— Два партызанскія конныя патрулі пасоўваюцца паралельна да нас і накіроўваюцца ў сьвітазянскі лес, — адрапартаваў ён камандзеру.
— Ня ўвязвацца ў бой з дробнымі аддзеламі. Пры ўваходзе ў лес зьменшыць адлегласьць да зрокавага кантакту з эскадронам, — загадаў той.
Было відавочна, што ён не хацеў увязваць эскадрону ў бой. Мэтай гэтага маршу ня была баёвая акцыя, а хутчэй дэманстрацыя сілы ды ўзьняцьце маралі жыхарства, запужанага як Немцамі, так і бальшавіцкімі партызанамі. І вось, ня гледзячы на даволі нахабныя правакацыі з боку партызанскіх патрулёў, з нашага боку ня паў ніводзін стрэл. Тымчасам пярэдняя ахова збліжалася да лесу. Камандзер павольна апусьціў руку, і эскадрон затрымаўся.
— З ко-о-оней! — пачулася каманда. — Кулямёты на стачовішчы! Замітусіўся эскадрон. Неўзабаве коні былі адведзеныя ў бясьпечнае месца, і эскадронаўцы ляжалі на вагнявых становішчах.
Пярэдняя ахова схавалася ў лесе. Зьніклі таксама й бакавыя, заглыбіўшыся ў гушчу сьвітазянскага бору. Наступіла цішыня, поўная чаканьня. Камандзер не адрываў вачэй ад біноклю. Урэшце зь лесу вынырнуў жаўнер — дарога вольная!
Эскадрон паволі ўехаў у бор. Міжволі падымалася рука, каб скінуць шапку, апыніўшыся ў гэтай сьвятыні натуры. Сэрца білася моцна ў грудзёх, напоўненых гамай розных пачуцьцяў. Здавалося, што хопіць падняцца на страмёнах, каб дастаць гордыя верхавіны соснаў.
Стук конскіх капытоў па шасе прыклікаў жаўнераў да рэчаіснасьці. Ганец ад лейт. Д-кі паведамляў, што дарога вольная, ды што пяпэдняя ахова на выгадных становішчах за возерам; на працілеглы край лecу высланы патруль.
Цераз прагаліны лесу ўсьміхнулася блакітная глядзь Сьвітазі, гэтага цудоўнага, таемнага ляснога вока.
— Камандзер, камандзер, — пачулася з розных бакоў, — затрымаемся тут хоць на часінку!
— Трымаць зрокавы кантакт з аховамі, — ужо неяк менш празаічна сказаў той. — Дзесяць хвілінаў адпачынку.
Жаўнеры былі ўжо пры возеры. Адны пілі крыштальна-чыстую ваду, другія паілі коней, іншыя з асалодаю змывалі сабе твар ад дарожнага пылу.
Сьвітазь хавалася ад вачэй эскадрону за гушчай лесу. Яшчэ раз усьміхнулася возера прагалінамі лесу на разьвітаньне ды зьнікла ў гушчы бору.
Неўзабаве выехалі зь лесу. Здалёк, направа ад дарогі віднеліся папялішчы Парэчча, спаленага п’янай нямецкай жандармэрыяй. Вастрыём нажа ўбіваліся ў сэрцы жаўнераў напоўразваленыя каміны. Людзей ня было відаць: калі й засталіся дзе якія, дык і тыя хаваліся ў лясох. Узброены жаўнер ніколі ім нічога добрага не прарочыў.
Увечары гэтага-ж дня эскадрон уяжджаў у Гарадышча. Жаўнеры былі паднечаны яшчэ сьвежымі ўражаньнямі. Яны дзяліліся сваімі перажываньнямі з дарогі. Пазьней мела месца сяброўскся сустрэча зь мясцовьм беларускім актывам. Усе цікавіліся жыцьцём эскадрону, плянамі на будучыню, ходам мабілізацыі ў наваградзкай акрузе. Выменьваліся думкамі, спасьцярогамі й дазнаньнямі. Не абыйшлося й бяз крытычных заўвагаў.
— Зразумела, плян ваш нязвычайна сьмелы, сказаў адзін з старэйшых ахвіцэраў гарадышчанскага батальёну, зварочваючыся да ахвіцэраў эскадрону, — але ня ведаю, ці ня лішня вы тут кіраваліся пачуцьцямі. Ён мог ужо, або можа хутка скончыцца загубай красы наваградзкай моладзі. Вонкавы эфэкт прыгожы, але канкрэтная карысьць — сумляюся, ці надта вялікая.
— Нельга кіравацца толькі розумам, — адказаў лейт. М.
— Паколькі камандзер адказвае ў першую чаргу за жаўнераў, дык у яго павінен розум браць верх над пачуцьцямі. Пачуцьці й энтузіязм патрэбны для жаўнера, але павінны быць выключаны ў камандзера, або прынамся іх роля зрэдукавана да мінімум.
— З гэтым цяжка пагадзіцца, не здаваўся лейт. М. — Што варты разумны й разважны ахвіцэр, але без энтузіязму? Ён хутка страціць духовы кантакт з жаўнерам і адарвецца ад яго.
— Гэта нязвычайная праблема, — умяшаўся ў гутарку камандзер эскадрону. — Трэба ўмець спалучыць энтузіязм з развагай, а гэта нялёгкая рэч. У эскадроне як жаўнеры так і камандзеры — усе маладыя, усім ім хапае энтузіязму, праўда, магчыма й за кошт халоднага розуму. Але-ж ў сяньняшні час, пры сяньняшнім палітычным і франтавым палажэньні, можна кіравацца вылучна развагай? Нас асудзяць за бязьдзейнасьць, вычэкваньне лепшых мамэнтаў, а вычэкваньне й бязьдзейнасьць раўназначна з духовай сьмерцяй адзінкі й народу. Энтузіязм-жа парывае да акцыі.
— А што, калі гэты неразважны энтузіязм спрычыніцца да сьмерці цьвету нашае моладзі, не дазволіўшы ёй даць зь сябе ўсяго тога, што ад яе мы можам спадзявацца?
Падахвіцэр У-іч, яшчэ нядаўны вучаць сэмінарыі, умяшаўся ў гутарку. Ён ужо даўно шукаў зручнага мамэнту, каб выказаць сваю думку.