Аб адзінаццатай вечара мы заўважылі, што другая група зьнікла. Каля паўночы мы пачулі кулямётныя чэргі. Выдавала на сутычку зь немцамі. Нейкі час было ціха. Мы ня ведалі, што тамака здарылася. (Пасьля мясцовыя жыхары распавялі нам, што гэна на ўсходзе ад Чэрвеня расстралялі другую групу.) Каля чатырох раніцы нехта закрычаў, што нас пакінула ахова. Усе паўставалі, узьняўся шум. І сапраўды — аховы не было. Мы адчынілі турэмныя вароты, і ўсе павыбеглі.

Я бег і бег і нарэсьце апынуўся каля пакінутай сялянскай хаты. Тамака меўся подпал, у які можна было залезьці знадворку, што я й зрабіў, каб перачакаць і пагледзець, што будзе далей. Я заставаўся тамака ўвесь дзень і ўсю ноч. На наступны дзень я вылез, каб разгледзецца й, на дзіва, пабачыў на краю вёскі нямецкі танк з экіпажам у чатыры-пяць чалавек. Немцы галіліся. (Яны, відаць, не маглі ўявіць, што можна ваяваць не пагаліўшыся, альбо ім загадвалі.) Я ўзрадаваўся, што пабачыў салдат, але й пабойваўся, бо ня ведаў, што можа здарыцца. Паколькі я гаварыў па-нямецку, я падышоў да іх. Я павітаўся й яны прыязна адгукнуліся. Яны спыталіся, хто я такі. Я адказаў, што быў дагэтуль у савецкай турме, а зараз іду дамоў на захад ад Менска й хацеў бы атрымаць якое-небудзь пасьведчаньне, што дазволіць мне вольна перамяшчацца. Яны адказалі, што мне не патрэбныя ніякія паперы, бо я размаўляю па-нямецку, і мяне ніхто ня спыніць. Я ня ведаў, верыць ім ці не, але яны былі даволі прыязнымі й у добрым настроі. Я не ўсьведамляў, што лініі фронту не было. Яны альбо прарваліся, альбо іх закінулі на парашутах. Саветы былі раскіданыя й ня ведалі, дзе знаходзяцца немцы.

Я пайшоў назад на захад. Ніхто не пытаўся, хто я такі ці што раблю. Я дайшоў да краю пушчы, і раптам нехта па-расейску загадаў мне ўзьняць рукі ўгору. Мяне спыталі, куды я йду. Я адказаў, што быў у турме, а цяпер хацеў бы запісацца ў Чырвоную Армію, але ня ведаю, дзе гэта можна зрабіць. Яны спыталіся, ці магу я пацьвердзіць, што быў у турме. Мне пасьведчаньне далі, калі адабралі гадзіньнік. Я паказаў гэнае пасьведчаньне й мяне адпусьцілі. Я заўважыў яшчэ двух чалавек у кустах. Магчыма, гэна таксама былі зьняволеныя, якія спрабавалі дабрацца дадому. У іх таксама, відаць, папрасілі пасьведчаньні, але мужыкі ўжо выкарысталі іх на самакруткі. Празь некалькі хвілінаў я пачуў два стрэлы й падумаў, што, відаць, іх прынялі за нямецкіх шпіёнаў і расстралялі.

Я рухаўся на захад і назіраў за савецкімі войскамі, якія адступалі бяз зброі, у беспарадку. Не было арганізацыі, належнага камандаваньня. Танкі, вазы, салдаты тысячамі адступалі на ўсход. Мяне зьдзіўляла Чырвоная Армія, пра каторую я чуў столькі прапаганды. Меркавалася, што яна мусіць быць самай моцнай, аднак яна была разьбітая нямецкімі войскамі літаральна за некалькі дзён.

Калі я прыйшоў у Менск, то пабачыў на перакрыжаваньні двух разьняволеных нямецкіх салдатаў, якія былі добра ўзброеныя, і якім здавалася ў палон купка чырвонаармейцаў. Але немцы ня бралі палонных і адпусьцілі іх. Многія з гэных салдатаў засталіся ў навакольных вёсках, дзе працавалі ў гаспадарках і чакалі, пакуль сытуацыя зьменіцца.

Я дайшоў да акраіны Менску й атрымаў шок, калі пабачыў, як немцы расстрэльваюць палонных. Немцы, якія мусілі вызваліць нас, рабілі тое самае, што й саветы на працягу столькіх гадоў.

Хаця я таксама назіраў, як у некаторых вёсках людзі выходзілі з хат з хлебам і сольлю на белых ручніках, каб павітаць немцаў і падзякаваць ім за вызваленьне. Салдаты паводзілі сябе дастаткова прыязна й прымалі паднашэньні. Я бачыў, як вяскоўцы дастаюць з тайнікоў схаваныя йконы, запальваюць лампады й моляцца Богу ад радасьці, што жорсткі рэжым Сталіна нарэсьце скончыўся. Я не ўсьведамляў, што адбываецца. Мяне зьдзівіла, што немцы, якіх сяляне сустракаюць з хлебам-сольлю, расстрэльваюць ваеннапалонных бяз суда й сьледства. На той момант я ня мог думаць і не ўяўляў, што чакае мяне наперадзе.

<p>Разьдзел 4. Нарэсьце — вызваленьне! Альбо?</p>

Мяне спыніла паліцыя й спыталася, хто я такі. Я адказаў, што сядзеў да вайны ў савецкай турме, але размаўляць буду толькі зь іхным камандзірам. Тады мяне прывялі ў маленькі паліцэйскі ўчастак, у пакой, які ахоўваўся. Я йзноў спужаўся. Да мяне хутка вярнуліся ўспаміны пра КГБ.

Мяне выклікалі да мясцовага камэнданта. Я адразу пазнаў чалавека за сталом. Гэна быў Яўген Клімовіч. Мы вучыліся разам у польскай гімназіі, і ён быў на год ці два старэй за мяне. Яўген граў на гітары й сьпяваў прыгожым тэнарам. Некалі ён быў закаханым у маю стрыечную сястру, Ніну Бітус, і прыязджаў да нас у Любчу на вакацыі.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги