Штож да партызанскага руху, дык маем поўныя асновы на тое, каб прыпушчаць, што ў вабставінах незалежнага дзяржаўнага жыцьця, ён калі й існаваў бы, дык быў бы вельмі абмежаваны ды поўнасьцяй адарваны ад шырэйшых масаў беларускага народу. Партызанскі рух у Беларусі быў вынікам спэцыфічных палітычных абставінаў, выніклых зь няведаньня нямецкімі палітычнымі дзейнікамі нацыянальнае праблемы эўрапэйскага ўсходу, як таксама і іхнай палітычнай засьлепленасьці. Поўная адсутнасьць палітычнае праграмы, нялюдзкае абыходжаньне зь мясцовым жыхарствам, прымусовыя вывазы на працу ў Нямеччыну, фізычнае вынішчэньне беларускага народу, адносіны да палонных, голад — гэта ўсё тыя асноўныя мамэнты, што спрычыніліся да вялізарнага росту партызанскага руху ў Беларусі.
Парашутаванае партызанскае кіравецтва не знайшло б ніякага водгуку ані сярод масаў беларускага сялянства, ані беларускай інтэлігенцыі. Гэнае кіравецтва было для беларускага народу чужым як па крыві, так і па духу. І калі б яно наткнулася на тэрыторыі Беларусі на гатовую палітычную праграму, што задаваляла беларускі народ, дык наагул увесь бальшавіцкі партызанскі рух памёр бы натуральнай сьмерцяй.
Сталін вельмі добра ведаў, чаго хоча беларускі народ, калі, скідаючы сваіх партызанаў, казаў ім:
«Забудзьцеся, хто вы былі. Ад сяньня вы беларускія патрыёты, што змагаюцца за вызваленьне Беларускай Рэспублікі ад нямецкага акупанта».
Савецкая прапаганда, кіраваная на Беларусь у беларускай мове, абяцае падняць Беларусь на ўзровень незалежнай дзяржавы з асобным міністэрствам замежных справаў. Абяцаньні дакладнага выкананьня параграфаў канстытуцыі аб праве выступу з Саюзу Рэспублікаў, паварот да рэлігіі, візія аграрнай рэформы — ўсё гэта аргумэнты, якія не сустрэліся зь ніякім паважным контраргумэнтам, за выняткам плякатаў: «Вас чакае зямля!» Аб гэтым ужо часткова пераканаўся беларускі селянін, бо сотні й тысячы ляглі ў зямлю ад нямецкай кулі.
Беларускі актыў аднак верыў яшчэ ў перамогу здаровай палітычнай думкі нямецкіх адказных дзейнікаў. Але мэмарыял за мэмарыялам бязь ніякіх вынікаў губляецца ў нямецкіх архівах. «Перш трэба выйграць вайну, а пасьля пабачым», — быў адзіны адказ немцаў. У іхнай праграме была толькі мэта нэгатыўная: змаганьне супраць бальшавізму. Поўнасьцяй адсутнічала другая і самая асноўная частка: за што.
Што да беларускага народу, дык яму ня было на каго спадзявацца. Заставалася адна надзея — гэта вера ў собскія сілы. Гэта быў адзіны мамэнт, які дамінаваў у Наваградзкім Эскадроне. Ягоныя маладыя жаўнеры былі люстрам народных пачуцьцяў. Іхная дзейнасьць сьветчыла аб гэтым. Дзе толькі пабываў эскадрон, усюды здабываў сэрцы беларусаў. Сяляне пераканаліся, што ня толькі бел-чырвона-белыя сьцяжкі на нямецкіх уніформах эскадрону розьнілі яго ад нямецкага акупанта. Пад гэтымі чужымі ўніформамі хавалася беларускае сэрца.
Жаўнеры гарэлі жаданьнем шырэйшай акцыі. Яны хацелі як найхутчэй ісьціць пастаўленую мэту: стацца запраўднымі абаронцамі свайго народу. На працягу студзеня й лютага плянава рабіліся маршы ў ваколіцы Наваградка, але ўжо ў поўным баявым парадку, з набітымі кулямаётнымі стужкамі ды дыскамі.
Першая маленькая сустрэча з ворагам была ў Сяльцы, падчас ночных заняткаў. Ціхая зімовая ноч. Эскадрон бясшумна мінае Сялец. Пярэдняе забясьпячэньне зьнікае ў густым лесе. Дрэвы, здаецца, дрэмляць, прыкрыўшы свае галіны пухам сьнегу. Гэтую цішыню парушае толькі раўнамерны скрып сьнегу пад нагамі жаўнераў. Раптам начную цішыню праразае сухі адрывісты рогат «фінкі» і тут-жа, у вадказ, некалькі паасобных стрэлаў ды ў сьлед за імі ўжо паважней адказаў «дзехцяр».
— Гэта мусіць нашы, гэта мусіць нашы, — пачуўся ціхі шэпат у радох эскадрону.
Пачуўся тупат жаўнера: пры выхадзе зь лесу перадавое забясьпячэньне сустрэлася з ворагам: трое саней з партызанамі. Яны ўцяклі ў кірунку Мотчы.
— Першы зьвяз далучыць да пярэднага забясьпячэньня. Кірунак Мотча. Перашукаць вёску і варочацца назад. Трэйці зьвяз: затрымацца ў Сяльцы і падрыхтаваць кватэры для першага. Другі зьвяз забясьпечыць пастой.
Ізноў усё пакрыла цішыня. Стратаў ня было ні з нашага боку, ні з боку партызанаў. Усю ноч солтыс Сяльца зь яшчэ колькі сялянамі правёў у сяброўскай гутарцы з камандзерам і жаўнерамі.
— Каб не эскадрон, дык сяньня ўначы нехта заплаціў бы жыцьцём, а мо й я сам. Дзякую вам, хлопцы. Шкада, што ня можаце застацца даўжэй…
Першыя чатыры месяцы 1944 году былі выпаўнены падобнымі большымі ці меншымі выбегамі ў тэрэн. Ваколічныя вёскі Лагадкі, Рутка, Ваўкавічы, Куравічы, Попкава, Лазьневічы, Жданавічы, Асмолава, Каменка былі чарговымі аб’ектамі нашага эскадрону. У сакавіку паасобныя зьвязы выяжджалі ў паветы, дзе ў гэтым часе падрыхтоўвалася і праводзілася мабілізацыя ў Беларускую Краёвую Абарону, загаданую Беларускай Цэнтральнай Радай.