Мы пайшлі далей і недзе каля шасьці прыйшлі на адзін падворак, зайшлі ў гумно й пачалі абмяркоўваць, што рабіць. Раптам зьявіліся, і надта спужалі нас, дзьве дзяўчыны, якія выдавалі на сясьцёр. Адна зь іх была вышэй, са сьветлымі валасамі, курносым носам, прыгожай, ладнай, але крыху цяжкой, відаць ад працы на зямлі, фігурай. Другая дзяўчына была маладзей, гадоў, можа, сямнаццаці, і не такой пекнай, але з прыемным тварам і цёмнымі валасамі, якія ляжалі на ейнай белай кашулі, на грудзях. Яна здавалася такой мілай, прывабнай, маладой і сьвежай. (Магчыма на той момант усе дзяўчыны й усе грудзі падаваліся мне прывабнымі й спакушальнымі, бо я ўжо зусім згаладаўся.) Дзяўчаты запыталіся, хто мы такія, і мы адказалі, што ёсьць ваеннапалоннымі й уцякаем ад немцаў. Старэйшая сястра, Ванда, пацікавілася, ці ў польскай арміі мы служылі й, калі так, то ў якім палку. Мы адказалі, што былі ў 42 палку, у 71 дывізіі польскай арміі. Мы распавялі, што нас азялі ў верасьні, што мы адзін раз ужо спрабавалі ўцякаць, але былі схопленыя, і цяпер зьбеглі ўжо ў цывільным, і, калі нас схопяць, то заб’юць. Я паказаў ёй свой мэдальён ваеннапалоннага. Ванда сказала, што верыць нам і спытала пра нашыя пляны. Яна была вельмі разумнай дзяўчынай і хацела вучыцца ва ўніверсітэце. Мы паведамілі ёй, што зьбіраемся перайсьці мяжу й дабрацца дадому. Ванда папярэдзіла нас, што мяжа зачыненая й моцна ахоўваецца й што ўсіх, хто спрабуе перайсьці яе, адпраўляюць на некалькі гадоў у лягеры ў глыб Расеі. Я быў у шоку. Я ня мог паверыць, што саветы так ставяцца да тых, хто ўцякае ад немцаў. Дзяўчына паціснула плячыма й сказала, што проста перадае, што чула сама. Аднак увогуле яна вельмі адмоўна ставілася да пакту, які падпісалі Германія й Савецкі Саюз і такім чынам падзялілі паміж сабой Польшчу. Яна папярэдзіла нас, каб мы не казалі ейнаму бацьку, хто мы такія на самой справе, бо той моцна баіцца немцаў. Тым больш, калі яны западозраць, што ейны бацька хавае ўцекачоў, то яго адправяць ў концлягер. Ванда прапанавала нам і далей маніць, што мы батракі, якія шукаюць працы. Якраз быў час збору ўраджаю, і патрэбная была дапамога ў гаспадарцы. Ванда падкрэсьліла, што праца на палёх, набліжаных да мяжы дасьць нам магчымасьць назіраць за нямецкім патрулём і выбраць найлепшы час для пераходу мяжы. Дзяўчына таксама паабяцала, што пазнаёміць нас са сваім бацькам пасьля вячэры. Увесь час Ванда размаўляла са мной, але глядзела на Косьціка, які быў бландынам і нашмат вышэйшым за мяне. Ён узіраўся ў яе такімі галоднымі вачыма, што гэта, магчыма, уразіла мяне. Я не раўнаваў, але згаладаўся ня менш за яго й мяне таксама ўзбуджала гэтае прывабнае маладое жаночае цела. Я амаль адчуваў пах ейнага поту, і гэты пах быў такім спакушальным, што я ледзь не раззлаваўся на Косьціка за тое, што ён ёй больш падабаўся. Зося, малодшая сястра, была неяк па-дзіцячы больш фрывольнай і больш патрыятычнай. Яна сказала, што яны дапамогуць нам, бо мы, відавочна, героі, якія змагаюцца за свабоду Польшчы. Мне гэта пасавала. Пакуль нам прапаноўвалі дапамогу, я мог пагадзіцца на што заўгодна.

Недзе каля шасьці Ванда вярнулася, каб пазнаёміць мяне са сваім бацькам. Калі мы зайшлі ў хату, дзяўчына сказала, што я шукаю працу дзеля ежы й начлегу й, магчыма, пары злотых у дзень. Ейны бацька спытаўся, ці зь сялянскай сямьі я паходжу. Я запэўніў яго, што дапамагаў свайму дзеду па гаспадарцы, ведаю ўсё, што ад мяне патрабуецца, асабліва пры зборы ўраджаю. Гаспадар пагадзіўся наняць мяне й сказаў, што я магу есьці зь імі ў хаце, але спаць мушу ў гумне. Пакуль я еў і размаўляў з гаспадаром, Ванда пайшла аднесьці Косьціку паесьці. Дзяўчына зьнікла на даволі працяглы час, і я здагадваўся, што тамака адбываецца, а таму не сьпяшаўся вяртацца назад. Я папрасіў Зосю паказаць мне гаспадарку ў надзеі пабачыць, што адбываецца на мяжы. Так мы гулялі каля гадзіны. Калі сьцямнела, мы з Зосяй наблізіліся да гумна, і я кашлянуў і моцна загаварыў у знак папярэджаньня. Выйшла Ванда, і мне падалося, што яна зачырванелася — і ня ведаю, што гэта было: захад сонца, альбо дзяўчына засаромелася. Ейныя валасы зблыталіся й спадніца была крыху зблочанай. Мы моўчкі мінулі адзін аднаго. Дзяўчаты вярнуліся дахаты. Косьцік ляжаў на сене, углядаўся ў столь і ўсьміхаўся. Я нічога не пытаўся ў яго, але моцна раўнаваў.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги