— Pater noster… — загучэў нізкі голас Лёдніка, якому належала адчытаць дваццаць пакаянных канонаў. Людзі ўзбуджана зашапталіся, абступілі ўзвышэнне. Нехта пабег наперад, відаць, паведаміць пробашчу, што сёння адзін з братоў наважыўся на духоўны подзьвіг. Пранціш стаяў побач і тужліва назіраў, як каменныя паглыбленні напаўняюцца крывёй. Доктар цвёрда абапіраўся на прабітыя рукі, вастрыі не хаваліся ў камені, голас ягоны гучэў роўна, як бы на лекцыі. Цікаўнікі спрабавалі зазірнуць чужынцу ў твар, завешаны чорнымі пасмамі валасоў, відаць, каб пабачыць адбітак пакуты. Шэптам прыдумлялі на хаду, якія страшныя грахі выкупляе прыхадзень, хто ён такі. Нехта ўмудрыўся памачыць свой палец у кроў, што нацякла з прабітай рукі ахвярніка — відаць, паводле мясцовай традыцыі, яна лічылася лекавай, гэтак жа, як кроў шалёных флагелянтаў, што цэлымі карагодамі хадзілі ды сцябалі сябе на плошчах у імя Госпада. Вось нейкая кабета ўжо і хустачку ў тае крыві намачыла.

Пан Гервасій Агалінскі відочна не бачыў нічога асаблівага ў тым, што адбываецца — не на палю ж хлопа пасадзілі, не за рабро на крук павесілі. Панна Багінская таксама не пераймалася, сядзела на лаўцы ды шаптала сабе пацеры пад нос з самым пабожным выглядам, хіба што час ад часу трохі грэбліва касавурылася на ўкленчыўшага Лёдніка. Ці мала па ейным загадзе пускалі бізунамі крыві нядбайным служкам.

І Пранціш выразна разумеў, што і ягонае жыццё, і Лёдніка для тых, хто з маленства еў на золаце і выціраў ногі аб спіны бліжніх, значаць не болей, чым звычайныя прадметы побыту. Пакуль патрэбныя — добра, паломяцца — новыя набудзем. Доктар можа колькі заўгодна ратаваць, захінаць, падтрымліваць, расплочвацца ўласнай крывёй — у гэтым ягонай заслугі будзе не больш, чым у лыжкі, якая дапамагае чакалядаваму крэму патрапіць у панскі раток. Цяпер Вырвічу больш не здаваўся бязглуздым стары закон, які дазваляў пану грэць ногі ў разрэзаным чэраве слугі, калі азябнуць падчас палявання.

— Усе мы, як святы Тамаш, сумняемся, не ўпускаем веру ў сваё сэрца, пакуль не пакратаем раны Хрыстовы. Таму трэба змагацца з уласным нявер’ем уласнымі ранамі! — загаварыў святар, напэўна, у звязку з тым, што адбывалася каля рэлікварыя святога Тамаша.

Хор быў вышэй ухвалаў, здавалася, гэта анёлы выпяваюць светлыя словы ў славу Гасподню. Але служба зацягвалася. Ясна, людзі не разыдуцца, пакуль не скончыцца відовішча. Струменьчык крыві па-вар’яцку павольна пацёк па ўзвышэнні, першая кропля сцякла цераз край, пад ногі прыхаджанам. Голас Лёдніка гучэў усё больш глуха, ён некалькі разоў матнуў галавой, відаць, каб стрэсці кроплі поту.

— Слухай, пан Вырвіч, а ён не памрэ? — устрывожыўся нарэшце пан Гервасій. Ну як жа, занепакоіўся, дайшло, што без доктара сам нічога не здабудзе за морам. Пранціш нервова паціснуў плячыма. Раптам высакародная панна Багінская, гожанькі такі, наіўны хлапчыска, падскочыла да ўзвышэння, выхапіла насоўку і хуценька абцерла віленскаму прафесару твар. Нейкая кабета тут жа вытлумачыла дзеянні хлапчыскі практычна: пот хрысціяніна, што адбывае пакуту святога Тамаша, лекавы шчэ болей, чым кроў, і ад чумы дакладна засцеражэ, і палезла была са сваёй хусткай да прафесара — але спалохалася ягонага пагрознага погляду, зажагналася і задаволілася тым, што вымачыла анучу ў крыві, якой было даволі.

Пранціш пільна назіраў — каб не прамарудзіць і не дапусціць да таго, што Лёднік паваліцца. І з прыкрасцю разумеў, што вочы людзей навакол гараць такім самым азартам, як у публікі ў Дракошчыне, якая прагла паглядзець на цмока.

Нешта было ў гэтым асабліва агіднае… Святыя старцы не дарэмна сцвярджалі, што малітоўныя подзвігі трэба здзяйсняць кялейна, і не выхваляцца імі. А тут… Балаган нейкі! Як тыя пакаянні з бічаваннем, што ўчыняў Радзівіл Пане Каханку ў віленскіх храмах.

Гадзіна, другая… Імша даўно скончылася. Людзі, у якіх знайшліся пільныя справы, разыходзіліся па дамах. Пошасць пошасцю, а есці, піць ды задавольваць іншыя патрэбы грэшнага цела неабходна. Але цікаўнікаў хапала. Тым болей многія сыходзілі і вярталіся, каб дагледзець прадстаўленне. Зваліцца, не зваліцца, вытрымае або не, што папросіць, калі дастаіцца?

Нехта ўслых лічыў колькасць адчытаных грэшнікам пацераў.

Тры гадзіны… Чатыры…

Апошнія пацеры Лёднік прачытаў, нізка апусціўшы галаву, зусім глуха.

Ухвальны гуд разнёсся па саборы. Прафесар варухнуўся, штыры, што прабівалі ягоныя далоні, адразу схаваліся. Пранціш памкнуўся падтрымаць Лёдніка, але той не даўся, акуратна строс з рук кроў і пайшоў, хоць і павольна, да алтара, дзе яго ўжо чакаў папярэджаны пробашч. Цяпер Пранціш змог разгледзець гэтую таямнічую персону: сівыя каротка стрыжаныя валасы, уладны, усё яшчэ прыгожы твар, рэзкія зморшчыны ад куточкаў простага носу да вузкіх вуснаў, упартае падбароддзе… А вочы — цёмныя, іранічныя, пранізлівыя… У Лёдніка яны ўзіраліся неяк асабліва.

Бутрым укленчыў перад пробашчам:

— Ваша правялебнасць, у імя малітваў святога Тамаша, прашу, каб вы дазволілі мне і маім тром сябрам выехаць з гораду і працягнуць далей свой шлях.

Перейти на страницу:

Похожие книги