— Во даеш! Каб былы падрыўнік, можна сказаць, перадавік вытворчасці і не дацяміў? Узарвём шашкі, а з флагманскага судна будуць здымаць на плёнку гэтую прыгожую панараму. Кіношнікі з намі ідуць,— растлумачыў Хвалей.— Я ў порце, калі збіраліся ў рэйс, нават з рэжысёрам ледзь-ледзь не пазнаёміўся. Маленькі такі, пузаценькі і з бародкай. А то выдумалі: Арктыка наступае! Што мы, без загаду не можам дапамагчы рэжысёру таму? Ды хоць кожны дзень.

— А ты шустрык,— міжволі пахваліў Ахрэм.— А што ж з хлопцамі не падзяліўся сваімі пазіраннямі?

— Тактыка. Скажы катораму, дык яшчэ расхалодзіш. Узарвём уразнабой шашкі і сапсуём увесь фрагмент…

За спіной спачатку нешта заляскатала, быццам па няроўнай дарозе ехаў матацыкл, потым вухнула, аддалося прыглушаным рэхам.

— Во,— засмяяўся Максім,— яшчэ, дурні, і страляць пачнуць. Хоць бы з аўтаматаў, а то яшчэ і з гармат… У кіношнікаў розуму хопіць…

Ён засмяяўся шчыра, залівіста, як хлапчук, якому паказалі смешную цацку, і Ахрэм адчуў, як ягонае сэрца напаўняе пяшчотнае, амаль бацькоўскае пачуццё. «А ў мяне сын мог быць трохі старэйшы»,— недарэчна падумаў ён. Каб не даць улады ўспамінам, паглядзеў на гадзіннік.

— Дзве хвіліны засталося,— папярэдзіў Ахрэм.— Можна яшчэ да Аляскі збегаць і вярнуцца.

— Няма ў мяне там знаёмых эскімосаў…

— Тады адсалютуй сваёй палескай сяброўцы. Жыву, працую, сонечны зайчык…

— Гэта можна,— Хвалей шчоўкнуў запальнічкай: маленькі кволы агеньчык лянотна пабег па шнуры.— Хоць і не супрацьтанкавая міна, але цяпер дай бог ногі!

Яны пайшлі павольна, як бы прыглядаючыся, у каго першага не вытрымаюць нервы, потым пабеглі. У запасе была мінута. Яны ведалі, што ўжо можна спыніцца, але нейкая невядомая сіла штурхала іх у спіну. Максім абагнаў Ахрэма і раптам паслізнуўся. Ахрэм хацеў пераскочыць цераз яго, але таксама распластаўся на лёдзе. Толькі пазней уцяміў, што гэта Хвалей, калі падаў сам, ухапіў і яго за нагу.

— Звар’яцеў ты, ці што, зубатка макрахвостая?..— абурыўся Ахрэм, але, зірнуўшы на спалатнелы Максімаў твар, не на жарт устрывожыўся: — Ты чаго?

Прыўзняўшыся на кукішкі, Максім крутнуў галавой некуды ўбок. Яшчэ нічога не разумеючы, Ахрэм устаў на ногі. У яго ёкнула сэрца: амаль побач — праз колькі крокаў — чорнай вужакай вілася трэшчына.

— Вось табе, братка, і кіно,— ахнуў ён.

— I не кажы, Піліпыч,— Хвалей абтрос з курткі снег.— Яшчэ шчасце, што не дабеглі да фінішу. А то акурат да Нептуна на закуску.

Раздзел шосты

Даўно ўжо Алена Канстанцінаўна не збіралася нікуды з такой шчымлівай радаснай асалодай, як у гэты вечар.

Загадчыца атэлье, да якой яна прыйшла адпрасіцца з работы, здалося, нават узрадавалася, нібы Алена Канстанцінаўна даверыла ёй нейкую інтымную тайну.

— Ды не хвалюйся, Аленка. Ідзі сабе, калі трэба. А то ж за чужымі сукенкамі ды спадніцамі нават прыгожая жанчына можа змарнець да часу…

3 таго дня, як Алена Канстанцінаўна засталася развядзёнкай, яна з ціхай пакорлівасцю расплачвалася тужлівай адзінотай за сваё былое легкадумства. Маўклівае адчуванне болю і шчырае раскаянне ішлі праз кожны дзень, праз кожную пражытую гадзіну — праз усё жыццё. I хоць паступова гэтае адчуванне прытупілася, яно не знікла зусім, як знікае ў душы чалавека, які не разумее сваёй віны. Яна разумела…

Тэлеграма ад Ахрэма абудзіла ўспаміны, устрывожыла, а цяпер зноў заварушылася пад сэрцам зацятая і нявыплаканая крыўда.

«Чаму мужчыны могуць рабіць балюча, але самі не хочуць зразумець чужога болю?» — думала Алена Канстанцінаўна.

Яна дакарала сябе за жыццёвую наіўнасць, злавала, што напісала Ахрэму шчыра — ды і наогул напісала,— а той, мабыць, толькі пасмяяўся з яе запозненага прызнання.

Калі дачка ёй расказала пра Ігната, Алена Канстанцінаўна разгубілася. Раней яе непакоіла, што Вольга часам позна вяртаецца дадому ды яшчэ іншым разам прыязджае на таксі, штосьці ўтойвае. Цяпер Алене Канстанцінаўне стала ніякавата ад бязлітаснай думкі, што яна, маці, якае заўсёды адчувала сваю віну перад дачкой, рабіла ўсё, каб загладзіць гэтую віну — не назаляла залішняй апекай, але ж, як і кожная нешчаслівая маці, не спала на начах,— на схіле гадоў можа застацца зусім адна.

Прыгнятала і тое, што яна ніяк не магла ўявіць сабе Ігната. Часам ён нагадваў ёй Валянціна, а тоненькімі задзірыстымі вусікамі — і Алена Канстанцінаўна ледзь не стагнала ад болю. Іншым разам гэты незнаёмы Ігнат прыходзіў у суровым Ахрэмавым абліччы, дужы і засяроджаны сваімі клопатамі, і тады трывожнымі, але і радаснымі штуршкамі пачынала біцца сэрца.

Вось і цяпер, гледзячы, як Вольга збіраецца на канцэрт, Алепа Канстанцінаўна думала пра Ігната. Мо палохала адчуванне, што гэты незнаёмы хлопец увайшоў у доччына жыццё настойліва і без дазволу.

— Я пайшла,— апрануўшы паліто, сказала Вольга. Яна абняла маці за плечы.— Прашу цябе: не спазняйся. Не хачу, каб Ігнат доўга чакаў.

«Мо і добра, што Волечка памякчэла,— уздыхнула Алена Канстанцінаўна.— Многія з нас і да сівізны не навучыліся паважаць мужчыну, думаючы, што ў іх ёсць толькі адно права — захапляцца нашай прыгажосцю. Але ж іх клопат і іх гонар можна зразумець жаночым сэрцам…»

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже