— Ці-ж былі-б мы сяньня Беларусамі, каб нашыя мінулыя пакаленьні, страціўшы сваю дзяржаўную незалежнасьць, злажылі рукі ды чакалі зручнейшых мамэнтаў дзеля рэалізацыі нашай канчальнай мэты? Ці-ж пралітая кроў Каліноўскага й яго сучасьнікаў не давала й не дае нам сяньня сілы да далейшага змаганьня? Ці-ж магчымы быў-бы Акт 25-га Сакавіка бяз тых нязьлічоных, неразважных часта, пачынаў нашых бацькоў ды дзядоў? Ці-ж быў-бы ён магчымы бяз энтузіязму як беларускіх масаў, так і тагачасных кіраўнікоў? Магчыма, — працягваў ён ужо больш спакойна, — што наш сяньняшні высілак дарэмны на кароткую мэту. Магчыма гісторыя забудзецца аб гэтым малым эпізодзе — нашым эскадроне. Але паколькі гэты эскадрон зьяўляецца маленькай часткай вялізарнага, магчыма неразважнага, але энтузіястычнага высілку ўсяе сучаснае беларускае моладзі, дык аб гэтым гісторыя не прамаўчыць. Гэты сяньняшні энтузіязм будзе маленькай можа, але неабходнай цэглінай пры будове Незалежнай Беларусі.

У У-ча іскрыліся вочы, гарэлі шчокі. Ягоныя словы й тая духовая сіла, якая праменявала ад яго ў гэны мамэнт, былі дастаткова пераконвальнымі. Стала ціха пасьля слоў маладога жаўнера.

Яшчэ ў гэты самы вечар нямецкая жандармэрыя папярэдзіла aфіцыяльна камандзера эскадрону, што ён ня можа разьлічваць на іхную дапамогу паза засягам гарадышчанскага гарнізону. Яны паясьнілі, што вёска Ясенец — кілямэтраў тры ад Гарадышча — ужо ў засягу партызанаў. У Паланэчцы пост паліцыі разьбіты. Аж да Міра ніякага апорнага пункту. Эскадрон павінен лічыць толькі на свае сілы. Аб гэтым апошнім мы ведалі загадзя…

На сьвітаньні эскадрон ужо стаяў гатовы да выезду. Раніца была прыгожая. Сьцюдзёны вецярок праймаў дрыжыкамі вырванае із сну цела. Нязвычайна рэзкім здаваўся стук конскіх капытоў па бруку местачка, што спала яшчэ глыбокім сном.

Камандзер даваў апошнія настаўленьні: «Сяньня мусім асягнуць Мір. Пойдзем праз Паланэчку, Серамовічы, Малыя й Вялікія Жухавічы. Ахова — ухіляцца бою з малымі патрулямі. Трэба быць асабліва ўважнымі, бо праціўнік мог ужо зарыентавацца ў прадбачаным намі маршруце. Як пярэдняя, так бакавыя і задняя аховы — ня траціць зрокавага кантакту з эскадронам. У выпадку неспадзяванай атакі, не адступайце без загаду: эскадрон павінен мець час заняць выгадныя пазыцыі. З Богам, сябры!» — дадаў ён.

Праз колькі часінаў эскадрон у поўным баявым парадку рухаўся ў кірунку Паланэчкі. Ранішняе сонца прыветліва глядзела на маладых жаўнераў. Ізноў склонная да рамантызму беларуская натура аддавалася лятуценьням. Але мамэнтамі іхныя вочы загараліся іншьш блескам: папялішчы й разваліны хутароў ды вёсак, сьлед праступнай бальшавіцкай і нямецкай акупацыі, прыклікаў іх да рэчаіснасьці.

Пярэдняя ахова хавалася ў Паланэчцы. Сьляды нядаўнага бою былі яшчэ зусім сьвежыя. Беларуская паліцыя змагалася да апошняга патрону з удзесяцёра большай сілай партызанаў. Мала каму ўдалося выйсьці з жыцьцём. Бальшыня згінула ў няроўным змаганьні. Некаторыя захавалі апошні патрон для сябе, каб ня трапіць жывымі ў бальшавіцкія рукі. Жыхары Паланэчкі перажылі ня менш жудасныя дні. Пасьля партызанскай навалы прышлі каральныя нямецкія аддзелы. Зноў пацярпелі нявінныя сяляне: каго расстралялі на месцы, каго схапілі на прымусовыя работы ў Нямеччыну. Пакаралі партызанаў…

Таму ня дзіва, што сяляне панура глядзелі на незнаёмы аддзел войска.

— Цяпер гэтая свалата. Уначы адны, удзень другія. Ніколі няма супакою ад іх, — можна было-б прачытаць у іхных вачох.

Памалу аднак іхныя твары разьясьняліся. Бел-чырвона-белыя сьцяжкі і ветлівыя ўсьмешкі жаўнераў рабілі сваё.

— Гэта ня немцы! — пачулася ў грамадзе. — Свае, дальбог свае!

З грудзей жаўнераў вырвалася песьня: «У гушчарах затканых імглою… Беларусь, Беларусь залатая…»

— Свае! Эскадрон! Рагуляўцы! — штораз весялей чулася з грамады.

Кароценькі адпачынак. Жаўнеры частуюць сялянаў цыгаркамі. Дзецям раздаюць цукеркі, старанна адкладаныя дзеля гэтай мэты. Жанчыны частуюць малаком і пахучым чорным хлебам, печаным на сьвежым аеры.

— Куды ты з малаком сваім пхаешся, — адазваўся адзін вусаты дзядзька гадоў каля пяцьдзесяцёх. — Ім трэба малака ад шалёнай каровы, — хітра міргаючы жаўнерам, дадаў ён, дастаючы з-за пазухі пляшку самагонкі.

— Вып’ем хлопцы, а то й так немцы ці партызаны забяруць.

Жаўнеры крыху разгубіліся. Урэшце адзін здабыўся на адказ:

— Дзякуем, дзядзька. шчыра дзякуем, але нам нельга. Перад намі вялікая дарога. Хто ведае што нас яшче чакае ўперадзе. Лепш мець цьвярозую галаву. Вось ад малачка ды хлеба дык не адкажамся, — каб ня скрыўдзіць селяніна адмовай, злагодзіў ён.

Дзядзька шырака адчыніў вочы й зьдзіўлена глядзеў на жаўнераў. Ён прывык толькі й чуць: «Давай самагонку!» А гэтыя адмаўляюцца…

— Эх, хлопцы, вы нейкія іншыя ад другіх… — Ён стаяў, ня ведаючы, куды дзець пляшку.

— Мы дзядзька, узялі зброю не па тое, каб грабіць, але каб бараніць сваіх.

— Цяжка вам давядзецца, хлопцы, — нейк задумана сказаў селянін. Аднак словы жаўнера падзеілі на яго відавочна.

— На ко-о-оней… — пачулася здалёк.

Перейти на страницу:

Поиск

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже