Было недзе дваццатага красавіка, Вялікдзень, дзень, калі расьпялі Хрыста. Я паспрабаваў узгадаць якія-небудзь рэлігійныя сьпевы, а таксама велікодную службу, якую наведвала мая маці, і нават пашкадаваў, што ня веру сьлепа ў Бога, які ёсьць міласэрным і ўсёдаравальным. Я стаў думаць, ці не зрабіў чага, каб заслужыць гэтае пакараньне. Няўжо гэна была Боская воля на тое, што столькі людзей арыштоўваюць, дапрошваюць, расстрэльваюць, адпраўляюць у Сібір? І калі так, то як ён можа быць такім жорсткім? Як ён можа дазволіць, каб людзей наказвалі за тое, чаго яны ніколі не рабілі? Я спрабаваў засяродзіцца, маліцца. Але я ня ведаў малітваў. А можа, я мог бы маліцца сваімі словамі, ці яны тады ня будуць пачутымі? Я паспрабаваў прасьпяваць песьню, якую звычайна выконвалі ў царкве падчас прыгожай велікоднай службы. Але я ня змог пець, бо разумеў, што ня веру ў Бога, створанага царквой. Калі ён сапраўды існаваў, то ўва ўсім сусьвеце, і ня быў адказным за тое, што людзі робяць у дачыненьні адзін да аднага. Я быў упэўнены, што Бог не вінаваты ў разбурэньні й сьмерцях, выкліканых нямецкім нашэсьцем у Польшчы й Чэхаславакіі. Што ён не вінаваты ў рэпрэсіях супраць людзей у Савецкім Саюзе. Я падумаў, што, відаць, Бога сапраўды стварылі людзі й надзялілі яго ўсімі сваімі рысамі, усімі сваімі слабасьцямі. Верагодна, гэта сапраўды так, бо калі б не было людзей, не было б таго Бога, якога мы ведаем дзякуючы царкве, не было б розных рэлігіяў. Бог розны для жыдоў, каталікоў, праваслаўных, мусульманаў, афрыканскіх, індэйскіх плямёнаў, якія не спавядаюць асноўных рэлігіяў. Усе маюць Бога ці багоў, якія створаныя па людзкім падабенстве. Я лічыў, што няварта маліцца гэтаму Богу, бо ён такі ж самы, як і людзі. Такі ж жорсткі й бязьлітасны, як і яны. А вера ў тагасьветнае жыцьцё дапамагае толькі тым, хто знаходзіцца пры сьмерці й хоча спадзявацца, што пабачыць лепшае заўтра. Але я так і не знайшоў адказу на ўсе свае пытаньні пра Бога.

Па нейкай невытлумачальнай прычыне мне дазволілі чытаць кнігі з турэмнай бібліятэкі, якія прыносіў бібліятэкар-зьняволены. Большасьць кніг былі нецікавымі — у асноўным, бальшавіцкая прапаганда, але я атрымліваў таксама пераклады заходняй клясікі на расейскую мову, і чытаў па кніжцы на тыдзень. Аднойчы мне трапілася кніга Лермантава. Адзін зь вершаў у ёй быў пра маці, якая згубіла свайго сына. Тамака казалася, што, як вярба ня зможа ўзьняць свае галіны, так і маці ніколі не забудзе сваё дзіця. Я задумаўся пра сваю маці. Бедная жанчына — яна столькі пакутвала! Колькі яна натрывалася, калі згубіла свайго мужа, а затым — сына. Я думаў пра тое, што яна здолела выгадаваць мяне адна, толькі каб згубіць падчас вайны (калі яна нават ня ведала, ці жывы я), пабачыць на нейкі час, а потым ізноў згубіць. Прычым, калі я быў ваеннапалонным, яна магла хаця б спадзявацца, што я вярнуся, а цяпер, калі мне прад’яўлялі палітычныя абвінавачаньні, надзеі амаль не было. Я выўчыў гэны верш напамяць і дагэтуль ведаю яго.

Празь нейкі час я ўсьвядоміў, што мне спрабуюць адстукваць нешта празь сьцяну на марзянцы альбо наўчыць ёй. Але я ня здолеў гэтага зрабіць. Ня ведаю, чаму, але я не разумеў гэтай сыстэмы й дагэтуль не валодаю ёю. Магчыма, гэта таму, што я баяўся, што любая камунікацыя са зьнешнім сьветам, нават з суседняй камерай, прывядзе да йзаляцыі, а мне гэтага надта не хацелася.

Дні міналі адзін за адным, і, па маім календары, надышло першае траўня — дзень усіх працоўных. Паколькі мяне перавялі ў іншы будынак, я мог бачыць вуліцы Менску й чуць музыку й гукі параду. Мой сьледчы, малады чалавек, сказаў, што, калі я падпішу прызнаньне, то змагу быць сярод сьвяточнага натоўпу. Я ведаў, што гэна няпраўда й што, калі я сапраўды зраблю гэта, то падпішу сьмяротны прыгавор маім дзядзькам і іншым людзям, якія ўцягненыя ў маю справу. Я йзноў паўтарыў, што не падпішу, бо тамака ўсё няпраўда. Тады гэбіст параіў мне назіраць парад праз вакно. Знадворку ўсё падавалася такім вясёлым, але я ня мог даўмецца, як людзі могуць радавацца ў турме, якой для іх стаўся Савецкі Саюз. Сьледчы сказаў, што, калі мне ўжо напляваць на сябе, і я хачу зламаць сабе жыцьцё праз сваю ўпартасьць, то мушу падумаць хаця б пра маці. Ён намякнуў, што маці могуць таксама арыштаваць, і, магчыма, яна раскажа ім пра мяне крыху больш. Гэта было горш за ўсе катаваньні. Я мог вытрымаць зьбіваньні, ізаляцыю, але ня тое, што з маёй маці можа быць тое самае. Упершыню я задумаўся пра тое, каб падпісацца й выратаваць маці. Я вельмі доўга разважаў пра гэна, але потым вырашыў, што, калі ўжо нешта мусіць здарыцца зь ёю, то гэта здарыцца незалежна ад таго, што я зраблю. Яны ўсё роўна арыштуюць яе, калі ўжо наважыліся, але калі я падпішу, яна апынецца палітычным вязьнем.

Празь некалькі дзён мяне ўзноў выклікалі на допыт, і я пабачыў ката Гіньзьберга. Я прырыхтаваўся да найжахлівейшага катаваньня й баяўся, што ня вытрымаю яго й падпішуся. У глыбіні душы я адчуваў, што аднойчы ўсё роўна падпішу, і мяне тады праклянуць, заб’юць, сашлюць. Я ўжо больш ня мог трываць фізычны й духоўны зьдзек.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги