Жонкі і дзяцей у яго не было: не змог знайсці чалавека, які б яго падтрымліваў і сапраўды яго кахаў, нават пры адсутнасці грошай і ўласнай кватэры. Але каму патрэбны сірата. Ды ўвогуле, дужа і не шукаў. Не было калі, думаў, як-небудзь потым. А тут глядзіш ― і пенсія. Усе знаёмыя даўно перажаніліся, адзін ён такі застаўся.
Кожны дзень Васіль займаў сябе чытаннем кніг, але і гэта стамляе. Хацелася пагутарыць з жывым чалавекам. Аднойчы нават спрабаваў пазнаёміцца з гуртом пенсіянераў, якія з раніцы да вечара акупавалі лаўку пры пад’ездзе. Але ў Васіля нічога не атрымалася, ён толькі канчаткова расчараваўся ў людзях і яшчэ больш упэўніўся ў іх чэрствасці.
Адзінота страшэнна ціснула, з кожным днём усё мацней. Таму Васіль, гледзячы на хлопчыка, якога намаляваў хвіліну таму, думаў:
– Вось бы мне такога сына. А чаму і не? Хто такі сын? Можна сказаць, што сын – гэта чалавек, якога ты стварыў. Напрыклад, у таты Карла быў сын Бураціна, якога ён стварыў з дрэва. Казка? Так, але ў кожнай казцы ёсць доля праўды. А хіба не я стварыў гэтага хлопчыка. Так, ён будзе мне сынам, а я буду пра яго клапаціцца.
Васіль разважаў і з кожнай секундай адчуваў прыліў пачуццяў, якіх у яго яшчэ не было ў жыцці.
Дождж працягваў ісці ўжо другі дзень. Васіль мусіў час ад часу падмалёўваць хлопчыка на шкле, каб той не знік, не загінуў. Ён размаўляў з хлопчыкам амаль не спыняючыся. Расказваў яму пра сваё жыццё, пра мары, якія ў яго былі, і планы, якія ўзніклі пасля «нараджэння» сына.
Васіль зусім не зважаў на фізічныя патрэбы ў вадзе і ежы. Ён не мог спыніцца, гэтая размова была яму як наркотык, як крыніца энергіі: чым больш ён гаварыў, тым больш знаходзілася новых рэчаў, пра якія ён хацеў расказаць.
У гэтым хлопчыку на шкле Васіль знайшоў сына і сябра, родную душу, істоту, клопат пра якую надаваў сілы. У Васіля з’явіўся сын, з якім ён мог падзяліцца сваімі думкамі і пачуццямі. І гэта нічога, што той не можа адказваць, галоўнае, што Васіль адчуваў яго прысутнасць. Хай не фізічную на яве, а ўяўную ў галаве. Гэта было няважна.
Васіль быў са сваім сынам два дні, нікуды не адыходзячы. Хоць гэта размова і надавала сіл, але Васілю, як і кожнаму чалавеку, патрэбны быў сон. Так не хацелася расставацца са сваім сынам нават ненадоўга. Васіль цвёрда вырашыў, што паспіць толькі тры гадзіны, а потым зноў вернецца да сына, бо хлопчык будзе сумаваць без яго.
Васіль паклаўся спаць, але фізічная патрэба перамагла, і ён праспаў каля дзевяці гадзін. Калі ён прачнуўся, ужо быў сонечны дзень. Васіль падышоў да акна, але ягонага сына не было. Ён загінуў ад сонечных промняў. Сонца было забойцам яго сына.
Васіль не мог паверыць, што хвіліны адзінага ў жыцці шчасця так хутка прамінулі. Яму хацелася заплакаць ад роспачы. Ён абрынуў праклёны на сонца і на свой гаротны лёс. Васіль не ведаў, што рабіць. Бегчы скардзіцца? Але каму? Ды і што ён скажа? Ён нават не паспеў даць свайму сыну імя.
Васіль адчуваў сябе вінаватым, але ў чым – і сам не мог усвядоміць. На яго найшла неадольная меланхолія. Ён не мог нічым займацца. Васілю не хацелася ні есці, ні піць. У такім стане ён прабыў увесь дзень. Яго сілы кудысьці знікалі, нібыта іх знішчаў нейкі цмок унутры яго. Можа, так яму і трэба: гэта Бог яго карае за тое, што не збярог сваё шчасце.
Цела слабла, а душа пакутавала. Хацелася на ўсё забыцца. Таму ён прымусіў сябе прылегчы і заснуць. Заснуў і ўжо больш ніколі не прачынаўся.
Дзіцячы маніфест: аповесць, апавяданні / Кірыл Стаселька. – Мінск: Галіяфы, 2015. – 192 с. – (Серыя «Час Воблы»; Выпуск 7).
ISBN 978-985-7140-08-4.
Дэбютная кніга Кірыла Стаселькі – «Дзіцячы маніфест» – спроба аўтара знайсці межы і магчымасці чалавечай свабоды ў грамадстве, зразумець асаблівасці Рубікона, які пралягае між нормай і вар’яцтвам.
У кнізе вы сустрэнеце французскага пісьменніка, цела якога знутры разрываецца ад ціску ўласнага Эга, чалавека, чыя рэальнасць і сон зліваюцца, мастака, чыя галава аддзялілася ад цела, ды шмат іншых герояў, якія па-рознаму намагаюцца напісаць маніфест свайго «Я».
© Кірыл Стаселька, 2015
© Сакалоўская С., вокладка, 2015
© Афармленне. ІП Янушкевіч А.М., 2016
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016