У самым дальнім куце “Неркубуса”, рэактарным сектары, ківаўся небарака Весялун Білі. Напяваючы няхітрую песеньку кшталту “Чорнага гругана”, Весялун адчайна намагаўся наладзіць кантроль гіперблокаў. Білі знаходзіўся ў перадапошняй стадыі ап’янення, калі свядомасць недзе яшчэ торгае і кратаецца ў галаве, але цела ўжо напагатове аддацца рэфлексам. Білі свідравалі навязлівыя ідэі. Шэсць месяцаў палёту і беспрабуднага п’янства здзейснілі сваю справу. Весялун Білі пачаў размаўляць з ценем, які назваў Хтосьці.
Спадара Хтосьці акрамя Весялуна больш ніхто не бачыў, але па словах тэхніка, Хтосьці без роздыху сноўдаўся па ўсіх адсеках зоркалёта.
З-за п’янства лёс выкінуў Білі на сметніцу. Аднойчы нябёсы злітваліся і паслалі Весялуну паратунак у асобе Таты Менелая. Капітан здолеў разглядзець мутным вокам у таварышы па захапленні геніяльны інжынерны талент і прапанаваў месца пастаяннага тэхніка на “Неркубусе”. Так былы штурман трансгалактычных лайнераў Уільям Роса, стаўшы бамжом і п’яніцам, пераўтварыўся ў піратакантрабандыста Весялуна Білі.
Увогуле Весялуном яго празвалі з-за дзіўнай звычкі размаўляць з самім сабой і адначасова дуркавата гыгыкаць. Размаўляў і гыгытаў Білі бесперапынна. Ён мог гадзінамі размаўляць з рэактарам, абсталяваннем, уласным адбіткам у люстэрку. Таму ніхто асабліва не здзівіўся з’яўленню на “Неркубусе” Хтосьці – новага члена экіпажа. А паколькі бачыў спадара Хтосьці толькі Весялун Білі, навічку Тата Менелай вырашыў не плаціць, у судавы журнал не заносіць і не ставіць на вахту. Білі спрабаваў уступіцца за сябра, але хутка прыкусіў язык, каб залішні раз не злаваць капітана.
Бранзалет на руцэ Білі варухнуўся і пакрыўся чырвоным свячэннем, зумкнуў камлінк.
– Весялун, – раздалося з бранзалета. – Займі пілотскі адсек і чакайма нас. Мы дэсантуемся.
– Зразумеў, капітан, – выціснуў з сябе тэхнік, пнуў нагой па сценцы рэактарнага кажуха і падаўся на мосцік.
Чужынец без супраціўлення разблакіраваў уласны стыковачны вузел, быццам запрашаў на вечарынку ў царства ценяў. Маркіз выпраменьвала спакой. Яна крочыла першай.
Калідор ад стыковачнага вузла доўжыўся метраў на сто. Нязваныя госці асцярожна прасоўваліся, азіраючыся па баках, выхопліваючы святлом ліхтароў рэшткі карабельнага інтэр’еру. У Маркіз ліхтар адсутнічаў, бо цудоўна бачыла ў цемры. Машан чуў глухі пошчак сэрца і ўласныя крокі. У канцы калідора са змроку выслізнула камп’ютарная кансоль. Заклапочаны Тата выказаў ідэю гукнуць Весялуна, але Маркіз спыніла капітана рухам і ўзялася раскадзіраваць кансоль самастойна. Калі на мутна-белы экран выплылі надпісы, большасць аказалася на незразумелай мове. Сэнсары ў вачніцах наёмніцы хуценька счыталі загадкавыя сімвалы і пераслалі іх е-мозгу “Неркубуса”, які адразу ж прыступіў да аналізу свежай інфармацыі.
– Справа ад кансолі ёсць панэль кіравання ліфтам, праз які можна трапіць на грузавы і камандны паверхі, – паведаміў неўзабаве е-мозг. – Расшыфроўваю далей. Пачакайце…
Тата Менелай наблізіўся да згаданага месца.
– Гэта вельмі стары даследчыцкі карабель “Тыран”, звесткі аб ім засакрэчаныя, – вярталіся з “Неркубуса” апрацаваныя дадзеныя. – Што карабель нёс даследчыцкія функцыі, пацвярджаецца адсутнасцю ўзбраення там, дзе яно належыць, бо “Тыран” далучаецца да класу лінейных ваенных крэйсераў. Яго пераабсталявалі…
Машан расхваляваўся і парадваўся буйнай здабычы.
– Дзіва, ваенныя не ўключылі сваё судна ў спіс расшукваемых, – прамовіў Тата Менелай.
– З двух адно, капітан, – разважыла наёмніца. – Або адказныя асобы не зацікаўлены, каб карабель знайшлі, або занесці ў спіс яшчэ не паспелі. Апошняе горш, яно значыць, што мы памыліліся, і зоркалёт насамрэч страчаны нядаўна. Існуе верагоднасць, што ваенныя будуць шукаць “Тыран” і нам мажліва нездабраваць.
– У такім выпадку, дзе трупы? Што здарылася з экіпажам?
– Верагодна, карабель скарыстаны ў якасьці кантэйнера для перавозкі непазначанага грузу, – уставіўся сваёй чаргой е-мозг. – Настолькі небяспечнага, што людзям тут нечага рабіць. Аналізую далейшыя звесткі.
– Галоўнае, мы першымі напаткалі судна. Адбрэшамся, калі што, – запэўніў Тата Менелай, і ні ў каго не з’явілася жадання ўдакладняць значэння “калі што”. – Хто смелы першым завітаць на камандны ўзровень?
Само сабой, першай вызвалася Маркіз. І недарэмна. Камандны ўзровень ахоўвала блакада лазер-кантроля, справіцца з якой магла толькі нашпігаваная імплантамі наёмніца.
– Адсутнічаюць намёкі на экстранную эвакуацыю, – заўважыла яна, хутка агледзеўшы пакой, дзе апынуліся ўсе трое.
– Нельга знайсці святло? – пацікавіўся капітан.
– Праблемы з забеспячэннем, – прыйшло з “Неркубуса”. – Я разгледзеў схему сілкавання чужынца. Рэзервовыя галіны рэактара завязаныя на грузавым паверсе. Там штосьці ёсць.
– Як наш Весялун? – спытаў Тата.
– Не сплю. Сачу за вамі.
– Малайчына. Спадар “Хтосьці” побач? Весялун прамаўчаў. – Маркіз, спрабуй выявіць тэрмінал даследчыка, – папрасіў “Неркубус” і патлумачыў. – Трэба ўбачыць суднавы журнал і высветліць груз.
– Ужо шукаю.