Тым часам з эбанітавага карабля-маткі апусцілася платформа і некалькі хмурых постацей у шэрых плашчах з выявамі скарпіёна на спінах скіравалі да “Неркубуса”. Хутка яны вярнуліся назад разам з керамічным кубам. Пакінуўшы груз каля Машана, постаці моўчкі развярнуліся і падаліся да платформы. Іх змрочныя твары ледзь прыкмячаліся з-пад капюшонаў.
– Ты даўрыянін! – здагадалася наёмніца.
Незаўважны цень крануў Машанавы вусны, нос, вочы, воблака туману лягло на плечы, хваля дрыжыкаў загойдала прастору, збрываючы з былога пілота знешнюю ілюзорную абалонку, агаляючы існасць. Твар стаў попельна-шэрым, з плеч звіс доўгі чорны балахон, аздоблены па краях арнаментамі, у вачах затаілася ноч. Перад наёмніцай, Айсфіксам і Мафрузам пілоткантрабандыст пераўтварыўся ў вандроўніка Даўра.
– Нашчадкаў скарпіёна Даўра называюць хамелеонамі.
Няўжо галаварэзы Свалі маглі мяне затрымаць на АльМідраху? – растлумачыў ён Маркіз. – Весялун здагадваўся, хто я, але не поўнасцю. У яго зданях я меў мянушку Хтосьці.
Павісла напружанае маўчанне.
Прышэлец нібыта даў шанц кожнаму абдумаць свой лёс. Гуў вецер. Першым не вытрымаў іспыту цішынёй Айсфікс.
– Даўр аб’явіць вайну?
– Не. Мы аб’явім мір, – адказаў даўрыянін, які яшчэ хвілю назад быў проста пілотам Машанам, і ўсміхнуўся такой усмешкай, што ў палкоўніка альфардскай спецслужбы засмактала ў вантробах.
– Карабель-матка не збіраецца вісець тут вечна і пужаць сваім выглядам абарыгенаў. Пачнем з першапрычын. Вам заўжды карціла ведаць, што ёсць Грааль. Буду змястоўным.
Грааль – вялікая сіла. Даўным-даўно ён існаваў на першапланеце Зямля, адкуль агульныя карані насельнікаў Галактыкі. Зямля квітнела да пары, пакуль Грааль не знік. Ведаеце, што адбылося? Людзі на Зямлі перасталі казаць праўду адзін другому, і ўся планета паступова паглынулася хаосам, множыліся зло, нянавісць і падман. Людцы адрынулі Бога, паўсталі царства на царства, народ на народ, а пасля палезлі да зорак, пачалі гвалціць нябёсы ў неабмежаванай празе спажываць і валодаць. У чалавецтва не засталося амаль нічога святога, толькі жаданне спажываць зоркі і самастойна валодаць нябёсамі. А нябёсы нельга купіць! Паступова ўзніклі новыя саюзы, каралеўствы, федэрацыі, толькі ў зорных маштабах. Паміж імі ўспыхвалі непаразуменні, канфлікты, войны. Палітыка, дыпламатыя – складаныя рэчы. Чаму вы не любіце прастату ў адносінах? Вандроўнікі Даўра рашыліся на эксперымент і памясцілі Грааль у адно з зорнапалітычных фармаванняў – каралеўства Рас-Альхаг. Здарыўся цуд. Рас-Альхаг стаў квітнеючай мірнай дзяржавай. Чаму? Грааль валодае ўсяго адзінай уласцівасцю, вымушае кожнага, хто побач, казаць толькі праўду, ён абуджае сумленне, даводзіць пачуццё ісціны да вастрыні. Бедныя Тата Менелай, Весялун Білі і Свалі Чырвоны Ліхтар не вытрымалі падобнага іспыту. Пачаўшы казаць праўду, рабіць праўду і жыць па праўдзе, рас-альхагцы дасягнулі неверагодных поспехаў ва ўсіх сферах дзейнасці: навуковай, сацыяльнай, эканамічнай. Сёння Рас-Альхаг багаты ўсім, і, нават страціўшы Грааль, не адвярнуўся ад прынцыпаў праўдзівасці. Сумленнае жыццё – іх свядомы выбар. Разумееце? Сутыкнуўшыся з Галактычнай палітыкай, зменены Рас-Альхаг імгненна выставіў на сваіх межах баявыя зоркалёты аховы, каб, крый Божа, ніхто не парушыў іх казку, ідылію. А вы лічылі Грааль звышнатуральным прадметам, які імгненна здзяйсняе дзівосы, таму і скралі рэліквію. Не, Грааль вымушае казаць праўду і сумленна працаваць. Усё вельмі проста і ясна.
Даўрыянін на імгненне змоўк, абвёў позіркам прысутных і спыніўся на Маркіз. Яна панікла і дэпрэсіўна ўпялася ў кропку перад сабою, быццам цацачны робат са сканалай батарэйкай.
– Недалёкая розумам целаахоўніца звязалася з варожымі спецслужбамі і здрадзіла ўласнай гаспадыні. Здрада прывяла да вайны. Дзесяць гадоў агенты Даўра шукалі страчаны Грааль і Глену-бен-Раш па ўсёй Галактыцы. Дапамог выпадак. Малавядомая кампанія “Сайрус” трапіла на рэшткі нашай былой базы ў Садал-Меліку. Даўр даведаўся, што “Сайрус” працуе на разведкі Альфарда і Міршаба. Мы напалі нарэшце на след. Я цярпліва чакаў, калі лёсы галоўных віноўнікаў мінулых падзей ізноў сыйдуцца разам. Прага грошаў вяла наёмніцу на РасАльхаг, вось іронія жыцця. Вы, Мафруз і Айсфікс, не маглі гэтага дапусціць. Таму зараз мы ўсе тут, на паўночных межах Галактыкі. Што скажа ў апраўданне наёмніца?
– Я аднойчы даведалася, што Грааль створаны вамі штучна і ніколі не бываў на Зямлі-першапланеце. Гэта фальш, створаная вамі легенда. Ён псіхічным уплывам гвалтоўна навязвае праўдзівасць. Насельнікі Рас-Альхага падобныя да зомбі. Дзе права выбару? – глуха адазвалася Маркіз, і ўсе павярнуліся да яе. – Мне да смерці надакучыў ваш цацачны лоск. Ведаеце, сумна. За вашым гвалтоўна навязаным раем, даўрыяне, не відаць Бога.