Жонка не сунімалася. Песня не выключалася. У нейкі момант Марына заскуголіла, вырвала смартфон і ледзьве не шпурнула яго прэч. Муж учасна ўтрымаў яе руку. Ні ў чым не вінаваты апарацік здзейсніў даволі мяккую пасадку ім пад ногі ў жвір. Песня акурат скончылася. Марку шаптаў суцяшальныя словы. Марына працягвала румзаць, мала не задыхаючыся ад усхліпаў. Плач вычварна яднаўся з гудам мімаезных аўтамабіляў, прыглушаным плёскатам марскіх хваль і прарэзлівым крыкам чаек…
Выпраўляючыся на канферэнцыю ў Канстанцу, Ягор і думаць не думаў, што вось так проста ў першы ж дзень пабачыць каханую. Чыстае супадзенне, якое, тым не менш, толькі ўзмацняла яго перакананасць, што іх з Марынай сцежкі не разбегліся. Яшчэ ў Гомелі ён даў сабе слова, што па прыездзе ў Канстанцу нічагуські не зробіць дзеля яе пошукаў. І вось яна адшукалася сама. Намалявалася красуня. Гэта цешыла, і да ўдзелу ў адкрыцці канферэнцыі навуковец рыхтаваўся з прыўзнятым, калі не сказаць гуллівым, настроем.
«Кошка ў чаравічках лазіць па палічках», – раз-пораз паўтараў ён радок даўняй народнай песні, які чамусьці засеў у галаве. Паўтараў, прасуючы кашулю. Паўтараў, спускаючыся з нумара на вячэру ў кавярню. Паўтараў, гартуючы сваю веру ў новыя сустрэчы з Марынай. Як не на гэтым, дык на іншым канцы свету. Ён міжволі паўтарыў апошняе ўголас, быццам дзяліўся роздумам з начным морам. Усміхнуўся, зразумеўшы, што меў на ўвазе не свет, а сусвет – космас. Ягор падняў галаву, хоць і не дужа спадзяваўся ўгледзець у небе нават адну зорку. Аднак наўздзіў неба было густа ўсеянае зіхоткімі мігатлівымі кропкамі. Колькі хвілін ён глядзеў на іх не адрываючыся. Пашчасціла заўважыць тры знічкі. Праводзіў іх усмешкай без загадвання жаданняў. Быў упэўнены, што галоўнае яго жаданне спраўдзіцца і так: «Я праракую прыход перамогі – аб ёй, ненагляднай, песню ахвярную мне выпадзе гучна спяваць».
Марына супакоілася хутка. Працяглы кантрасны душ. Не менш працяглы бурлівы секс. Зялёная гарбата. Свежыя булачкі з вішнямі. Адчуванне, што нічога надзвычайнага не здарылася. Абыякавасць да таго, што недзе ў гэтым новым для яе горадзе знаходзіўся Ягор. Яна павесялела. Марку цешыўся з гэтага. І хоць жонка заявіла, што болей падобных зрываў не будзе, ён прапанаваў больш не заходзіць на старонку Руткоўскага, а на ўсе навіны пра яго папросту чхаць. Яна згадзілася, палічыўшы прапанову і разумнай, і своечасовай.
Як выдатнікаў Марку і Марыну запрасілі на адкрыццё міжнароднай канферэнцыі, што праводзілася ва ўніверсітэце імя Авідыя. Мерапрыемства чакалася вельмі маштабнае. Удзельнікі з дзясяткаў краін свету. Мноства секцый і тэматычных панэлей. Добры шанец завязаць цікавыя і карысныя знаёмствы – нават калі сам нідзе не выступаеш, а прысутнічаеш адно як слухач. Маштабнасць каштавала немалых грошай. Рэктарат асабліва не афішаваў крыніцу фінансавання. Але пракідкі Пыркэлаб дазнаўся без вялікіх намаганняў, што за ўсім гэтым стаіць міжнародная карпарацыя «Coböl Engineering». Яе кіраўніцтва пачало заахвочваць навукоўцаў усяго свету заняцца вывучэннем феномена адзіноты. Уласна адзіноце канферэнцыю і прысвяцілі. Адзіноту са сваіх вежаў разглядалі і прыродазнаўцы, і гуманітарыі.
– Гуманітарыі? – перапытала Марына ў мужа, не дапускаючы, што можа там сустрэць Ягора.
– Так. Карпарацыя замовіла ўсебаковае вывучэнне адзіноты. Але хімікаў і біёлагаў усё адно будзе больш.
– А навошта ёй гэта спатрэбілася? Ну, ёсць адзінота. Які практычны сэнс у яе шырокім даследаванні? Ці гэта ўсё толькі шырма для адмывання грошай?
– У «Coböl» столькі грошай, што і за тысячу такіх канферэнцый не адмыеш, – з веданнем справы рагатнуў Марку. – Тут рэальны інтарэс. Пасля інцыдэнту ў Сінгапуры два з паловай гады таму. Памятаеш?
– Цісканіна ў тэатры «Вікторыя»? Вадзяны слуп на канцэрце «Crystal Castles»? Напад дзікіх пчол на станцыю метро «Фенікс»? – Марына разгублена, але трапна вывуджвала з памяці водгулле старых навін.
– Не, нешта горшае. Калі мераць інтарэсамі карпарацыі. Цягам аднаго тыдня там звольніліся больш за тысячу высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія працавалі на «Coböl».
– Самі звольніліся? – не дала веры жонка. – Калі б я працавала на «Coböl» як высокакваліфікаваны спецыяліст, то трасцы б адтуль самохаць звольнілася.
– Тыя спецыялісты спачатку лічылі гэтак жа. А потым узялі і сінхронна напісалі заявы.
– А адзінота?..
– Адзінота згадвалася ў заявах як адзіная прычына звальнення.
– Ды ну, – махнуўшы рукой, расчаравана гмыкнула Марына. – Лухта ўсё гэта. Хутчэй за ўсё, іх нехта пераманіў да сябе.
– Я такіх падрабязнасцей не ведаю. Але менавіта з тых часоў «Coböl» і важдаецца з адзінотай.
Адкрыццё канферэнцыі адбывалася ў самай вялікай універсітэцкай зале. Яна была бітком набатаваная ўдзельнікамі і запрошанымі слухачамі яшчэ за паўгадзіны да афіцыйнага пачатку. Марку і Марыне дасталіся вельмі выгодныя месцы амаль пасярэдзіне залы. Разглядаючы буклет з праграмай, заўважылі, што на пленарнае пасяджэнне заяўлены навуковец з Беларусі. Марку спытаў у жонкі, ці ведае яна такога. Тая адно паціснула плячыма – магчыма, чула, але не больш.