— Вы, вашамосць пан Вырвіч, замалады для выпрабаванняў, якія павінны браць на сябе сталыя мужчыны, у якіх даўно выраслі вусы! — пан Гервасій паважна падкруціў руды вус. Пранціш адчуў, што кроў кінулася ў твар. Так, вусікі ў Вырвіча яшчэ не звісаюць над губой, але ён нікому не дазволіць над гэтым пасміхацца! Рука сама сабой пацягнулася намацаць шаблю. Пан Гервасій таксама ажывіўся ў прадчуванні бойкі…
— Папрашу панства не ламіцца ў дзверы, калі дом яшчэ не збудаваны, — холадна прамовіў Лёднік і ўзняўся, строгі, выпрастаны, спакойны, як смяротна небяспечная зброя. — Пайшлі, Ёханес, пакажаш мне, што за абдымкі святога Тамаша. Трэба прыкінуць, як выйсці з гэтай дураты з найменшымі стратамі.
— Ціха… — збляднеў пан Вайда. — Не трэба гаварыць такія словы пра святыя рэчы!
— Толькі не кажы, Бутрым, што зноў возьмешся сам! — абурыўся Пранціш. Лёднік толькі прыўзняў бровы.
— Па-першае, я самы старэйшы, Па-другое, самы грэшны. Па-трэцяе, самы бязродны. І згадзіцеся, пан Агалінскі, — з крывой усмешкай звярнуўся прафесар да пана Гервасія, які рыхтаваўся нешта сказаць насуперак, — мяне найменш шкада, ці не так?
Вырвіч пачаў паводле ўсіх правілаў логікі абвяргаць свайго настаўніка. А панна Багінская сціпла маўчала, справядліва лічачы, што не мусіць увязвацца ў гэткія брутальныя і нягжэчныя мужчынскія справы.
Нядзеля пачалася з дажджу і стральбы з гарматаў. Пайшлі чуткі, што ў горадзе ўжо нехта захварэў, і людзі перашэптваліся, парушаючы святую цішыню храма.
— Рукі пакалечыш, і як далей будзеш працаваць? — у соты раз прагаварыў Пранціш. Лёднік паглядзеў на свае далоні…
— Рук шкада, — спакойна пагадзіўся ён. — Але пастараюся ўсё правільна разлічыць, каб асабліва не пашкодзіць. Не першы раз. Памятаеш слуцкія сутарэнні? Там куды горш было. Зажыве. Мазь узяў?
— Узяў… — напружана адказаў Пранціш, якому было дужа непамысна. Не дзіва: паства Тамашова выглядала зусім не так, як у Дракошчыне, Вільні ці Менску. Усе ў шэрым, чорным ці брунатным. Ні парыкоў, ні фіжмаў. Няма высакароднага шляхецкага звычаю агаляць шаблю падчас чытання Свяшчэннага Пісання. У кабетаў сукенкі зашпіляюцца пад горла, строгія каптуры — ні аднае пасмачкі валасоў не згледзіш. Вунь і пані Вайда апранулася менавіта так, стаіць, рахмана апусціўшы вочы, як бы і не апранала ніколі модную сукенку з дэкальтэ. Не дай Гасподзь, нехта даведаецца, што тут прысутнічае дзеўка ў мужчынскім касцюме…
Парфумай мясцовыя жыхары таксама не карысталіся, відаць, уважаючы гэта за грэх, асабліва ў час строгага посту падчас пошасці. Нямытыя целы смярдзелі так, што млосна рабілася. Пранціш звык яшчэ ў Падняводдзі прынамсі раз на месяц наведваць лазню. Пры калегіюме таксама была лазня. Ну а Лёднік увогуле лічыў, што па прыкладзе старажытных грэкаў ды лацінян мудры чалавек мусіць мыцца штодзень, хаця гэта, на думку святошаў, было страшэным блюзнерствам. Так можна змыць з сябе ўсю святую ваду, што патрапіла на скуру пад час хрышчэння! Дастаткова кашулю мяняць ды ўжываць парфуму. Нічога, што адну з дачок французскага караля заелі вошы, другі кароль памёр ад свербу, а трэці страціў прытомнасць, калі пад ягонымі вокнамі праехалася карэта і ўзварушыла міязмы ад назапашаных адкідаў.
У Тамашове лазні, напэўна, таксама цяпер лічыліся грахом. Гэтак жа, як і здаровыя белыя зубы. Затое вочы парафіянаў фанатычна гарэлі. Гэта былі пагляды людзей, якія бачылі цуд выратавання і жах смерці.
Асабліва гэтая неахайнасць адчувалася на фоне цудоўнага храму, чые велічныя скляпенні сыходзіліся так высока, што здаваліся цёмным небам. У востраверхіх вокнах ззялі вітражы тонкай працы, а над алтаром, у круглым вялізным вакне-ружы ляцеў у атачэнні промняў, зор, анёлаў белы голуб — дух святы… Пацямнелыя ад часу драўляныя скульптуры з выцягнутымі, як у блёкаце, прапорцыямі на алтары, на сценах здаваліся пагрознымі тагасветнымі ценямі…
Раптам усе, як бы хтось узмахнуў над галовамі лязом велізарнай касы, упалі на калені. Сабор быў такі вялікі, што Пранціш не мог толкам разгледзець таямнічага прыёра — а гэта менавіта яго віталі. Затое голас быў чуцён выдатна — дзякуючы адмысловай акустыцы. Голас зачароўваў, уладарыў, яму хацелася падпарадкавацца…
Напачатку імшы працэсія служкаў падыйшла да каменнага ўзвышэння з распяццем, абкружанага важкім пазалочаным ланцугом. Ланцуг урачыста апусцілі, потым знялі цяжкі, вышываны золатам покрыў з мармуровага стаўбурка пад распяццем — у стаўбурок быў умураваны срэбны кружок, рэлікварый з парэшткамі святога апостала Тамаша.
— Давай, Бутрым! — напружана прашаптаў пан Вайда. Лёднік імкліва рассунуў вернікаў, узняўся па прыступках на ўзвышэнне, апусціўся на калені, паклаў далоні па абодва бакі стабурка з рэлікварыем, у зробленыя ў падлозе паглыбленні па форме рук, і з сілай абапёрся… Каменныя пліткі падаліся ўніз, і далоні імгненна працялі вострыя штыры, падобныя да наканечнікаў дзідаў. Пан Вайда тлумачыў, што калі паслабіць націск, дзіды адразу ж схаваюцца, таму і можна сачыць, наколькі шчыра раскайваецца той, хто моліцца.