Ад гэтага запозненага прызнання на душы трохі палагаднела. Алена Канстанцінаўна ўспомніла, што яшчэ трэба зняць на дварэ бялізну, якую павесіла сушыць, калі бегла на работу, і хуценька, як чалавек, што скінуў нейкі цяжар, спусцілася па лесвіцы.
На дварэ было хмурна, і неяк незаўважна падкрадалася ноч. Здзіўлена паглядалі на распранутыя, азяблыя дрэвы цікаўныя вокны дамоў. 3 дрэў ужо падала лістота і цяпер ляжала жаўтаватым дываном па зямлі, мякка спружыніла пад нагамі.
Алепа Канстанцінаўна паклала ў таз бялізну, пайшла ў дом і нечакана ўбачыла паштальонку. Тая, пэўна, нядаўна выйшла пабавіць з жанчынамі час, але на дварэ нікога не было, і яна адзінока сядзела на лаўцы.
— Штосьці цябе не бачна, суседка? — спытала паштальёнка.
— На рабоце закруцілася,— стараючыся не паказаць, што ёй непрыемная гэтая сустрэча, адказала Алена Канстанцінаўна.
— Усё хачу цябе спытаць,— сказала паштальёнка.— Ахрэм твой вярнуўся? Нешта ж не відаць яго. Мо перадумаў, злыдзень?
— Я яго не клікала,— азвалася Алена Канстанцінаўна. З’явілася жаданне абразіць Ахрэма.— Мо сядзеў са сваімі бадзягамі, а потым адбіў тэлеграму…
— Відаць, не без гэтага. Даверу да мужыкоў ніякага…
Алена Канстанцінаўна зачыніла аа сабой дзверы, паставіла на падлогу таз з бялізнай, стомлена абаперлася аб сцяну. Кватэра здалася чужой, халоднай і незнаёмай, нібы яна памылілася адрасам.
Позірк яе запыніўся на сумачцы, якая ляжала на туалетным століку. Алена Канстанцінаўна адкрыла яе, дастала тэлеграму, яшчэ раз прабегла вачыма па літарах. Потым пайшла на кухню. Доўга, амаль раўнадушна, глядзела ў акно. Потым узяла запалкі. З трывожнай асалодай яна глядаела, як разгараецца агеньчык і ў рукамыйнік падаюць чорныя пялёсткі.
Спаліўшы тэлеграму, яна адчула не тое каб палёгку, а нейкую затоеную глыбокую зласлівасць, быццам абразіла Ахрэма.
«Вось і ўсё,— горка ўсміхнулася яна.— Як нічога і не было…»
Удалечыню беглі доўгім жураўліным клінам агні, выхоплівалі з ночы гмахі дамоў, судны, што стаялі на рэйдзе, партовыя краны. Вуліца пачыналася ад вяршыні сопкі, і, мабыць, таму ў Алены Канстанцінаўны з’явілася адчуванне, што яна ўзнялася ў высокае неба і адтуль глядзіць і не пазнае свой горад, у якім шмат чаго давялося перажыць.
Горад заўсёды абуджаў супярэчлівыя пачуцці. Яна радавалася, калі над ім уставала сонца, сумавала, калі ён ляжаў стомлены і маўклівы, быццам яго прыціснулі цяжкія шэрыя хмары. Але горад стаў для Алены Канстанцінаўны і бязлітасным суддзёй. Амаль кожная вулачка, кожны куток напаміналі пра мінулае. Старая партовая прахадная, дзе яна ўпершыню ўбачыла Ахрэма, а зусім непадалёку ад яе клуб маракоў, дзе некалі спяваў Валянцін…
Міма праносіліся машыны, а Алена Канстанцінаўна стаяла на абочыне дарогі і чакала, пакуль да яе з цемры выплыве зялёны агеньчык. Як на тое ліха, таксі ўсе былі з пасажырамі. Толькі адна машына, вадзіцель якой, пэўна, меўся падзарабіць, збочыла к тратуару.
— Куды табе? — высунуўшыся з машыны, спытаў шафёр.
— У Дом культуры маракоў…
— Не па дарозе…
Машына, нібы застаялы конь, ірванулася з месца, і праз імгненне яе праглынула начная цемра.
«Няма для мяне ніякага блакітнага агеньчыку,— ўспомніўшы чорныя пялёсткі тэлеграмы, падумала Алена Канстанцінаўна.— Той агеньчык ужо даўно пагас…»
Тое, што яна спазняецца на канцэрт — Алена Канстанцінаўна ўжо даўно марыла ўбачыць на сцэне сваю дачку,— здалося нядобрай прыкметай. Як і сустрэча з паштальёнкай. Ёй яскрава прыгадалася, як многа гадоў таму назад — Ахрэм быў у моры — нейкі мічман прынёс ёй увечары запіску ад Валянціна і запрашальны білет у клуб маракоў. Яна тады доўга вагалася: ісці ці не — сэрца не пагаджалася. але душа, змарнаваная доўгім чаканнем, расчынілася насустрач невядомаму — і Алена Канстанцінаўна пайшла ў клуб. На вуліцы, ля калонкі, яна сустрэла суседку з пустымі вёдрамі, а потым яшчэ і спазнілася…
«Так хутка і ў бога пачнеш верыць,— страсянулася Алена Канстанцінаўна.— Але вер ты ў яго ці не, а той вечар і тую ноч з памяці не выкрасліш…»
Яна нават забылася, што стаіць на тратуары з паднятай рукой, і спалохалася, калі пранізліва віскнула тармазамі таксі. Шафёр, малады яшчэ хлопец, адчыніў дзверцы.
Назваўшы адрас, Алена Канстанцінаўна села ў машыну.
— А мне не пашанцавала,— паскардзіўся шафёр.— Таксама збіраўся ў клуб, ды захварэў напарнік. А план — нават і для нашага брата-таксіста план… Прыходзіцца другую змену запар баранку круціць.
Ён зірнуў на Алену Канстанцінаўну, прабегся вачыма па прычосцы, па твары, фігуры. Ягоныя вусны кранула ўсмешка.
«Пэўна, ён падумаў, што я сабралася на танцы»,— успыхнула Алена Канстанцінаўна і, каб адвесці ягоную здагадку, занадта таропка растлумачыла:
— Дачка запрасіла на канцэрт. Яна ў мяне спявачка.
— Часам не Забалотная Вольга?
— Так, Забалотная…— кіўнула галавой Алена Канстанцінаўна і адчула, як трывогай сціснула грудзі.
— Ведаю,— сказаў хлопец.— Я яе часта дадому падвозіў. Найбольш з нейкім Ігнатам. Той нічога сабе, не скнара. Так што, маці, жыві і радуйся...