Малады чалавек запярэчыў мне, што ў мяне няправільнае ўспрыняцьце мінулага, бо я быў падвержаны прапагандзе, якая зфармавала мае палітычныя погляды. Потым ён пачаў запэўніваць мяне, што я проста ня ведаю гісторыі, і што гэта саветы стварылі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, вызваліў беларускі народ, адчыніў школы й г.д. Я ня стаў удавацца ў дэталі, але ўсё ж запярэчыў, што Савецкі Саюз ня мог стварыць Беларускую Рэспубліку, бо яна была абвешчаная яшчэ ў 1918 годзе. Сьледчы запярэчыў, што ўсё гэта няпраўда, нямецкая агітацыя, і што беларусы мусяць дзякаваць Савецкаму Саюзу за стварэньне рэспублікі. Я разгарачыўся. Гэбіст уцягнуў мяне ў дыскусію, і я пачаў спрачацца, што той проста ня ведае гісторыі Беларусі. Я ўзбуджана распавядаў пра барацьбу беларускай інтэлігенцыі за незалежнасьць ад Польшчы й Расеі. Я ўзгадаў Княства Літоўскае, Кастуся Каліноўскага, які загінуў ад рукі царскага палача ў 1863 годзе, таму што хацеў, каб Беларусь была незалежнай. Я не ўсьведамляў тады, што выкладаю ім свае палітычныя погляды й патрыятычныя памкненьні. Сьледчы перахітрыў мяне. Працяглы час мы маўчалі. Гэбіст разглядаў паперы ў сябе на стале. Ён сказаў, што яму вельмі шкада мяне. Што я валодаю памылковай інфармацыяй, і мне, відавочна, нехта прамыў мазгі, магчыма, у лягеры для ваеннапалонных.

Сьледчы ведаў, што немцы дазволілі лекару Міколу Скорсу аб’яднаць вялікую колькасьць беларускіх патрыётаў у Беларускі нацыянальны камітэт у Берліне. Шмат хто з гэных патрыётаў вучыўся тамака перад вайной, але некаторыя былі вызваленыя зь лягеруў, і ім была прапанавая праца, як мне. Я сказаў сьледчаму, што мне ніколі ніхто не прамываў мазгоў. Тым больш, што я знаходзіўся ў лягеры нядоўга, і проста не было часу на тое, каб мне навязалі нейкія йдэі. Мы йзноў надоўга замаўчалі. Гэбіст праглядаў паперы, лічыў старонкі, паглядаў на мяне. Ён знарок маўчаў, і я пачаў пачувацца яшчэ больш няўтульна. Я здагадваўся, што сьледчы падазрае мяне ў сувязі з гэным камітэтам і думае, што мяне заслалі ў Беларусь. Гэна было няпраўдай, але як я мог даказаць гэта?

Празь нейкі час гэбіст заўважыў, што я, здаецца, ня надта схільны ды размоваў. Па ягоных словах было ўжо чатыры раніцы, і сьледчы прапанаваў прыпыніць допыт, каб я як сьлед усё абдумаў, а потым расказаў пра сябе крыху больш, чым зараз. Гэбіст націснуў кнопку, увайшоў ахоўнік і загадаў мне ісьці за ім назад у камеру. Калі я ўжо выходзіў, сьледчы заўважыў, што супрацоўніцтва зь імі дапаможа мне атрымаць свабоду. Я прамоўчаў — павярнуўся й пайшоў за ахоўнікам.

У калідорах панавала цемра. Калі дзьверы за мной зачыніліся зь ненавісным ужо бразгатаньнем, я падумаў, што зажыва пахаваны тутака. У мяне пацяжэла галава, і я пачуваўся прыгнечаным. Я зразумеў, што абвінавачаньні, якія мне прад’яўлялі, былі значна цяжэйшымі, чым я мог уявіць. Мяне падазравалі ў тым, што я засланы немцамі з мэтай арганізацыі пэўнай антыўрадавай дзейнасьці, і маю заданьні ад Беларускага камітэта ў Берліне. Прычым, я ня мог даказаць сваю невінаватасьць.

А сёмай раніцы мяне йзноў пабудзілі. Мне не дазвалялі спаць удзень. Я сеў на крэсла ў куце, якое было прыкручанае да сьцяны, і паспрабаваў паспаць, але так, каб не заўважыў ахоўнік. Таксама я зрабіў з хлебнага мякіша шахматы й спрабаваў гуляць сам з сабой: левай рукой супраць сваёй жа правай. Я пачаў уцягвацца ў гульню, але баяўся, што зьеду з глузду.

Некалькі дзён прайшло бяз допытаў. Кожную раніцу й удзень я рабіў зарадку, наколькі гэна было магчыма ў такой абмежаванай прасторы: выконваў хадзьбу, бег на месцы, адзьцісканьні. Я спадзяваўся, што яшчэ, магчыма, надарыцца магчымасьць зьбегчы, і я мушу быць у добрай форме. Я не хацеў мірыцца з тым, што мне прыдзецца сядзець у турме да канца маіх дзён. Я верыў, што нешта можа здарыцца й я буду йзноў вольным.

Ежа кожны дзень была аднолькавая: палова фунта мокрага, ліпкага хлеба, які ня меў ніякага смаку, і рыбны суп са шматкамі бульбы на палудзень і вячэру. Гэнага было дастаткова толькі, каб не памерці, але я не пачуваўся галодным. Я страціў апетыт праз дэпрэсію, прыніжэньне й безнадзейнасьць. Я заўважыў, што губляю вагу й стамляюся хутчэй, чым звычайна.

Аднойчы ў сярэдзіне лютага, апоўначы, пасьля некалькіх гадзінаў адпачынку, мяне йзноў выклікалі на допыт. Я йшоў за ахоўнікам, але гэным разам ён павёў мяне ў сутарэньні. Пакой для допытаў быў гэткім жа самым: крэсла, стол, лямпа. Мне загадалі сесьці, і затым увайшоў афіцэр-гэбіст. Калі я зірнуў на яго, то ў мяне мурашкі пабеглі па скуры. Я спужаўся, спужаўся ўпершыню за ўвесь час. Сьледчы быў надта высокім, з шырокімі плячыма, гадоў сарака-пяцідзесяці. У яго быў вузкі лоб, шырокія бровы, цёмныя вочы, гарбаты нос, вялікія вусны й цяжкое падбародзьдзе зь ямкай пасярод. Афіцэр быў гладка паголены й акуратна апрануты. У яго быў жорсткі, змрочны выраз твару, які не пакідаў вам ніякай надзеі, і стваралася ўражаньне, што гэны чалавек можа выкарыстаць якія заўгодна метады допыту.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги