Я запрапанаваў пайсьці ў Беласток, дзе ў Косьціка была сямья й дзе нам маглі тое-сёе растлумачыць. Мы йшлі вельмі асьцярожна, і нам спатрэбілася два дні, каб трапіць да Косьцікавага дзядзькі. За гэты час мы моцна стаміліся, былі галоднымі, зьбітымі з панталыку, але не спыняліся нідзе, бо памяталі словы селяніна. Калі мы прыйшлі ў Беласток, Косьцік ледзь не звар’яцеў: ён ведаў кожную вуліцу, кожны куток і рухаўся проста да хаты свайго дзядзькі.
Калі мы пагрукалі ў дзьверы, было каля дзесяці раніцы. Дзьверы адчыніла Косьцікава цётка й застыла на месцы, бо не чакала нас убачыць. Калі ж яна ўпусьціла нас у хату, радасьць сыйшла зь ейнага твару, і відаць было, што яна пасумнела й нечага баіцца. Я спытаўся, што яе турбуе, але цётка адказала, што ейны муж зможа лепш растлумачыць сытуацыю. (Косьцікаў дзядзька працаваў у гарадзкой адміністрацыі й лепш ведаў палітычнае становішча.) Мы прынялі гарачую ванну, якую цётка прырыхтавала для нас, і гэта было так прыемна — быць чыстым. Праўда, мыла было вельмі дрэннай якасьці, і я спытаўся, ці ня знойдзецца ў цёткі іншага, але яна адказала, што калі прыйшлі саветы, мыла, соль і цукар зьніклі. Нам далі чыстую бялізну, і мы памылі сваю вопратку. Потым мы пагаліліся й нарэсьце маглі пачувацца людзьмі.
Косьцікаў дзядзька вярнуўся дахаты й разгубіўся. Ён згроб Косьціка ў абдымкі са сьлязьмі на вачох. Дзядзька паведаміў нам, што Беларусь была «вызваленая» 17 верасьня 1939 году. Савецкія войскі ўвайшлі ў краіну, і Беларусь зрабілася часткай Савецкага Саюза. Па ягоных словах, беларусы спачатку добра паставіліся да гэтага, але вельмі хутка ўсё зьмянілася. Пасьля «вызваленьня» быў праведзены плебісцыт, і адзінадушна (што магчымае толькі ў Савецкім Саюзе) было вырашана, што заходняя частка далучаецца да ўсходняй з мэтай утварэньня адзінай рэспублікі. Заможныя сяляне («кулакі») разглядаліся як эксплуататары, «непажаданыя элементы» й высылаліся ў Сібір. (Заможнымі лічыліся тыя сяляне, у каго было больш за дзьве каровы, альбо два каня й мелася больш за дзесяць гектараў зямлі.) Косьцік ціха спытаўся пра сваіх бацькоў, якія былі даволі багатымі. Дзядзька нейкі час памаўчаў, а потым сказаў, што яны зьніклі. Аднойчы ноччу да іх хаты пад’ехаў чорны варанок, нейкі чалавек даў ім дзьве гадзіны, каб сабрацца, а затым яны зьніклі. Пасьля пра іх нічога не было чуваць. Косьцікаў бацька не зрабіў саветам нічога дрэннага — ён працягваў працаваць на чыгунцы й урабляць сваю зямлю разам з жонкай і сынам, якога, па чутках, адправілі ў лягер у Сібір. Мы ня верылі сваім вушам.
Я спытаў Косьцікавага дзядзьку, што я, на ягоную думку, мушу рабіць. Ён адказаў, што дасьць мне сотню рублёў на дарогу, і папрасіў забыцца на тое, што я наведваў ягоны дом, і што ў мяне ёсьць сябар Косьцік. Я пачуваўся так, як быццам бы ён даў мне абухом па галаве. Я думаў, што ўва ўсім гэным маецца нейкая памылка. Я ўцёк з палону й вярнуўся на радзіму, каб вывучаць медыцыну, а тутака… Косьцікаў дзядзька абняў мяне й сказаў, што празь нейкі час я змагу зразумець становішча лепш.
Нашае разьвітаньне з Косьцікам было вельмі эмацыйным, бо мы столькі перажылі разам! Мы паабяцалі пісаць адзін аднаму, як толькі ўсё ўсталюецца. Дамовіліся як-небудзь сустрэцца й за чаркай узгадаць свае прыгоды. Мы абняліся. Нашыя вочы напоўніліся сьлязьмі, і я выйшаў. Я адчуваў, што ўжо ніколі не пабачу яго.
Я накіраваўся на чыгуначны вакзал. Я добра запомніў папярэджаньне дзядзькі ня ехаць пасажырскім, каб не апынуцца ў бядзе, бо вельмі часта праводзіцца праверка пашпартоў. Ізноў я не разумеў гэтага. Нашто ім трэба было правяраць уласных грамадзянаў? Але мне прыйшлося прымірыцца з сытуацыяй. Я ня мог рызыкаваць, бо самым галоўным на той момант было вярнуцца дамоў і пабачыць маці.
Разам з пасажырскімі меліся яшчэ вагоны для перавозкі збожжа: саветы ў вялікай колькасьці вывозілі яго зь Беларусі й Украіны ва ўнутраныя раёны Савецкага Саюза. Гэта мяне зьдзівіла, бо я думаў, што ў Савецкім Саюзе мусіць быць дастаткова збожжа. Я вырашыў не купляць квіток, а прабрацца ў адзін з такіх вагонаў.
Ноччу мы прыбылі ў Баранавічы, і я злез зь цягніка. Усё выглядала такім знаёмым, такім утульным. Я пачуваўся так упэўнена, што пайшоў і купіў у касе квіток да Наваградка. А чацьвертай вечара мы выехалі, і я пабачыў знаёмыя пейзажы. Мае сэрца моцна забілася, а вочы напоўніліся сьлязьмі, але я стараўся хаваць свае эмоцыі, каб не прыцягнуць увагі. Празь некалькі гадзінаў цягнік прыбыў у Наваградак.
Я ведаў, што мая маці жыве ў кватэры на вуліцы Карэліцкай. Калі я дайшоў да рогу вуліцы, то аслупянеў: футах у дзесяці ад мяне стаяла маці, якая дагэтуль нават ня ведала, мёртвы я ці жывы. Мы абодва разгубіліся. Потым кінуліся адзін аднаму ў абдымкі й заплакалі. Мы не маглі вымавіць ні слова, але нарэсьце маці, якая ўсё яшчэ трымала мяне, сказала: «Пойдзем дадому, сынок». Мы былі моцна ўзрушаныя й спрабавалі зразумець, што адбываецца. Моўчкі мы накіраваліся да двухпакаёвай кватэры маёй маці.