Пакахаліся – сышліся. Прычын разбягацца не было.
Гадавіну кахання святкаваць разам у Марыны з Ягорам не атрымлівалася. Праз абмен яна ехала на два месяцы ў Ірландыю. Вывучалі ўздзеянне рэчываў, выкінутых чарговым вывяржэннем ісландскага вулкана Эйяф’ятлаёкютль на сунічныя палеткі краіны святога Патрыка. Важнасць абмену для кар’еры Гваздовіч была відавочнай. Каханы нават словам не запярэчыў, адно пашкадаваў, што гадавіна міне ў расстанні. Яна суцешыла абяцанкай неўзабаве вярнуцца ў яго абдымкі.
– Я буду сумаваць без цябе, – шаптаў ён у апошнюю перад яе ад’ездам ноч.
– Я таксама, – не крывіла душой Марына, тулячыся да яго.
– Нават не ведаю, што са мной будзе, калі ты раптам застанешся там.
– Калі я там раптам застануся, ты знойдзеш сабе іншую, – завяла дражнілку дзяўчына.
– Не.
– Так. Усюды, дзе ты з’явішся і ўсміхнешся, дзяўчаты адразу павіснуць у цябе на шыі.
– Такога не будзе, – запэўніў Ягор, змагаючыся з неспадзяванай вогкасцю на вачах.
Ні ён, ні яна тады яшчэ не ведалі, што гэтыя словы стануць эпіграфам да надлому, які адбудзецца з ёю на радзіме лепрыконаў і Джэймса Джойса. Дый спачатку ўсё ішло як мае быць. Марына выправілася пад Дублін. Ягор – у Юравічы. Ліставаліся праз сетку. Перакідваліся віртуальнымі буськамі і фотаздымкамі
У нейкі момант Руткоўскаму забракавала часу на чарговы сеанс
Калі ж пасля гэтага выпадковага перапынку даўжынёю ў адзін дзень, ужо акурат на іх гадавіну (усё-ткі паспеў! не прагэпаў!), Ягор напісаў Марыне, тая не стала адказваць. Адпраўленае ім паведамленне вісела і вісела непрагледжаным, дарма што каханая заходзіла на сваю старонку. Паспрабаваў ёй патэлефанаваць. Падняла. З сёмага разу. Была збянтэжанай і адначасова безуважнай. Такой, як ніколі за час іх стасункаў. Пытанні, што прагучалі ад яго, праігнаравала. Абдала няўцямным наборам слоў і скінула выклік.
З ніякаватым выглядам Руткоўскі стаяў пад яблыняй, пазіраў на чырвонае вечаровае неба і не мог зразумець, што спрыгодзілася. Ні назаўтра, ні пазней яснасці не дадалося. Марына раптам убачыла іх стасункі тупіковымі і захацела расстацца: «Чым больш я разумею сябе і цябе, тым болей для мяне робіцца відавочным, што мы крочым рознымі дарогамі і што раней мы разам памыляліся», – напісала яна. Адкуль узяліся такія высновы, не тлумачыла. Неўзабаве, аднак, нештачка высветлілася. А як высветлілася, дык і адзначылася, чаго былі вартыя ірландскія суніцы і попел ісландскага вулкана: дзякуючы ім Гваздовіч пазнаёмілася з увішным румынскім студэнтам.