МІХАЛКА. Дзякую! Насядзеўся я на каламашцы. (Да сябе). Гарная дзяўчына! (У голас). Вы, паненка, мусіць не ведаеце, хто я такі?

ЮЛЬКА. А праўда не ведаю. (Да сябе). Далікатны чалавек і кажа да мяне «паненка».

МІХАЛКА. То-ж я Міхась Багдалеўчык.

ЮЛЬКА (скланіўшыся). Дужа рада пазнаць вас.

МІХАЛКА. А ведаеце, чаго я сюды прыехаў?

ЮЛЬКА. Не, не ведаю. (Да сябе). Чаго ён хоча?

МІХАЛКА. То вы не чыталі пісьма майго бацькі?

ЮЛЬКА (вырабляючыся). Не, тутака на вёсцы няма чаго чытаць...

МІХАЛКА. Але-ж вы можаце чытаць?

ЮЛЬКА. Ведама! — толькі тут на вёсцы...

МІХАЛКА. То мусіць паненка і не ведае, што я прыехаў сюды ў сваты?

ЮЛЬКА. I не чула аб тым.

МІХАЛКА. (да сябе). Я думаў прыехаць сюды на гатовае, аж туг яшчэ трэба круціцца каля яе. (Памаўчаўшы). Паненцы даводзілася бываць у горадзе?

ЮЛЬКА. Я жыла цэлы год у Беластоку.

МІХАЛКА. А гэта вялікі горад? Большы за наш Бельск?

ЮЛЬКА. А вы ніколі не былі ў Беластоку?

МІХАЛКА. Ехаў раз у Беласток з коньмі на кірмаш. Коні ў мяне на дарозе ўкралі ды вярнуўся дамоў, не пабачыўшы Веластока.

ЮЛЬКА. Шкада!

МІХАЛКА. I ўсё мне хочацца паехаць у Беласток.

ЮЛЬКА. І мне хочацца туды! (Уздыхаючы).

МІХАЛКА. (да сябе). Уздыхнула! Упадабала мяне (У голас). Як ажанюся, паедзем у Беласток.

ЮЛЬКА. Што! Возмеце і мяне з сабою?!

МІХАЛКА. Ведама!... як мне там жыць без вас? То-ж я не ведаў-бы, куды павярнуцца.

ЮЛЬКА. Э!... маніцё!...

МІХАЛКА. Дальбог, праўда! Не маню!

ЮЛЬКА. А што панскі бацька скажа на гэта?

МІХАЛКА. Цяпер тата не пускае мяне ў Беласток, але як ажанюся, буду жыць па-свойму.

ЮЛЬКА. Я вам шчыра падзякую!

МІХАЛКА. Пабачыце, паненка... там будзе ў нас жыццё...

ЮЛЬКА (засароміўшыся). Што вы кажаце?

МІХАЛКА. Я не смяюся! Тата сыпне нам грошы. (Цмок яе ў руку).

ЮЛЬКА. Што вы робіце?

МІХАЛКА (да сябе). Агонь, не дзяўчына! Дальбог!

ЮЛЬКА. Пусцеце мяне, мне трэба ісці!

МІХАЛКА. Дайце яшчэ ручку!

ЮЛЬКА. Бывайце здаровы! (Бяжыць).

З’ЯВА 6-ая.

МІХАЛКА (адзін).

МІХАЛКА. Вось так дзяўчына!... з ёю пагаварыць можна. Дасюль, бывала, кожная паненка так саб’е мяне з панталыку, што й раззяўлюся, і слова не вымаўлю. Мусіць толькі добра яна мяне ўпадабала, калі мы так з ёю спазналіся. Эх, тут скоранька спраўлюся, аж тата задзівіцца! А гаварыў ён мне, калі я ехаў (азіраецца): «Помні, барання галава, каб бяз жонкі не варочаўся, бо калі шосты гарбуз да хаты прывязеш (пяць ужо прывёз), то ўсыплю табе (азіраецца) пяцьдзесят бізуноў, ды памрэш старым мальцам»; і яшчэ гаварыў: «Глядзі, каб не была лішне маладая і старой пе бяры, бо захоча нас вадзіць за нос». Ажно тут папалася паненка ў самую меру, толькі суседзі будуць глядзець і аблізвацца гледзячы!

З’ЯВА 7-ая.

МІХАСЬ і ЯЗЭП.

ЯЗЭП. Ха! Ха! адразу згадаў, хто ты: такі твар, такі нос — чысты бацькаўскі нос.

МІХАЛКА. Не йначай Язэп Карыта!

ЯЗЭП. Так, дзетачка, так! Але як-жа-ж ты сюды прыехаў, Міхаська?

МІХАЛКА. Дык як? на каламашцы, паночку!

ЯЗЭП. Ды я не аб тое кажу. Ты з’явіўся да нас ўсёроўна як з дажджом, і ніхто цябе не бачыў уваходзячы.

МІХАЛКА. Чаму ніхто? То-ж я й гаварыў з васпанавай дачкою.

ЯЗЭП. Гаварыў ужо? Зух, удалы малец! Толькі парог пераступіў, ужо дзяўчатам галаву дурыць.

МІХАЛКА (зухуючысь). Го, паночку! да мяне бабы, як мухі да мёду... Я, паночку, раз у Бельску...

ЯЗЭП. Э, што было ў Бельску, то было. Ты кажы, як упадабаў Адэльку.

МІХАЛКА. Дужа ўпадабаў!

ЯЗЭП. Пацешыў мяне! Удалая дзяўчына, даліпан?

МІХАЛКА. Удалая! Даліпан! Упадабаў яе за тое, што не такая язычлівая, як другія дзяўчаты, што зараз з чалавека кпіны строяць.

ЯЗЭП. А ты-ж не ўмееш сам каля дзяўчат хадзіць?

МІХАЛКА. Не дужа добра, бо дасюль найбольш каля быдла хадзіў.

ЯЗЭП. Вось і ўспомніў, як твой бацька дваццаць гадоў таму прыслужыўся мне...

МІХАЛКА. А ведаю, ведаю; бацька аб гэтым расказвае, калі толькі пару знайдзе.

ЯЗЭП. Падумай сябе — гнаў я валы на кірмаш у Гайнаўку, аж тут як ухопіць мяне хвароба ў Леўкове — ні рукою ні нагою! З валамі некуды дзецца, не стаяць-жа з імі у Леўкове, а паслаць з імі няма чалавека. Аж но, скуль ні вазміся — твой бацька. Я яго яшчэ і не знаў. Ён пагнаў валы ў Гайнаўку. Як пагляджу я на цябе, то ўсё гэтыя валы прыпамінаю. (Абнімаюцца). Рад я дужа, што табе сталыя жанчыны да ўпадобы.

МІХАЛКА. Отож-то, не люблю я такіх паненак, што вечна рагочуць, зубы выскальваюць.

ЯЗЭП. I я таксама. Я люблю бабу, калі ёй паўкапы стукне. Тады яна не блазніца, розум мае!...

МІХАЛКА. А колькі-ж панавай дачцэ гадоў?

ЯЗЭП. (папярхнуўшыся). Ей гадоў... мінула 23...

МІХАЛКА. Вось так штука!... Ніколі не падумаў-бы!

ЯЗЭП. А мінула, мінула ўжо!

МІХАЛКА. А я думаў, што ёй не больш як 18 гадоў.

ЯЗЭП. Отож-то. З вока не дасі ёй больш. Што-ж дзівіцца — маладая, рухавая. О, будзе твая жонка як гарэх! А што пачцівая, за гэта я галаву аддам.

МІХАЛКА. Дам веры!

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги