"Джон, дуюфуюхэвiмэн?" Што значыла: цi не пара нам заняцца гэтым банкам? "Кэнмiдуюестэдэй, Майкл" (Абавязкова, але пасьля Вялiкадня).
Не забывалiся мы й на Парыж: "Эйфэлева" вежа гомельскага тэлецэнтру была бачная адусюль. Гэтак працягвалася, пакуль у горадзе не зьявiўся тралейбус з Адэсы.
Звычайны 10-ты нумар зь незвычайным кiроўцам, якi з свае працы рабiў эстрадны нумар. Барытонам таннага канфэрансье з робленым адэскiм акцэнтам гэты блазан аб'яўляў прыпынкi, не забываючыся на блiжэйшыя цiкавосткi — цi то тэатар, цi пiўны бар. Ён пасьпяваў камэнтаваць "дарррёгу", абсыпаючы эпiтэтамi тых, хто насьмелiўся абагнаць ягоны фрэгат, i распавесьцi апошнi анэкдот. Зразумела, нiякiх сварак у салёне не ўзьнiкала, i мы сталi яго пастаяннымi клiентамi.
Сярод абiтальнiкаў тралейбуса мы знаходзiлi для сваiх сочак i камэнтароў "кадраў" — ад сучаснага нэандэртальца да пераапранутага Папы Рымскага. Стомлены сяльмашавец з шыкоўнымi бакенбардамi час ад часу падазрона азiраўся на прыдуркаў, якiя ледзь стрымвалi сьмех, i не ўяўляў, колькi лiтраў блакiтнай крывi ён штовечар разбаўляе "Агдамам".
Але сапраўднай здабычаю для юных хулiганаў былi ня менш юныя пасажыркi. Выбраўшы "што прыгажэй", сябра зь невымоўнаю тугою ў вачах пачынаў ёй на вушка замагiльным голасам дэклямаваць: "Я вас любил. Любовь ещё быть может..." Ужо пасьля першага радка прыгажуня мяняла колер твару. З абурэньнем пазiраючы ў белыя вочы "зомбi", якi "любил так искренно, так нежно", яна вылятала з вар'яцкага тралейбуса, думаю, без усякага жаданьня "любимой быть другим". Другi, дарэчы, не насьмелiўся б на такi подзьвiг.
Я аддаваў перавагу сталым вясковым кабетам з адвечнымi, як цяжкая доля, кайстрамi ў руках. Стаўшы каля цёткi, мы распачыналi прыкладна такi дыялёг: "Даўно адкiнуўся?" "Ужо месяц". "А Клык усё кантуецца?" Я ўсё больш выразна пялiўся на кайстру. Сябра ўсё хутчэй пераводзiў гаворку на "новые дела". А кабета ўсё блiжэй пасоўвалася да выхаду. З дынамiкаў тым часам неслася: "Уступайте места нашым дорррёгим и любимым женщщинам". I за гэта ўсе "женщщины" тралейбуса былi гатовыя ехаць хоць на край сьвету, чым, уласна кажучы, i быў тады "Сяльмаш". Пасьля "наш сябра" кiроўца кудысьцi зьнiк. Хадзiлi чуткi, што яго звольнiлi за празьмерную балбатлiвасьць, але хутка й яны растварылiся ў больш звыклай тралейбуснай лаянцы...
Аднойчы я вырашыў, што з горадам, дзе ўсё было ўпершыню, трэба разьвiтвацца назаўсёды, як разьвiтваюцца зь першым "дарослым" гарнiтурам. Памяняўшы тралейбус на цягнiк, я ўбачыў "адваротны бок" Зямлi. Чысты выпадак закiнуў мяне ў горад, якi мы не шукалi на гомельскiх вулках. Не таму, што цяжка было знайсьцi, а таму што яго не йснавала для нас, як i шмат чаго iншага...
Я вярнуўся ў горад дзяцiнства й заўважыў, што "гарнiтур" яшчэ "ў самы раз". А прыдуманую мною гульню я працягваю адзiн, спадзеючыся адшукаць цi ўбачыць усьмешку беларускага места на "статутным" твары "возрождённого города".
Нагода для паездкi ў Гомель
Як гэта ўсё ж файна — мець у сваiм жыцьцi горад дзяцiнства! Пры згадцы пра якi цябе наведваюць толькi сьветлыя ўспамiны. Дзе шмат якiя прыемныя рэчы ты пакаштаваў упершыню. А таму на ўсё жыцьцё захаваў iлюзiю таго, што сьвята паўтараецца толькi там. I пры кожнай зручнай нагодзе адкладаць усе справы ўбок i несьцiся на вакзал. Як у старой савецкай песьні — браць «да дзяцiнства пляцкартны бiлет». I на пытаньне знаёмых: «Навошта ў Гомель?» — адмахвацца кароткiм «трэба ехаць».
Трэба ехаць. Каб зь неверагоднымi высiлкамi вырваць гэтую пляцкарту, быццам на Каляды ўсе едуць у Гомель. Каб сустрэць у вагоне знаёмую гомельскую акторку, зь якою ў свой час мог бы быць ня толькi брудэршафт. Каб перарваўшы мiлую балбатню пра тое, як файна жыць у Менску, прыпасьцi да вагоннага вакна, за якiм бачны твой былы дом. I ўбачыць у пануючай над местам вежы фабрыкi «8 сакавiка», абсыпанай сьвяточнымi вагеньчыкамi, Эмпайр-стэйт-бiлдынг. Каб радавацца аднаму факту, што цягнiк прыйшоў крыху раней i можна, нiкуды не сьпяшаючыся, выпiць лепшага ў сьвеце рэчыцкага пiва на прывакзальным пляцы. Каб з кайфам першаадкрывальнiка прайсьцiся знаёмымі вулiцамі, узгадаўшы далёкую звычку крочыць цераз адну плiтку старога тратуару. I не баяцца выглядаць сьмешным у вачах людзей, тупаючы дзiцячым крокам. Каб захапляцца кожнай зьмене ў гарадзкiм асяродзьдзi за той час, пакуль цябе тут не было.
Радавацца таму, што будынак старой гiмназii адмыўся нарэшце ад жоўтай савецкай фарбы i сваiм прыродным чырвона-цагляным выглядам вярнуў сабе шляхетнасьць. Што народная назва папулярнай забягалаўкi «Тры ступені» паўстала сур'ёзнымi лiтарамi на фасадзе ўжо рэстарану з пальмамi. Што наноў пакладзеная глiняная дахоўка на дахах стогадовага веку дамоў пасуе ня толькi Вiльнi. Што нарэшце дабудаваны касьцёл, дзе на сьвяточнай службе шмат маладога народу. Трэба ехаць, каб, блукаючы вулiцамi юнацтва, яшчэ раз пераканацца, што Гомель — гэта ня толькi парк.