
Недалёкая будучыня. Знайшоўшы на археалагічных раскопках у легендарных Юравічах ідал боства кахання, гомельскі даследчык старажытнасцей Ягор Руткоўскі неўзабаве зведвае і цяжка перажывае невытлумачальны разрыў з каханай. Неўтаймоўная вера ў наканаванасць быць разам з ёю штурхае навукоўца на розныя дзівацтвы – ад літаратурных і музычна-спеўных практыкаванняў да палёту на Марс. Кожнае дзівацтва даецца ў знакі здарэннямі, скандаламі і таямнічымі праявамі ледзь не да скруту галавы. За хісткае марсіянскае шчасце даводзіцца штодзень змагацца, адольваючы шматлікія выпрабаванні без пэўнасці вяртання на Зямлю, дзе лютуе эпідэмія сіндрому татальнай адзіноты.
© Балахонаў С. А., 2020
© Афармленне. Выдавец А. М. Янушкевіч, 2020
Забобоны суть честь не Богу, але Слонцу, Звездам, Луне и прочïим сотворенïям данная, называется иначей балвохвалоство, то ест тая честь, которая отдается балваном, а не Богу.
Быццам вайсковая справа – каханне.
Вы адчуваеце таямніцу, і рэчы проста пачынаюць здарацца самі сабой.
Мне хорошо с тобой.
Як там з навукай кахання? Пакахаліся – сышліся. Не склеілася – разбегліся. Даўно наладжаны алгарытм, якому сёння не замінаюць ані царкоўныя настаўленні, ані феадальны гаспадарчы інтарэс. Аднак дагэтуль знаходзяцца людзі, якія незнарок трапляюць у пастку – пякучую пятлю моманту, калі ўзаемнасць з таго боку раптоўна абрываецца, а яны ў бессэнсоўным імпэце ўсё намагаюцца яе сашчапіць ці склеіць.
Гэта рыхтык пра Ягора. Сказаць, што ён успрыняў такі абрыў хваравіта, – усё адно што жартаўлівы матыў на дудачцы прасвістаць. Да часу расстання з каханай яны бавіліся разам амаль год. Суцэльная ўзаемнасць. Паравозік шчасця, кахання і пяшчоты, што адправіўся з сонечнага Рамонкава, узбіўся на прамяністую радыяльную каляіну, каб, як здавалася, не спыняцца ніколі. У рэчаіснасці такім Рамонкавам сталі старажытныя Юравічы. Там, на археалагічных раскопках, усё і пачалося.
Кіраваць раскопкамі Ягору Руткоўскаму было няпроста. Такі-сякі досвед ён меў, але ж і год ад году розніўся. Калі адны выпраўляліся ў той куток Гомельшчыны на покліч сэрца, то многіх іншых вялі жаданне добрых адзнак у залікоўках і магчымасць заслужыць лаяльнасць
Звычайна адкрыцці не былі гучнымі. Але тады год расшчодрыўся на вынятак: пад канец сезона ў адным з пластоў знайшлі істотны фрагмент ідала з біўня маманта. Знаходка ўнікальная. І для Беларусі, і для ўсёй Усходняй Еўропы. Нябесныя апекуны айчыннай археалогіі падбалі на славу. Пабочным эфектам іх дбанняў, відаць, стала і асабістае адкрыццё адной з валанцёрак. На раскопкі яе проста за руку прывяла аднагрупніца – сяброўка па хімічным факультэце. «Потым будзеш, Марына, дзякаваць», – пераконвала сяброўка.
Марына Гваздовіч спачатку не ведала, за што яна мусіць складаць падзякі. Хлопцаў у археалагічным летніку назбіралася не пад яе густ. Кіраўнік здаваўся занадта самаўпэўненым і цвердалобым. Цешыла толькі надзея раскапаць сапраўды нешта адметнае. Думку пра кіраўніка яна з цягам часу перамяніла. Тое, што на першы погляд успрымалася як самаўпэўненасць, было азнакаю прафесійнага стаўлення да справы. Цвердалобасць жа была ўсяго толькі маскай, якую змушана напінаў на сябе педагог, каб не згубіць кантроль над, як ён сам казаў,
Месяцамі пазней яны блыталіся ва ўспамінах, прыпісваючы адно аднаму першынство ў пяшчотных усмешках і ласкавых позірках. А тады, у тое чароўнае, поўнае спадзяванняў лета, усё адбывалася само сабой. Знаходзіліся артэфакты. Разгараліся пачуцці. І калі аднойчы, вяртаючыся пасля ўтомнай дзённай працы да намётавага лагера, Марына раптам накінула Ягору на галаву рамонкавы вянок, ён нават не здзівіўся. Хіба толькі самую капку. Ухапіў дзівосніцу за далонь і замест пытанняў моўчкі засыпаў яе ўсмешлівымі яскаркамі сваіх вачэй. Поўніцай абяззброіў. «Паровозик-облачко вдаль бежит, качается», – аднекуль з вёскі ляцела песня, зліваючыся з гукамі падэспаня, які маладыя капачы развучвалі ў летніку.