Мы прыехалі ў Кёнігзьберг і сустрэлі тамака суцэльны гармідар, бо ў вагоны пагружалі танкі. Паўсюль сноўдалі салдаты. Мы чакалі каля дзьвюх гадзінаў, а потым былі пераведзеныя ў іншы цягнік і яшчэ да надыходу ночы накіраваліся на захад.
Я ня ведаў, як далёка нас везьлі. Нам не давалі ніякай інфармацыі. Я думаў, што, магчыма, мы рухаемся ў накірунку заходняга фронту. Відаць, нешта перамянілася ў становішчы на ім. Можа, ангельцы ці французы пахіснулі немцаў?
Нейкім чынам, менавіта Англія й Францыя былі для нас бастыёнамі дэмакратыі. Мы спадзяваліся, што яны нарэсьце нападуць на немцаў на заходнім фронце. Я думаў, што свабода можа быць вельмі блізкай.
Мы ехалі, прыблізна, яшчэ дванаццаць гадзінаў. У рэсьце рэшт мы дасягнулі станцыі пад назвай Бохальт. Я нават не ўяўляў, у якой частцы Германіі гэта знаходзіцца. Нас ізноў пасадзілі ў грузавік і прывезьлі ў новы лягер.
Лягер быў гэткім самым, як і шталяг: падвойны дрот, вышкі, баракі і г.д. Нас накіравалі да камэнданта, дзе праверылі імёны й нумары. (Гэтая інфармацыя была запісаная на алюміневых мэдальёнах. Мой нумар быў 5747.) Мы ўвайшлі ў барак, і ягоны стараста коратка растлумачыў нам, што, дзе й як. У кожным бараку быў свой стараста, які быў адказны за раздачу ежы й клопат пра палонных. Ён прызначыў нам саламяныя ложкі на падлозе.
Ізноў пацягнуліся манатонныя дні, ажно пакуль аднойчы стараста не спытаўся, ці ня мае хто з нас досьведу працы лекарам. Ён паведаміў, што ім патрэбныя асыстэнты ў лягерным лазарэце, і я адказаў, што вывучаў медыцыну. Канечне, мой досьвед быў абмежаваным й я не пасьпеў дасягнуць майстэрства, але я быў упэўненым у сваіх здольнасьцях. Да таго ж я бачыў, як мая маці працавала ў лячомніцы: брала кроў, рабіла ўколы і г.д.
Такім чынам, я стаў санітарам. (Ён мусіў выконваць абавязкі медсястры: дапамагаць лекару рабіць перавязкі, уколы і г.д.) Я атрымаў у лазарэце сапраўдны ложак. Больш ніякай саломы, ніякіх вошай. Адзіны недахоп быў у тым, што я мусіў пакінуць Косьціка ў бараку, але я абяцаў падтрымліваць зь ім сувязь і клапаціцца пра яго.
Пачалося новае жыцьцё. У самым пачатку мяне папрасілі зрабіць перавязку. Але пацыэнт скардзіўся на боль, і лекар загадаў зрабіць яму ін’екцыю — 10 мг морфію. Я пахаладзеў. У мяне дрыжэлі рукі. Я не ўяўляў, як гэта робіцца. Я паспрабаваў заставацца спакойным і ўзгадаць, як мая маці рабіла гэта. Я ўсадзіў шпрыц у ампулу, выцягнуў зь яе вадкасьць, Дастаў шпрыц і пырскануў. Я адчуваў, як па сьпіне ў мяне ліецца пот. Пацыэнт глядзеў на мяне ў надзеі, што я ведаю, што раблю. Я сьцягнуў яму парткі, пацёр скуру, крыху пырскануў вадкасьці й зрабіў укол. Нічога дзіўнага — я ж у рэшце рэшт студэнт мэдыцыны!
Лекар сказаў, што я магу далучыцца да пастаяннага пэрсаналу і што я буду адказны за харчаваньне. Я пралічыў, што гэта дасьць мне магчымасьць цягаць пакрыху ежу для Косьціка.
Праз пару дзён мяне накіравалі на галоўны склад, каб я прынес ежы для 65 ваеннапалонных, якія знаходзіліся тады ў лазарэце. Галоўны лекар, які быў палякам і працаваў пад наглядам лекара-немца, падказаў мне, што ня трэба адразу дакладваць пра сьмерць пацыэнтаў, а чакаць некалькі дзён, каб атрымліваць на іх харчы. Я ня ведаў, наколькі гэта этычна, але прапанова гучала вельмі заманліва. Раз альбо два на тыдзень у мяне зьяўляліся лішкі ежы, якія я аддаваў Косьціку. У мяне самога папраўляўся фызічны стан, я набіраў вагу й, увогуле, пачуваўся вельмі добра.
Аднойчы, красавіцкай ноччу, Косьцік прыйшоў наведаць мяне й абмеркаваць уцёкі. Я сказаў, што хаця я й маюся добра, але далучуся да Косьціка ў ягоных плянах.
Цяпер нам патрэбны быў час, каб з’арыентавацца. Я ўжо даведаўся, што лягер знаходзіцца на мяжы з Галяндыяй і што толькі ў гэтым накірунку мы можам зьбегчы. Косьцік жа чуў, што немцы шукаюць людзей, якія згодныя працаваць па-за межамі лягеру — на фермах і нейкіх там усталяваньнях. Я сказаў, што гатовы пакінуць сваю працу ў шпіталі, хоць яна мне й вельмі падабаецца, каб узнавіць падрыхтоўку да ўцёкаў.
Праз два дні Косьцік прыйшоў да мяне, каб паведаміць, што немцам патрэбныя садоўнікі для аднаго кляштара. Косьцік няшмат разумеў у садоўніцтве, але бачыў, як ягоны бацька працаваў на іхным маленькім лапіку зямлі, і мог паспытаць шчасьця. Я крыху наўчыўся сялянскай працы, калі летам наведваў свайго дзеда, але, што датычыцца садоўніцтва, я ня меў уяўленьня, што да чага. Але калі ім былі патрэбныя садоўнікі, мы маглі выконваць і гэтую працу. У рэсьце рэшт, я стаў студэнтам медыцыны, хаця й не вучыўся ва ўніверсітэце, а садоўніцтва — справа лягчэйшая за лячэньне людзей.
Празь некалькі дзён нас выклікалі да камэнданта. Камэндант сказаў, што па Косьцікавых словах, я быў добрым садоўнікам, і што ён хацеў бы даведацца болей пра мой досьвед. Я зманіў, што мой бацька быў садоўнікам у вялікім маёнтку ў Польшчы і што я дапамагаў бацьку, калі быў хлопчыкам. Камэндант загадаў нам быць гатовымі адправіцца ў кляштар нараніцу. Я вярнуўся ў лазарэт і паведаміў лекару, што мяне прызначылі садоўнікам, і ён даў мне дазвол пакінуць шпіталь.