– Вынікі канфлікту вам вядомыя. Зараз сістэма СадалМелік уяўляе сабой трыццаць восем мёртвых планет, а Тамаш-ас-Шуг – астываючае чырвонае сонца і свет заняпаду. Перамог, зразумела, Тамаш. Пірава перамога. Артэфакт, здавалася, быў назаўсёды страчаным. Ён ужо тады прыцягваў увагу нашых разведак. Вам знаёма гісторыя Грааля?

– Тое-сёе… Прынамсі, у дробязі не ўнікаў.

– Чатырыста гадоў таму артэфакт быў прывезены ў Галактыку вандроўнікамі Даўра, эфемерная раса не падавала прызнакаў жыцця тысячу гадоў. Даўр вярнуўся спецыяльна, каб пакінуць Грааль у зорнай сістэме РасАльхаг. Артэфакту ўласціва звышнатуральнае: неабсяжная субквантавая энергія – раз, уплыў на час і матэрыю – два, уздзеянне на псіхіку чалавека – тры.

– Нездарма пасля вайны ад Садал-Меліка амаль нічога не засталося. Столькі планет спалена жыўцом, – уставіў альфардзіянін.

– Ну, планеты спалены зусім не Граалем, і вам гэта вельмі добра вядома.

Айсфікс не звярнуў увагі на намёк міршабца. Цыгара патухла, а напой астыў.

– Па праўдзе кажучы, палкоўнік Айсфікс, я лічыў, што артэфакт ужо тут, на Альфардзе. Хацеў прыціснуць вас ультыматумам і прымусіць да супрацоўніцтва. Мне не па густу наяўнасць у Галактыцы падарункаў Даўра. Невядомы мэты гэтай расы і ейная моц. Мяркую, нам усім пагражае пакуль непрыкетная небяспека. Сапраўдныя гаспадары артэфакта могуць у любы момант заявіць свае правы на цацку. Лепей бачыць Грааль у надзейных руках. Ён вельмі небяспечная рэч, паверце… Але я збянтэжаны. Атрымліваецца, што за артэфактам палюем не толькі мы. Хто трэці? Чый карабель адстыкаваўся ад “Тырана”?

Ён пранізліва паглядзеў на сухарлявага Айсфікса.

– Тамаш-ас-Шуг? Не, я ведаў бы. Рас-Альхаг? Верагодна, але ніхто не чуў, каб караблі каралеўства пакідалі ўласныя межы. Хто тады?

Айсфікс падняўся з-за стала, наблізіўся да вялізнага напалову сцяны вакна, глянуў у зацягнутае хмарамі свінцовае неба.

Набліжалася восень. Рэжымная тэрыторыя займала досыць вялікую прастору. На неапрацаваным касмічным полі стаялі некалькі шатлаў ды побач ціснуліся дзясяткі зборных хатак, пабудаваных для трох тысяч ваенных. Гарадок пашыраўся і рос. Скрозь сцены сваёй штабкватэры камандуючы чуў лязг жалеза і гудзенне будаўнічых машын.

– Удалося адсачыць чужынца, і зараз “Металіка” неадрыўна ідзе следам, – выклаў першую карту альфардзіянін.

Вочы Мафруза пачварна бліснулі.

– Дык мы саюзнікі, Айсфікс? Даведаемся разам, хто трэццяя сіла?

<p>3</p>

Борт кантрабандыстаў “Неркубус”

…Полымя апраметнай вырвалася з-пад герметычнай вонкавай коўдры рэактара, і клубы горкага дыму заслалі калідор. Маркіз скочыла за пераборку, перазарадзіла “Беркут” і секанула чаргой скрозь удушлівую чарнату. Праз гуд рухавікоў і скрыгат жалеззя вырваліся адчайныя крыкі і смяротныя енкі. Маркіз кінулася ніцма і папаўзла. Натрапіла на струпянелага ярамірскага салдата і засланілася ім як шчытом, пачала чакаць. Неўзабаве атрад штурмавікоў прарэзаў дзірку ў абшыўцы рэйдэра і ўварваўся на палубу. Жанчына крутнулася ў бок і хуценька перакацілася. Там, дзе давялося хавацца, грымнуў выбух. І адразу запанавала густая заціш, быццам лопнулі барабанныя перапонкі.

З клубаў чорнага дыму выбег чорненькі скарпіёнчык, за ім яшчэ з палову тысячы. Скопішча скарпіёнаў акружыла Маркіз і застыла ў чаканні. З дымнай заслоны пазвалі: “Глена…”. Голас належыў на дзіва прыгожай маладой жанчыне. Тры метры росту было ў ёй, на нагах залатыя боцікі, жоўтая звярыная скура на поясе, саламяныя валасы спадалі ніжэй плеч, галаву вянчала сонечная дыядэма. Нечалавечым пазабаковым спакоем свяціўся твар. Незнаёмка ва ўпор глядзела на Маркіз…

І сон рэзка, знянацку абарваўся.

Маркіз села на канапе.

Паветра перамянілася. Патыхала азонам быццам пасля навальніцы. Нярвовыя нітачкі сігналізавалі аб нетлумачальнай пагрозе. Наёмніца дацягнулася да медыцынскай шафы на сцяне, вынула патрэбнае прыстасаванне і ўпрыснула ў кроў стабілізатары, каб збіць адрэналін, узняты начным кашмарам.

– Усё ў норме, акрамя павышанай іянізацыі на ўсім караблі, – паведаміў “Неркубус”.

– Прычына іянізацыі?

– Іншародны прадмет з верагоднасцю шэсцьдзясят працэнтаў.

– Вядомы ўласцівасці аб’екта?

– Інфармацыі ноль. Але я фіксую наяўнасць невядомага мне выпраменьвання. Ступень пагрозы пакуль пад пытаннем.

Маркіз паднялася. Праз прорву часу перад вачамі паўставалі карціны мінулай вайны ў сістэме Садал-Меліка. Сцертыя ўспаміны прарываліся апошнім часам скрозь сны. Пасля канфлікту памяць сціралі ўсім выжыўшым па патрабаванні міратворцаў Міршаба. Цудоўны спосаб замацавання міру – сціраць памяць у варожых бакоў. Хтосьці ратаваўся гэтым ад начных кашмараў, а хтосьці хаваў канцы ў ваду, каб не знайшлі пасля вінаватых. Мінулае наёмніцы ўтойвала нешта жахлівае. Дэжавю, кавалкі вобразаў, сумныя сненні нічога не сведчылі. Скрозь начныя відовішчы часцяком з’яўлялася высокая жанчына з саламянымі валасамі, і падсвядомасць падказвала забытае імя Бадр-аль-Будур. І яшчэ… на вайне Маркіз карысталася сваімі сапраўднымі нагамі, не імплантамі, як сёння.

Перейти на страницу:

Похожие книги