– Нічога ты з ім не зрабіла. Такіх выпадкаў, як ваш, сотні тысяч, калі не мільёны. Па кароткім каханні доўгія ўздыханні. Спачатку людзі кахаюць ці думаюць, што кахаюць. Потым нехта з закаханай пары прыходзіць да цяму, што гэта ўсё самападман, замак з пяску, які не вытрымлівае выпрабавання новымі цікавымі знаёмствамі і адкрыццём шырэйшых даляглядаў. Ты сышла ад яго і сышла. Я разумею, што яму там цяжка было, невыносна, «глыбокая яма ўнутры, і ўсё туды гопае». Але ж колькі можна пакутаваць! Даўно б выкінуў цябе з галавы ды знайшоў кагосьці. Дык жа не! Яму лепей калупацца ў сваіх душэўных ранах і даводзіць цябе да шаленства новымі і новымі выбрыкамі.

– І гэтага не спыніць…

– Чаму ж? Давай я дамоўлюся са сваімі старымі сябрамі па мотаклубе. Перастрэнуць яго дзе-небудзь. Прыродны нораў не зменяць, але ў бубен натаўкуць так, што пасля і думаць пра цябе забаіцца. Ты толькі скажы.

– Не. Ніякіх сяброў і бубнаў. Я цябе прашу. Інакш мы з табой вельмі моцна пасварымся.

– Дасць гладыятар зарок не сыходзіцца больш у двубоях.

– Не блазнуй, а то ў археолага ператворышся.

– У археолага? О, не! Толькі не археалогія. Археалогія – гэта дарога наўпрост у пекла.

– Перастань, калі ласка, а то ўжо шчокі баляць стрымліваць усмешку.

– Перастаў. Але скажы, што будзе потым? Ён жа ніколі па сваёй волі не адчэпіцца.

– Адчэпіцца, калі мы знікнем.

– Ты нешта прыдумала?

– Так. Калі ўжо яму даспадобы танныя драмы, то чаму б не даць яму іх…

Марку збянтэжана глядзеў на жонку, намагаючыся адгадаць яе задуму. Тая падміргнула зваянаму Авідыю, узяла мужа за руку і павяла назад у корпус. «Вось мае настаўленні, вось нашае нівы азнакі», – не сказаў ім услед помнік, хоць, можа, яму і дужа карцела.

Наўмысна Ягор Марыну ў кулуарах не шукаў. Але і не быў цалкам безуважным. Падчас выступу ён даволі хутка вызначыў прысутнасць парачкі і неаднакроць пазіраў у сярэдзіну залы. Па жэстах і рухах угадваў няёмкасць, якую мусіла тады перажываць Марына. Гэта яго распаляла, натхняючы пераніцоўваць выступ у амаль што перформанс.

У перапынку шмат хто захацеў пазнаёміцца з ім асабіста. Нават тыя, хто раней нічога не чуў пра Беларусь або вельмі цьмяна ўяўляў, дзе знаходзіцца такая краіна эльфаў. Сярод іншых падышла і псіхалагіня з Харватыі, маладая прыгожая жанчына Ядранка Іванкавіч. Што праўда, яна вытрымала паўзу, даўшы зорцы пленарнага дакладу магчымасць вызваліцца са шчыльнага атачэння мімалётных прыхільнікаў. Падышла, калі побач з ім засталося два-тры чалавекі. Назвалася. Пахваліла за выступ. Агучыла некалькі псіхалагічных катэгорый, у межах якіх можна было б разглядаць версію Ягора пра песні як сродак барацьбы рускіх з адзінотай.

– Беларусаў, – ветліва, але настойліва паправіў ён.

– А якая розніца? – трошкі здзіўлена, яўна не чакаўшы пярэчанняў, удакладніла Ядранка.

– Паверце, розніца ёсць. Але гэта тэма для асобнай вялікай гутаркі, якую цяпер лепш не пачынаць, – Руткоўскі выдатна, як для такога моманту, захоўваў спакой. – Што да вашых заўваг па дакладзе, то абяцаю дапрацаваць свае высновы. Для мяне ўсё ж на першым месцы археалогія, а фалькларыстыка, культуразнаўства ў цэлым ідуць за ёю следам.

– Звычайна навукоўцы з Усходняй Еўропы, абяцаючы на грунце маіх заўваг дапрацаваць высновы сваіх дакладаў, даюць зразумець, што добра было б, каб я дала колькі асабістых кансультацый. А вы чамусьці з такой мілай сур’ёзнасцю ўхіляецеся, нібыта баіцёся пакінуць унутраны бок ветру, – яе словы мерна цурчэлі гаманкім ручаём, ад якога пачынала кружыцца галава.

– Што вы маеце на ўвазе? – між кружэннем галавы і ўдаваннем збянтэжанасці Ягор выбраў апошняе, палічыўшы за лепшае не расказваць, што, згодна з беларускімі паданнямі, унутры ветру – то-бок у віхуры – можа жыць чорт.

– Не хвалюйцеся, душа мая, тут няма ніякай таямніцы, – ручай працягваў міла гаманіць. – Я нічога не маю на ўвазе. Мая дапамога палягае не ў тым, каб нешта мець на ўвазе, а ў тым, каб нешта зрабіць. Але як сабе хочаце… Скажыце лепш, хто яна?

– Выбачайце, – археолагу, у якога на міг паплыло перад вачыма, здалося, што гутарка пакандыбала ў мяшок непраходнай вулкі, і лепш было б гэтыя дудуканні акуратна згарнуць.

– Дык хто яна? – не адступала харватка, працінаючы суразмоўцу дапытлівым позіркам.

– Яна? – хаваючы няёмкасць па кішэнях, састроіў неразуменне Руткоўскі.

– Тая, што сніцца вам, і вы кладзяце падушку другім бокам, спадзеючыся, што і яна пабачыць вас у сне. Мяркую, ваш даклад адметны не толькі спевам, але і падвоеным дном. Ці не так? – жанчына атакавала заспетага ўроспудзь навукоўца з Усходняй Еўропы.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже