У чэрвені 1939 году я выйшаў з школы з сэржанцкімі лычкамі і быў прызначаны ў 42-гі полк у Беласток. 27 жніўня мяне паставілі камандаваць эскадронам, абвесьціўшы, што ўсім сэржантам з школы рэзэрвістаў прысвойваюць званьне лейтэнантаў. Адразу ж наш полк выступіў у накірунку мяжы з Усходняй Прусіяй. Душным вечарам трыццаць першага жніўня ўзвод капаў акопы першай ліні абароны сярод разлогу палеткаў. Гэтай ноччу я ня мог заснуць, пытаньні не выходзілі ў мяне з галавы: што я тут раблю? Чаму я маю рызыкаваць жыцьцём дзеля польскага ўраду, які прыцясьняе мой народ? Прачнуўся я ўжо ад артылерыйскай кананады. Данесьлі, што немцы прасоўваюцца наперад. Ззаду і сьпераду рваліся снарады. І раптам мне стала страшна. За сябе, за сваё жыцьцё. Я проста трэсься і ня мог стрымаць сябе. Бліжні жаўнер пабачыў мой стан і прапанаваў мне цыгарэту. Паленьне, і праўда, дапамагло. Калі разьвіднела, стала канчаткова ясна, што немцы рухаюцца наперад, а неўзабаве наляцелі нямецкія самалёты. Трэцяя ж бомба разьбіла кулямёт у нас на правым флянгу. Яшчэ праз гадзіну быў выведзены з строю кулямёт зьлева. Мы засталіся з трыма лёгкімі кулямётамі і дапатопнымі вінтоўкамі, на кожную зь якіх нам выдалі па пяць патронаў. Я нават ня мог спраўдзіць, колькі байцоў мы згубілі, толькі бачыў, што справа ад мяне трое загінулі, а сямёра атрымалі параненьні. Справы ішлі ўсё горш… Вось ужо заціх наш астатні кулямёт, немцы насядалі, а загаду на адход усё не было. Немцаў ужо прыходзілася адбіваць у рукапашную. Ажно нарэшце апоўдні прыйшоў загад адыходзіць. Ня ведаю, як мы яшчэ змаглі больш-менш арганізавана адысьці — у нас ужо не заставалася патронаў, каб прыкрываць адыход. Толькі цяпер загаварыла польская артылерыя. Пад другую на кані прыскакаў палкоўнік, патрабуючы, каб мы контратакавалі і адкінулі немцаў назад за мяжу. Ён сам павёў нас у атаку. Мы атакавалі з такім напорам, што немцы сапраўды адкаціліся назад. На першай лініі абароны мы спыніліся й пратрымаліся там да ночы, калі прыйшоў загад пад покрывам цемры адступіць. Во так мы ваявалі: недакормленыя, недаапранутыя, недаўзброеныя. Адкуль жа браўся наш нязломны баявы дух? Ці то быў калектыўны гіпноз, ці то масавая гістэрыя? Так усё і працягвалася. Удзень мы ўпарта адбіваліся, а ўначы адступалі на Зэмбруў. Паступова мы згубілі кантакт з суседнімі дывізіямі, пасьля з штабам нашага палка. Кожны батальён, рота, узвод мусіў змагацца сам.

На раніцу 17 верасьня, калі мы трапілі ў нямецкае акружэньне, ў маім узводзе заставалася толькі 37 чалавек з 60. У другі раз за вайну мне стала сапраўды страшна. Польская прапаганда сьцьвярджала, што немцы палонных не бяруць, а ўсіх забіваюць. Але выйсьця не было. «Гендэ гох!» — крычалі нам немцы. Я пацалаваў свой навюткі, харошы бэльгійскі рэвальвэр і выйшаў ім насустрач з узьнятымі рукамі. Гэта быў момант страшэннай ганьбы.

Нямецкі капітан абвесьціў нам, што мы знаходзімся пад аховай Жэнэўскай канвэнцыі і што, калі мы ня будзем супраціўляцца і ўцякаць, з намі нічога ня зробяць. Калі капітан даведаўся, што камандзір узводу — я, ён спытаўся, хто я такі. Ён быў вельмі зьдзіўлены, чаму я, беларус, змагаюся зь немцамі, сябрамі беларускага народу. Мне не было чаго яму адказаць. Мне не было чаго й сабе адказаць.

<p>Разьдзел 2. Ваеннапалонны</p>

Мы выступілі, і потым былі ўзьяднаныя зь іншымі групамі супраціву й накіраваныя ў бок Усходняй Прусіі. Колькі мы йшлі — сказаць не магу дакладна. Памятаю, што за мяжой мяне ўразілі прыгожыя фермы, чыстыя вёскі й файныя хаткі. Я ўзгадаў польскую прапаганду, якая сьцьвярджала, што ў немцаў не было дастаткова ежы й што іхныя танкі былі зробленыя з кардону. Цяпер я бачыў, што гэта было няпраўдай. Нас накіравалі на бульбяное поле, і, паколькі не было вады, мы распалілі вогнішчы й пяклі бульбу. На трэці дзень немцы прывезлі ў лягер некалькі кухняў і зварылі для нас нешта накшталт супу з бульбай і далі крыху хлеба. Я сустрэў паплечніка, таксама беларуса, з 42 палка. Яшчэ адзін чалавек з нашай групы, зь якім я пазнаёміўся, быў палякам з Познані, і ён заўсёды казаў, што мы мусім трымацца разам, усім дзяліцца й дапамагаць адзін аднаму, бо, магчыма, мы застанемся ў лягеры для ваеннапалонных да канца жыцьця. Мы сабралі ў месца непарушны запас і дзяліліся ўсім, што было. Аднойчы нам удалося атрымаць дадатковыя порцыі супу, і калі мы адышлі, каб падзяліць іх, наш польскі «сябра» сказаў, што кожны сам за сябе. Зь беларусам мы дзялілі ўсё, што ў нас было, але тое, што мелася ў паляка, прызначалася толькі яму. Я ніколі ня бачыў яго пасьля, але гэны выпадак быў для мяне добрым урокам у тым, што датычыцца даверу, сяброўства й чалавечай натуры.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги