— Толькі ты цяпер першы. Двойчы лёс не выпрабоўваю,— засмяяўся той. Ён падаў Ахрэму пешню.— Калі што, клікні матку боску. Дапаможам…
Яны скіравалі трохі ўбок ад трэшчыны. Падсвечваючы сабе ліхтарыкам, Ахрэм асцярожна абмінаў невялічкія таросікі. Максім моўчкі валокся следам. Паступова трэшчына пачала звужацца, спачатку ледзь прыкметна, а потым усё відней і відней і нарэшце, быццам наканечнік стралы, увайшла ў белае цела. На ўсякі выпадак яны прайшлі яшчэ трохі.
Неўзабаве ўдалечыні Ахрэм убачыў кволыя неспакойныя зорачкі. Яны, пагойдваючыся, плылі ў паветры. Прыглядзеўшыся ўважлівей, Забалотны зразумеў: зорачкі-светлячкі плывуць адна да другой — пэўна, у гурт збіраюцца падрыўнікі.
«Здаецца, усё абышлося…» — з палёгкай падумаў ён.
У яго з’явілася такое адчуванне, якое можа прыйсці толькі да чалавека, які перажыў жорсткі шторм, калі кожная хваля, што накочваецца на карабель, здаецца апошняй: чуеш, як яна жалобна, нібы па нябожчыку, скуголіць — і лезе ў галаву, што гэта адпяваюць цябе самога. Удосталь нагуляўшыся, мора патроху супакойваецца, вінавата туліцца да борта, а чалавек ніяк не можа паверыць, што застаўся жывы. Бачыш сцішаны акіян, спелае сонца ў шэрай вадзе, і цябе ахонлівае хмельная, крыху гаркавая радасць — сапраўды жывы!..
Падобнае Ахрэм перажыў, калі, прыхапіўшы абшарпаны чамаданчык, сеў у цягнік, сам яшчэ добра не ведаючы, што будзе рабіць на тых Курылах. Гэты цягнік нейкі барадаты мужчына ахрысціў «мільёнам слупоў». Цягнік больш стаяў, нібы стомлены конь, чым рухаўся. Пасажыраў такая марудлівасць нервавала, а Ахрэм адчуваў прытоенае задавальненне: яму не было куды спяшацца.
На пятыя ці шостыя суткі ў вагон падсела яшчэ зусім маладая жанчына а пагонамі старшыны. Паставіла на падлогу чамадан, кінула на паліцу рэчавы мяшок і падалася ў тамбур. Забавілася жанчына ненадоўга: вярнулася ў вагон, асцярожна падтрымліваючы пад руку маёра, які цяжка, абапіраючыся на мыліцу, валок па падлозе дзеравяшку. Маёру аслабанілі месца, і ён моўчкі апусціўся на паліцу, жорстка ссунуў па пераноссі бровы.
Відаць, яму шчасціла на вайне, гэтаму чорнавалосаму маёру. На ягоных хударлявых грудзях цьмяна блішчэлі ордэны і медалі. Чырвонай Зоркі — аж тры.
3 патаемнай трывогай Забалотны сачыў за жанчынай, і яму не давала спакою хваравітая цікаўнасць: кім яна даводзіцца гэтаму маёру? Мо медыцынская сястра, якая суправаджае са шпіталя, а мо служылі ў адной часці ці проста выпадковая спадарожніца, якую кранула трагедыя незнаёмага чалавека.
Ноччу Ахрэм доўга не мог заснуць. Чуў, як у забыцці скрыгатаў зубамі і лаяўся маёр, прасіў нейкага Сцяпана вярнуць яму пісталет: іначай той пойдзе пад трыбунал. Жанчына цяжка ўздыхала, падыходзіла да маёра, папраўляла пад галавой рэчавы мяшок і зноў накрывала шынялём.
Уранні маёр пацішэў: ягонае дыханне стала роўным і спакойным, як у малога, што ўбачыў у сне штосьці радаснае і добрае. Ахрэм асцярожна злез з верхняй паліцы і выйшаў пакурыць у тамбур. У жалезнай печцы весела скакалі ружовыя языкі, лізалі дзверцы, але было холадна, як на вуліцы. Вокны, дзверы, далей ад печкі,— усё заінела, быццам у тамбуры пагуляла добрая завіруха.
За спіной прастуджана зарыпелі дзверы. У тамбур выйшла маёрава спадарожніца.
— Закурыць знойдзецца? — спытала яна хрыплаватым голасам, у якім чулася стома.
Ахрэм падаў пачак папярос, запалкі. Жанчына няўмела прыкурыла, зацягнуўшыся дымам, пакутліва зморшчылася.
— Дзе гэта яго? — не вытрымаў Ахрэм.
— У Германіі,— ціха азвалася жанчына.— Франтавыя сябры ўгаварылі вяселле справіць. Каб па-людску было: канец ліхалецця — пачатак шчасця… Ужо і за стол сабраліся, а Сяргей па кветкі ў лес пайшоў. I падарваўся… Божухна, як усё гэта жудасна: ну была вайна, а цяпер?..
Жанчына нервова выкінула папяросу, схавала твар у каўнер шыняля.
— Не ведаю, што і рабіць далей,— зноў загаварыла жанчына.— Хто я цяпер для яго? Проста франтавая сяброўка. Перажывае сваё калецтва. А не разумее таго, дурань, што не жыць мне без яго. Абое мы вайной скалечаныя…— Яна спахапілася, што залішне шчыра размаўляе з незнаёмым чалавекам, але зноўку не вытрымала, адарвала ад сэрца:— Бяжыць ад людзей. I я з ім. Але ж куды ад людзей збяжыш?
Жанчына адчыніла дзверы і падалася ў вагон. Ахрэм яшчэ трохі пастаяў у тамбуры, вярнуўся на сваю паліцу.
Сон да яго так і не прыйшоў. Толькі калі ўжо развіднела, ён, здавалася, на імгненне праваліўся ў бездань, а калі прачнуўся, ні маёра, ні яго спадарожніцы ў вагоне не было.
— Дзе яны? — спытаў ён у чорнабародага мужчыны.
— Праспаў ты, хлапец, прадстаўленне. Тут такое рабілася, што не давядзі гасподзь. Маёр гэты ўбачыў, што дзеўка трохі прыкімарыла, і падаўся крадком з вагона. На нейкім паўстанку. Хрэн яго ведае, як называецца той паўстанак. Ну а салдат у спадніцы прадзёрла вочы і як загалосіць, бы галодная тыгрыца… Нават рэчавы мяшок забыла, ды і пад колы ледзьве не трапіла, дурніца. Далёка ад такой драпежніцы на адной назе не ўцячэш… Ведама, маёр. А суцешыцца з кім яна сабе знойдзе…— Чорнабароды ўзяў з лаўкі мяшок, узважыў яго на руцэ: — Хлопцы, давай бабскія транты ўсляпую…