У кішэнях у нас ляжала ежа. Мы абгарнуліся прасьцінамі, каб быць нябачнымі на сьнезе. Неба было чыстым, і зоркі сьвяцілі вельмі ярка. Наперадзе, каля дзвюхсот футаў ад нас, ахоўнік крочыў ва ўсходнім накірунку. Мы папаўзьлі па сьнезе, і сэрцы нашыя моцна біліся. Усхваляваньне надавала нам энергіі, і, хаця ноч была халодная, я ўвесь спацеў. Мы павольна рухаліся наперад: адна рука — другая рука, адна нага — другая нага. Ахоўнік набліжаўся да нас. Мы замерлі. Ён прайшоў, і мы прапаўзьлі яшчэ пяцьдзесят футаў. Ён вярнуўся, мінуў нас, і мы прапаўзьлі яшчэ пяцьдзесят футаў. І яшчэ раз мы ўмерзьлі ў сьнег, як праходзіў ахоўнік. Ён спыніўся на нейкі момант, і я быў упэўнены, што маё сэрца таксама спынілася. Ён запаліў цыгарэту й пакрочыў далей, да заходняй вышкі. Мы пакрылі апошнія пыцьдзесят футаў і апынуліся перад першым радам калючага дроту. Вярнуўся ахоўнік і прайшоў недзе футах у дзесяці ад нас. Я не магу апісаць тое ўзбуджэньне й напружанасьць, якія мы адчувалі, калі ён мінаў так блізка. Ён пакрочыў далей, і, калі ён апынуўся футаў за сто ад нас, я дастаў кусачкі й перашчыкнуў дрот. Гук ад гэтага быў такім моцным, што я быў упэўнены ў тым, што ахоўнік яго пачуў і насьцярожыцца, але той спакойна рухаўся ў другі бок. Да таго часу, як ён дасягнуў заходняй вышкі, я ўжо пасьпеў перарэзаць унутраную агароджу. Мы йзноў застылі, як ён праходзіў. Калі ён накіраваўся далей, я пачаў перашчыкваць дрот, які быў панамотваны паміж дзьвюма агароджамі. Я здолеў зрабіць гэта да таго моманту, як ахоўнік ізноў наблізіўся да нас, і мы апынуліся паміж дзьвюма агароджамі. Шляху да вяртаньня не было. Трэба толькі перарэзаць яшчэ адну агароджу. Кроў стукала ў мяне ў вушах. У мяне трэсьліся рукі, але я здолеў перарэзаць апошні бар’ер паміж намі й свабодай.
Мы дамовіліся, што калі я дам каманду йсьці, мы палезем па эскарпе да жалезнай дарогі, праз рэйкі, і пабяжым у лес, які недзе ў трох або чатырохстах футах ад іх. Мы прызначылі сустрэцца на перакрыжаваньні дарог крыху далей. Мы былі ўпэўненыя, што калі мы зможам перайсьці праз рэйкі, нам ужо нішто ня будзе пагражаць. Я папярэдзіў сваіх сяброў, што калі зь імі нешта здарыцца, напрыклад, яны зваляцца або будуць параненыя, ніякай дапамогі яны не атрымаюць — тут кожны мусіў быць сам за сябе.
Апошні дрот на агароджы быў перашчыкнуты, і мы ціха ляжалі, калі ахоўнік мінаў футах у пяці ад нас. Які напружаны момант! Нарэсьце ахоўнік прайшоў, і я скамандаваў: «Пайшлі!» Ня ведаю, адкуль узялася моца ў нашых нагах. Сьнег быў вельмі глыбокім, а на нас былі апранутыя даўгія польскія шынялі. Мы караскаліся па эскарпе й чулі выкрыкі «Стой! Стой!» і гукі страляніны. Калі я дапяў да вяршыні, я ўжо ня бачыў астатніх. Я дабег да рэек, і тады побач упала сьвятло з вышкі й пачалі страляць з кулямёта. Кулі сьвісталі каля маёй галавы, і ад іх разьляталіся іскры, калі яна траплялі ў рэйкі. Нарэсьце, я перабраўся праз рэйкі. Мне падалося, я бачыў, як Косьцік і яшчэ нехта з правага боку беглі разам са мной. Мы не спыняліся аж да самага лесу. Мы толькі беглі й беглі. Не магу сказаць дакладна, як доўга. У рэсьце рэшт мы дабраліся да прызначанага месца, і, як высьветлілася, усе пяцёра былі тамака — стомленыя, але ў прыўзьнятым настроі.
Гэта было неверагодна! Мы сьмяяліся, абдымаліся, паціскалі адзін аднаму рукі. Я заўважыў, што ў нас не так ужо й шмат часу й што мы павінны вырашыць, куды йсьці. Пры дапамозе компасу й мапы я высьветліў, дзе мы знаходзімся. Тры хлопцы з кухні маліліся на каленях на сьнезе, бо былі добрымі каталікамі. Яны запрапанавалі й мне далучыцца да іх, але я сказаў, што памалюся, калі мы пярэйдзем мяжу.
Затым мы рушылі й хутка перабягалі адкрытыя месцы. У небе сьвяціў і адлюстроўваўся на сьнезе поўны месяц, і я баяўся, што нас лёгка будзе заўважыць. Аднак ў нас не было ніякага выбару й мы мусілі йсьці далей. Мы прашпацыравалі, можа, дваццаць пяць, а то й трыццаць кілямэтраў, што даволі шмат, калі ўлічыць, які быў сьнег і мароз. Я думаю, мароз быў нам нават на карысьць, бо ён прымушаў нас рухацца, як мага хутчэй, каб сагрэцца.
Недзе каля шасьці раніцы мы вырашылі спыніцца. Толькі мы выбралі шчыльна парослае лесам месца, як пачаў ісьці сьнег. Гэта было вельмі дарэчы, бо сьнег мусіў схаваць нашыя сьляды. Мы прытуліліся пад некалькімі елкамі й менавіта