Наступным днём Руткоўскага выпісалі. Не паспеў ён увайсці ў кватэру, як пачуў тэлефонны званок. На хатні нумар тэлефанавалі з усходнееўрапейскай філіі «Coböl Engineering», просячы згоду на запіс тых самых беларускіх песень ад адзіноты, пра якія ён рабіў даклад у Канстанцы. Зварот у чымсьці быў нечаканым, але і дужа здзіўляцца прычын не было. Ягор ветліва патлумачыў, што дазвол залішні, бо гаворка пра народныя песні. Абяцаў не марудзіць з удакладненнем іх спіса і неўзабаве даслаць разам з тэкстамі. На тым канцы лініі пульсавала напятая ўдзячнасць, праз якую прагучала яшчэ адна просьба:

– Не маглі б вы параіць выканаўцаў з вашай краіны, якія б праспявалі гэтыя песні?

– «Млын Сонца», «Балкомъ-Песъ», «Ягорава Гара», «Šuma»… – адразу ж з галавы пералічыў беларус, а праз імгненне дадаў: – Але адну я хацеў бы праспяваць сам.

– Тую, што спявалі на канферэнцыі?

– Так. Гэта магчыма?

– Магчыма. У нас пярэчыць не стануць.

– А чаму ў «Coböl Engineering» увогуле зацікавіліся гэтым?

– У межах захадаў па прафілактыцы сіндрому татальнай адзіноты сярод супрацоўнікаў карпарацыі. Плануецца, што рэліз з беларускімі песнямі будзе разасланы паўсюль, дзе ёсць філіі «Coböl Engineering».

– То-бок па ўсім свеце.

– Менавіта.

Калі гутарка скончылася, Ягор задумаўся пра чарговыя дзівацтвы карпарацыі. Яго выснова цалкам укладвалася ў даўняе народнае выслоўе: як топішся, то і за лязо ўхопішся. Раней за пашырэннем загадкавай пошасці ён не сачыў. Але цяпер усё выдавала на тое, што праблема напраўду была сур’ёзная, што вырашыць яе намагаюцца абсалютна рознымі сродкамі. Нават такімі экзатычнымі, як беларускія народныя песні. «Ляцелі гусі з Белае Русі…»

Сярод папер, якія Руткоўскі выграб з паштовай скрыні, былі два апавяшчэнні: адно на атрыманне бандэролі, другое – на заказны ліст. Пакруціўшы іх, ён зірнуў на гадзіннік і пасунуўся на пошту. Не стаў чакаць да заўтра, бо ліст прыйшоў з Румыніі. У галаве стрэліла шалёная думка: а раптам гэта Марына яму нешта напісала? Крадком ад мужа. Усхваляваны фантазіямі, атрымальнік не ішоў, а ляцеў – вогкімі крыламі біў, атрасаючы хмельныя росы нецярплівасці. Ледзь не праскочыў паўз патрэбныя дзверы старасвецкага купецкага даходнага дома, багата аздобленага ляпнінай. На першым паверсе і месцілася такое жаданае аддзяленне сувязі.

З усіх акенцаў працавала палова. Паўсюль стаялі чэргі. У памяшканні панавала задуха. Уключаныя кандыцыянеры не дапамагалі. Заняўшы месца ў адной з чэргаў, Ягор праз секунду адчуў, як пакрыўся потам. Шчодрыя кроплі праявіліся на лбе. Па спіне паплыў казытлівы ручаёк. Чаканне нараджала дзіўную мяшанку думак і вобразаў, якія нагадвалі такі сабе сон наяве. У няспынным віры гэтай мяшанкі апынуліся і Марына з мужам, і музычны эцюд «Gnossienne 3» Эрыка Саці, і карціна Язэпа Драздовіча «Вечар у пустэльні на Марсе». Людзі, яму здавалася, застылі і не рухаліся. Жаданне ж атрымаць запаветны ліст расло і расло.

– На Марсе, напэўна, чэргаў няма, – вырываючыся з абдымкаў вірлівага наслання, выдаў Руткоўскі ўголас.

– То і ляціце, мужчынка, на свой Марс, толькі не дурыце тут людзям галавы, – адгукнулася інтэлігентнага выгляду пенсіянерка, за якой ён акурат стаяў. – Дазвольце нам спакойна аплаціць камунальныя паслугі.

– «Утверждают космонавты и романтики, что на Марсе будут яблони цвести», – зухавата праспяваў дзядок, які стаяў паперадзе незадаволенай жанчыны.

– Скора зацвітуць, – заўважыў мацак, які заняў чаргу за Руткоўскім. – Сягоння чытаў у інтэрнэце, што з мінералу, каторы на Марсе знайшлі, будуць рабіць лякарства ад сінтатадзіну. Так што прыйдзецца ляцець асвойваць чацвёртую планету.

– Ой, гадоў дзесяць таму ўжо трубілі і барабанілі, што вось-вось паляцяць. Кастынгі па ўсім свеце праводзілі. Каманду, здаецца, сабралі. І што? Ніхто нікуды не паляцеў. Разышлося, як заечае сала. Таму давядзецца нам і без лякарства ад адзіноты, і без яблыкаў марсіянскіх жыць, – не прамінула свае тры грошыкі прыткнуць злёгку манерная дама з суседняй чаргі.

Завязалася спрэчка. Ягор моўчкі назіраў і быў не рады, што стаў яе міжвольным завадатарам. На шчасце, чарга праявіла прыкметы жыцця не толькі ў амаль шабельных дыскусіях пра марсіянскія сады, але і ў пасоўванні да аванпостаў будучыні. Не паспеўшы памерці ад духаты і вакольных баталій, навуковец атрымаў на рукі капэрту з лістом і бандэроль. На капэрце прыкмеціў надпіс «Constanţa» і, не разглядаючы, шпарка памкнуўся да выхаду. Разумеў, што данесці пасланне дадому не дазволіць гарачая цікаўнасць. Перасек вуліцу і скіраваўся на пляцоўку перад медычным універсітэтам. Усеўся на лаўку, абраўшы збольшага цяністае месцейка. Людзей на пляцоўцы амаль не было. Некалькі падлеткаў на аэраскейтах гойсалі над сцежкамі і кветнікамі, кружляючы вакол скульптуры мяшчанкі і закаханага ў яе хлопца, які марыў ператварыцца ў птушку. Турысты закідвалі манетку ў музычны аўтамат, што адгукаўся песняй, сюжэт якой і ўвасобіўся ў згаданай скульптуры:

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже