Вярнуўшыся дадому, Марына ўпарта ўхілялася ад сустрэч з Ягорам. Ён і тэлефанаваў ёй, і пісаў у сетцы, і нават вычэкваў пад пад’ездам. Усё было марна. Адказы, калі і даваліся, то, зноў жа, вельмі цьмяныя. Часцей дзяўчына пакідала яго высілкі без увагі. Калі-нікалі пагражала накатаць заяву ў міліцыю за пераслед. Сітуацыя, з яго гледзішча, паўставала дзікай. Невытлумачальнасць і беспрычыннасць раптоўнага разрыву руйнавала сілы. Ён не верыў, што за пару дзён магчыма зрабіць ажно такі зрух у стасунках, калі сёння цябе кахаюць, а заўтра – ужо не, да таго ж, мяняючы на кагосьці, каго яшчэ заўчора зусім не ведалі. Містыка з фантастыкай. Былі б стасункі Ягора з Марынай звычайным раманам, мімалётнай інтрыгуляй, ён не стаў бы так марнавацца. Пабедаваў бы трохі, а потым, плюнуўшы на ўсё, знайшоўся б у пачуццях іншай ненаглядкі.

Але гэта было каханне. Палкае. Безразважнае. Самазабыўнае. Каханне з такім утрыманнем шчасця ў душы і целе, пра якое раней даводзілася толькі марыць, то гойсаючы, то блукаючы ад спадніцы да спадніцы. Вось жа, шчасце выпаралася, як, здавалася, выпаралася і яго душа, кідаючы цела на вырак здзеклівых абставін.

У тую восень Ягор шмат піў. Не было і дня, каб ён не нацвіртаваўся. Набіраўся як жаба твані. Зазнаваў праз гэта нямала дакукі на працы. На лекцыі нярэдка спазняўся ці наогул не прыходзіў. Калі ж прыходзіў, то мусова ператвараў свой выклад у мітынг са скамарошым балаганам, дзе гэткім мухаморам на браневічку выступаў з хваравітымі прамовамі пра марнасць марнасцей шчырага кахання, якія густа перасыпаў цытатамі ад Герадота да тваёй мамкі. Студэнтам гэта падабалася, а вось універсітэцкае начальства яго фортэлі не ўхваляла. І калі на ўзроўні дэкана праблему намагаліся хоць неяк злагодзіць, то гутарка рэктара з безразважным выкладчыкам выйшла вельмі жорсткай. Вялося нават пра звальненне. Аднак адкрыццё Юравіцкага ідала, якое прынесла Руткоўскаму еўрапейскую вядомасць, у букеце з яго каяннем за няправільныя паводзіны здолелі адвесці пагрозу за лясок на жоўты пясок.

Ён выправіўся. Звонку стаў ранейшым – такім, якім быў да знаёмства з Марынай. Аднак унутры працягвала бурліць і віраваць неўразуменне. Ягору хацелася пазбавіцца ад гэтага настырнага паразіта. Ды выйсцем бачыліся толькі два спосабы: або забіць сябе разам з паразітам, або знайсці разумнае тлумачэнне паводзінам каханай. Першы спосаб ён адразу адмёў. Другі ж пры належным падыходзе вымагаў бы зашмат часу, высілкаў і сродкаў, не гарантуючы плёну. Таму Руткоўскі навучыўся жыць з паразітам унутры сябе. Жыць і песціць яго, пішучы чарговы навуковы артыкул. Жыць і трымаць свайго гадаванца на аборцы, зрэдку ў перапынках між заняткамі і канферэнцыямі выгульваючы яго па пустках свядомасці. Зрэшты, старанны навуковец за ўсім гэтым не забываўся сачыць за жыццём нявернай каханай.

З сацыяльных сетак вылавіў трохі больш, чым меў раней, звестак пра яе кавалера. Марку Пыркэлаб з Канстанцы. Руткоўскі доўга круціў на языку гэтыя словы. Нібыта ўпадаў у медытацыйны транс. Абудзі яго тады ноччу і спытай імя заснавальніка навуковай усходнеславянскай археалогіі, ён сказаў бы спрасоння: «Марку Пыркэлаб з Канстанцы», – а толькі потым, агоўтаўшыся, успомніў бы пра Зарыяна Даленгу-Хадакоўскага.

Папраўдзе, нічога не лучыла з археалогіяй Марынінага кавалера. Той даводзіўся ёй калегам. Вучыўся на прыродазнаўчым факультэце Канстанцкага ўніверсітэта імя Авідыя. «На азёрах чарот, а пад Пінскам Авідый», – згадаў археолаг некалі прыдуманую ім самім прыказку. Ну, як прыдуманую? Яшчэ ў студэнцкія гады яго ўразіла містыфікацыя этнографа Паўла Шпілеўскага. У сярэдзіне пазамінулага стагоддзя з трыбуны аднаго маскоўскага «учёно-литературного журнала» Шпілеўскі голасна заявіў, што глухой правінцыяй, куды ў свой час з Рыма выслалі слыннага паэта Авідыя, былі ваколіцы Пінска. Маўляў, там ён жыў у пячоры на высокай гары, аточанай азёрамі з чаротам, дзе натхнёна ствараў свае «Метамарфозы» на «польско-пинском, или белорусском, наречии». Ягору гэта запала ў душу. Гамяльчанін часцяком даймаў жартам пінскіх калег, пытаючы, калі ж Палескаму дзяржаўнаму ўніверсітэту нарэшце прысвояць імя Авідыя. І вось цяпер, пасля невытлумачальнай метамарфозы каханай, Авідый, скалячыся, махаў рукой Ягору, адкуль яму і належала – з заходняга берага Эўксінскага Понта…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже