Некалькі польскіх афіцэраў і лекары зь мясцовага лягернага лазарэта заклікалі мяне згуляць зь імі ў карты й наўчыцца гуляць у брыдж. Я пайшоў да іх, але ня мог сачыць за гульнёй. Мяне нішто не цікавіла. Я зранку да вечара блукаў па лягеры безь ніякіх пачуцьцяў альбо мэты. Аднойчы я ўзгадаў, як падчас майго візіту ў лячомніцу да маці, яна спыталася, ці пабачыць мяне яшчэ калі-небудзь, і я запэўніў яе, што я яшчэ занадта малады, каб паміраць. Я ўспомніў, як паабяцаў ёй і сабе, што стану лекарам і раптам усьвядоміў, што не магу болей губляць часу й мушу й надалей плянаваць свае ўцёкі.
Плянаваньне ўцёкаў — гэта сапраўднае збавеньне для ваеннапалонных, бо ты ўжо ўяўляеш сваё жыцьцё зьмененым, робісься больш жвавым і не зважаеш ні на што, акрамя сваіх плянаў.
Недзе напрыканцы лістапада Косьцік таксама вярнуўся жывым і мы ўзнавілі падрыхтоўку да ўцёкаў з усімі дробязнымі дэталямі. Нам былі патрэбныя кусачкі, компас, мапы й ежа. Мы накуплялі танных гадзіньнікаў, Косьцік падрабіў іх пад «Омега», якія я потым прадаваў. Я, канечне, рызыкаваў сваім жыцьцём, але мы працягвалі падманваць немцаў. Гэта была небясьпечная, але захапляльная гульня, і яна нам падабалася. Падманваць немцаў ня грэх, і мы іх не шкадавалі. Мы склалі ліст дабравольцаў з тых людзей, якія хацелі дапамагчы нам зьбіраць ежу, а потым далучыцца да ўцёкаў. Нам патрэбна было ежы на пяць-шэсьць дзён, каб трапіць да мяжы з Усходняй Прусіяй, а адтуль — у Савецкі Саюз.
Тым часам, 17 верасьня 1939 Чырвоная Армія акупавала Заходнюю Беларусь, і была ўтвораная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Гэная падзея была прадстаўленая як вызваленьне беларускага народу. Заходнікі не разумелі, што азначала гэная акупацыя. Яны думалі, што Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай і што пасьля ўзьяднаньня яны будуць уважацца за першарадных грамадзянаў сваёй уласнай краіны. Хутка пасьля акупацыі заможныя сяляне (кулакі) былі абвінавачаныя ў тым, што эксплуатуюць іншых людзей, каб зарабіць сабе багацьце. Саветы не трывалі фінансавай незалежнасьці, а таму саслалі тысячы «кулакоў» у Сібір, а астатніх сялянаў сагналі ў калгасы. З Усходняй Беларусі саветы запрасілі тых настаўнікаў і кіраўнікоў, якім давяралі. Трансфармацыя адбылася вельмі хутка, бо вельмі эфектыўна ўжываліся тэрор і падаўленьне ўсялякіх свабодаў. Людзі даволі хутка ўсьвядомілі, што любога кшталту пярэчаньне савецкім уладам прывядзе адное да імгненнага зьнікненьня пры дапамозе сакрэтных службаў. Што датычыцца беларускай інтэлігенцыі, то яна разглядалася як небясьпечны элемент і таксама была рэпрасаваная.
Да лягеру дайшла чутка, што ў Беларусі былі адчыненыя ўсе школы і што кожны мог вучыцца ва ўніверсітэце. Я пачаў марыць пра тое, каб вывучаць медыцыну. Маё жаданьне зьбегчы як мага хутчэй рабілася ўсё больш і больш моцным і з дэпрэсаванага чалавека пераўтварыла мяне ў энергічны, ваяўнічы дух. Я быў поўны надзеяў і нават зацікавіўся тым, як гуляць у брыдж! Калі выключалі сьвятло, мы з Косьцікам мармыталі нашыя пляны, і нас не пужала тое, што, як лічылася, зь лягеру, зь ягоным падвойным дротам, назіральнымі вышкамі, аховай і кулямётамі, немагчыма было зьбегчы.
У лягеры праз кожныя сто мэтраў праходжваліся паміж вышкамі ахоўнікі. Мы засеклі, колькі ім трэба часу, каб прайсьці гэтую адлегласьць, і падлічылі, колькі нам спатрэбіцца часу, каб разрэзаць дрот.
Спачатку ўцёкі былі заплянаваныя на снежань, але мы не знайшлі кусачкаў і мапы і таму сьвяткавалі Ражаство ў лягеры. Я думаў тады пра сваю маці. Уяўляў, як яна ўзгадвае пра мяне на сьвяты й плача, што я ня вольны. Гэныя думкі толькі ўзмацнілі мой намер уцячы.
У лягеры зь немцамі супрацоўнічалі эмісары, выбраныя з саміх палонных. Адзін зь іх неяк зьвярнуўся да нас з прапановай запісацца дабравольцамі да немцаў. Ён паабяцаў, што калі мы зробім гэта, нас выпусьцяць зь лягеру й мы будзем больш-менш вольнымі. Канечне, мы заставаліся б замежнікамі, але нішто не выдавала б на тое, і мы маглі б вольна перамяшчацца на пазначаных тэрыторыях. Мяне вельмі раззлавала гэная прапанова, і я сказаў, што дабравольцы мусяць саромецца саміх сябе й таго, што працуюць на ворага. Магчыма, яны думалі, што тое, што яны робяць, у рэсьце рэшт найлепш. Яны вызвалялі беларусаў, бо, відаць, думалі, што тыя будуць потым лепш падрыхтаваныя для выкананьня заданьняў, калі немцы заваююць Беларусь.