Я даведаўся, што майго дзядзьку арыштавалі незадоўга да вайны. Дзядзьку Шчатырку саслалі. Большасьць беларускай інтэлігенцыі загналі ў вагоны для скаціны й адправілі ў Сібір. Дзядзька Базыль здолеў нейкім чынам уцячы, вярнуўся ў Любчу й распавёў, як яго арыштавалі й дапрошвалі. Мы параўналі тое, што нам казалі ў КГБ. Дзядзьку Базылю даводзілі, што я, быццам бы, агаварыў яго й пацьвердзіў, што ён належыць да шпіёнскага кола. Мне казалі тое самае пра дзядзьку.
Але мяне не цікавіла палітыка. У галаве ў мяне было зусім пуста. Адзінай радасьцю было апынуцца каля ракі, на прыродзе. У мяне быў дваякі настрой. З аднаго боку я цешыўся з таго, што свабодны, а з другога — ня мог знайсьці месца, да якога я належаў. Я пачуваўся вельмі прыгнечаным пасьля савецкай турмы й сьмерці маці. Я пачаў выпіваць разам са сваімі сябрамі. Алкаголь на пэўны час дапамагаў мне, але пасьля працьвярэжваньня мне рабілася яшчэ горш.
Тым часам я сустрэўся са сваёй ранейшай пасіяй Наташай. Я быў добра прыняты ейнай маці (бацька ейны памёр), якая хацела суцішыць мой боль пасьля сьмерці маці. Я ня быў закаханым у Наташу, але я ёй падабаўся, і яна рабілася надта агрэсіўнай. Яна пачала дражніць мяне, што я згубіў у палоне здольнасьць быць мужчынам. Яна падазравала, што нешта мусіла здарыцца, бо я ўжо не такі настойлівы, як у школе. Я не апраўдваўся, але й не хацеў узнаўляць нашыя адносіны, тым больш, што мой сябра Янка Хутар быў закаханы ў Наташу. Гэта было б несправядліва ў дачыненьні да яго.
Я заўважыў, што паміж Наташай і ейнай маці ўсё часьцей здараюцца сутычкі. Некалькі разоў дзяўчына запрашала мяне пакатацца на ровары. Аднойчы яна прызналася мне, што замужам. Я быў моцна зьдзіўлены гэтым. Яна распавяла мне, што падчас савецкай акупацыі матэрыяльнае становішча было вельмі цяжкім, а ейны муж, на пятнаццаць гадоў старэй за яе, служыў у гарадзкой адміністрацыі. Ён меў нейкае дачыненьне да разьмеркаваньня ежы й жыў у дастатку. Калі Наташа апынулася ў цяжкім становішчы, бо да ўсяго іншага ейная маці хварэла на артрыт, яна зайшла замуж за гэнага чалавека. Яна сказала, што не кахала яго. Я спытаўся, нашто яна распавядае мне пра ўсё гэта. Проста Наташа хацела, каб я ведаў, што яна ўсё яшчэ кахае мяне. Я адказаў, што гэта нічога не мяняе. Што яна замужняя жанчына, і нам лепш не сустракацца, бо ейны муж можа гэта няправільна зразумець. Пасьля доўгага маўчаньня, яна заявіла, што хоча ад мяне дзіця. Я быў агаломшаны такой простай, адкрытай прапановай. Я быў выхаваны ў кансерватыўным духу й лічыў сямью сьвятыняй, недатыкальным саюзам двух людзей, якія мусяць заставацца вернымі адзін аднаму. Я ня ведаў, што адказаць. Яна спыталася, ці не зрабілася са мной чаго-небудзь у турме, што не дазваляе мне быць мужчынам і зрабіць дзіця. Мяне гэта моцна зачапіла, бо ў турме, сапраўды, такое магло здарыцца. Дагэтуль у мяне не было магчымасьці давесьці адваротнае ні сабе, ні каму-небудзь іншаму, але нават цяпер я ня бачыў у гэтым неабходнасьці. Я адказаў, што, незалежна ад таго, што Наташа думае, я не гатовы прыняць ейную прапанову.
Празь некалькі дзён ейная маці паклікала мяне на госьці. Яна паведаміла мне, што дачка пачуваецца моцна прыгнечанай, і ёй не хапае маёй і Янкавай кампаніі. Я пагадзіўся пабачыцца з Наташай, і мы паехалі катацца на маім ровары. Яна хацела апошні раз пагаварыць са мной, і, магчыма, пасьля гэтага мы ўжо ніколі не сустрэнемся й ня будзем сябраваць. Яна села перада мной на ровар, і мы паехалі за горад на поўнач — у пекны лясок, дзе аднойчы гулялі й любаваліся прыродай. Наташа ўзяла з сабой паесьці, самагонкі й коўдры. Яна паводзіла сябе вельмі спакушальна, і мне было сапраўды цяжка не паддацца на ейныя чары. Ня ведаю, дзе яна гэтаму наўчылася. Яна заўсёды дурэла з хлапцамі ў школе, білася зь імі, але была амаль недатыкальнай. Яе немагчыма было пацалаваць, бо немагчыма было падступіцца. Нешта зьмянілася.
Наташа пачала йзноў дражніць мяне й казаць, што гэта апошняя магчымасьць для мяне даказаць, што я мужчына, і што нарадзіць ад мяне дзіця — апошняя ейная просьба. Я маўчаў нейкі час, а потым устаў і рэзка загадаў ёй сесьці на ровар, інакш я пакіну яе ў лесе адну. Яна падпарадкавалася й, са сьлязьмі на вачах, спыталася, чаму я адмаўляюся ад яе. Мы больш не размаўлялі. Я завёз яе дамоў і кінуў тамака. Я ня бачыў яе пасьля таго вельмі доўга, а потым сустракаўся выпадкова некалькі разоў. Паміж іншым я закахаўся ў дзяўчыну, і гэта сталася сапраўдным каханьнем, якое прывяло да шлюбу.