БЦР мела пачаткава пераняць у свае рукі цывільнае судоўніцтва, школьніцтва, і пазьней адміністрацыю. Гэны твор быў вынікам нямецкіх няўдачаў на фронце і партызанскага руху, які ўсьцяж рос. Немцы думалі, што змогуць задаволіць незадаваленьне беларускіх масаў гэтым «эрзацам» улады. У практыцы аднак палажэньне не зьмянілася. Назначаныя на акругі Акруговыя Намесьнікі ня мелі практычна большага значэньня, як дасюлешнія кіраўнікі Самапомачы, ці Мужы Даверу. Немцы не хацелі выпускаць лейцаў з сваіх рук. Там, дзе мясцовы актыў здабыў сабе сякую-такую пазыцыю, там яе і ўтрьмаў: там дзе яе ня было, не памог і гэны штучны наватвор.

Абвешчаная мабілізацыя ў БКА выклікала шмат камэнтараў. Калі ставілася пад сумлеў мэтазгоднасьць фармаваньня эскадрону з гледзішча агульнага палітычнага палажэньня і ў васаблівасьці палажэньня на франтох, дык тым больш паўставала пытаньне дамэтнасьці падрываньня беларускіх масаў да згары асуджанага на няўдачу пачыну. Не на гэтым аднак месцы крытычны агляд таго пэрыяду ды й гэта было б адыходам ад тэмы. Мабілізацыя была агалошаная. Набор у БКА праводзіўся па ўсіх куткох Беларусі ў засягу цывільнае ўлады. Практычна яна абмяжоўвалася па пунктах, неапанаваных партызанскім рухам.

Камандзер Наваградзкага Эскадрону, які спаўняў адначасова функцыі Акруговага Намесьніка, у паразуменьні зь мясцовым актывам наважыўся скарыстаць з гэтае нагоды, каб пашырыць эскадрон да велічыні баталёну. З гэтай мэтай былі адкамандыраваныя на паветы, а найменна ў Любчу й Карэлічы, паасобныя зьвязы ці групы дзеля выбару лепшага элемэнту ў батальён, а таксама дзеля забясьпечаньня ходу мабілізацыі. У Любчу было адкамандавана каля 30 жаўнераў на чале з лейтэнантам К. У ліку падахвіцэраў быў таксама Д., малады, палкі й энэргічны жаўнер, што выйшаў з кадраў наваградзкае сэмінарыі. Партызаны даволі часта непакоілі ваколічныя вёскі. Апошнім часам яны сыстэматычна грабілі Падзагор’е, Воўкаразь і нат Далятычы. Мясцовая паліцыя й нямецкая жандармэрыя запрапанавалі лейт. К. супольную акцыю. Ня надта ахвотна ехалі эскадронаўцы на супольную акцыю, асабліва з гэтымі апошнімі, але пусьціць іх самых, дык наробяць яшчэ больш шкоды, чымся карысьці.

Лейт. К. дае сваю згоду. Распрацоўваецца супольны плян дзеяньня. Аб’ект: Воўкаразь. Наш зьвяз пайшоў дарогай на Зarop’e, паліцыя й жандары на Далятычы. Кантакт мелі навязаць на вышыні зарасьляў на ўзгорку, на паўночны захад ад Загор’я. Ужо ў Загор’і чуліся стрэлы. Паліцыя ўвязалася ў бой з партызанамі. Наш зьвяз, мінуўшы вёску, разгарнуўся ў баявы парадак да наступу.

— Паадзіночна скокамі наперад маарш! — пакацілася па лініі. Спраўна пасоўваўся ланцуг эскадронаўцаў наперад. Стрэлы з боку ворага пачалі радзець. Было відаць, як партызаны адзін па адным зьнікалі за ўзгоркам.

— На ўзгорак бягом маарш! …Прыгнуўшыся, з заціснутымі стрэльбамі ў руках, рынуліся эскадронаўцы на ўзгорак. Партызаны ў міжчасе хаваліся ў забудовах Воўкаразі. Зьвяз хутка дасягнуў вёскі. Партызаны зьніклі ў ляску за вёскай. Далейшая пагоня была бессансоўнай.

— Рукі ўгару! — пачулася раптам на адным панадворку. З-за хаты паказаўся партызан з паднятымі рукамі, а за ім двух нашых жаўнераў. У міжчасе ўвайшлі ў вёску немцы й любчанская паліцыя.

Усе сталі вакол камандзера зьвязу, які выпытваў палоннага.

— Скуль ты?

— З Бору, — быў адказ.

— Чаму пайшоў у партызаны? — пытаў далей лейтэнант.

— Падчас апошняе акцыі немцы спалілі вёску. Шмат пастралялі цывільнага жыхарства, якое нічога супольнага з партызанамі ня мела. Іншых забралі на працу ў Нямеччыну, а некаторым удалося ўцячы ў лес. Я быў паміж гэтых апошніх.

Вакол запала глыбокае маўчаньне.

— Я не бальшавік, — нясьмела пачаў зноў палонны, — я быў першы, які супрацівіўся калектывізацыі. Я ненавіджу бальшавікоў, але хто дасьць мне сяньня ахову? Усяроўна прыходзіцца гінуць. Толькі ня мучце, — папрасіў ён глуха.

У міжчасе прыбліжыўся вахтмайстар зь любчанскай жандармэрыі.

— Ah, Gefangener, gut, gut,[11] хлопцы. Давай яго сюды, мы зь ім расправімся.

У лейтэнанта загарэліся вочы.

— Падахвіцэр Д., — гукнуў ён, — адкажы вахтмайстру!

Падахвіцэр Д., відаць зь вялікай натугай, але стрымана паінфармаваў, што гэта палонны не жандармэрыі, а наш, ды што мы маем асобныя інструкцыі адносна абыходжаньня з палоннымі. — Гэта наш палонны і мы зробім зь ім, што нам спадабаецца, — закончыў ён цьвёрда.

— Was werden sie denn mit ihm tun?[12]

— Павесім за…, — весела ўжо адказаў Д.

— О, гут, гут, — задаволена адказаў немец. У міжчасе лейтэнант працягваў гутарку з палонным.

— Мы ня немцы, — казаў ён, — мы беларускія жаўнеры. Палонных не расстрэльваем. Мы не змагаемся супраць беларускага народу. Нашая мэта, гэта вольная ад усіх акупантаў Беларусь. Перадумай аб гэтым, раскажы сваім сябром. Шлях да нас для цябе заўсёды адчынены. Ідзі з Богам. Але памятай, каб твая рука ніколі не паднялася супраць твайго брата-Беларуса. Ідзі!

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги