хатнюю работу. Мужчыны ў гэтым доме неяк не прыжываліся, — яны паміралі, жанчыны зноў заставаліся адзінокімі.

…І на гэты раз Нармурад скіраваў да старэнькай глінянай хаціны ў зарасніках чароту і тутаўніку, везучы параненага Алексу, шчыльна захутанага ў балінпуш — выцвілае пакрывала, што выцягнуў Нармурад з дарожнай сумкі-хурджына.

Таропка прывітаўшыся і спытаўшы пра здароўе блізкіх і знаёмых, лекар папрасіў:

— Занясіце гэтага чалавека ў самы дальні пакой, каб чужое вока не ўбачыла яго, і папярэдзьце хатніх, каб навесілі на язык замок маўчання! Дарога прынесла мне знаёмца, як падарунак, і я не хачу, каб яна зноў забрала яго!

Ён даў гаспадыні сярэбраны дырхем, і тая паспешліва паслала некага з хатніх на недалёкі рынак, дзе для адвергнутых — смецяроў, лазеншчыкаў і іншых — быў свой асобны рад. А Алексу ўнеслі ў хату моцная, каржакаватая, як малады дубок, гаспадыня і старая Пацімат.

Сям’я прытрымлівалася знешне мусульманскіх звычаяў, але ў сябе дома жанчыны хадзілі з адкрытымі тварамі і адзіны мужчына наведваў тайныя зборышчы магаў-вогнепаклоннікаў. Гэта таксама было адной з прычын, чаму Нармурад прыязджаў сюды. Параненага паклалі на караткаворсавы дыванок — з павагі да высокага госця, абмылі лоб, твар.

Нармурад, увайшоўшы ў пакой, з непрыемным пачуццём убачыў гэта і адагнаў жанчын:

— Вось калі памрэ, тады і абмыеце. Але рана яму яшчэ паміраць. Можа, дасць рады вялікі Зардушт, злітасцівіцца над ім — і нада мною таксама!

— Мы бачылі многа хворых і памёрльгх, і думаецца мне, што гэты юнак не дажыве да раніцы, сказала Пацімат. — Нават ваша ўменне не паможа, паважаны настаўнік.

— Канешне, калі прадвечны калам напісаў яму заўтра ці сёння сустрэчу з Азраілам — анёлам смерці, — я нічога не зраблю. Нават улюбёнец Алаха Ібн-Сіна не змог развязаць вузла смерці, хаця апроч гэтага не было для яго таямніц на зямлі…

Нармурад, гаворачы ўсё гэта, лоўка пераварочваў Алексу, уважліва разглядаў раны.

— Пульс вялы, падобны земляному чарвяку, — сказаў нарэшце, — трэба было б зашыць вось гэтую разарваную звязку мышцаў, але на гэта ў мяне ўмення ўжо няма. Надта дрыжаць рукі. Затое можна спыніць разлажэнне тканкі, прамыць яе і супакоіць боль опіумам.

Ён дастаў з сумкі скрутачак, падаў яго жанчынам:

— Заліце варам адзін міскаль травы і, астудзіўшы, нясіце хутчэй сюды. Таксама дайце мне дзве піялы і дастаньце вады са студні, не з арыка. А яшчэ — чыстыя сухія анучкі. Купіце кварту набіда-фінікавага віна. Віно — для мяне…

Перейти на страницу:

Похожие книги