Аб’ектам майго эксперыменту стане вось гэты новенькі студэнт, а мэтай ― поўнае яго змяненне. Не столькі знешняе, колькі псіхалагічнае, душэўнае. Я вырашыў зляпіць з яго новую асобу, цалкам перавярнуць ягоны спосаб мыслення, бачанне самога сябе, іншых людзей і свету. У сваім сшытку я запісаў гэты эксперымент так: «Эксперымент № 39: Новы чалавек».

У маёй галаве адразу склаўся больш-менш падрабязны план дзеянняў. Перш за ўсё трэба з ім пасябраваць, высветліць яго моцныя і слабыя бакі, трэба прывязаць яго да сябе, атрымаць над ім уладу, а потым я ўжо без праблем змагу з яго ляпіць усё, што заўгодна. Я буду ляпіць яго ідэалы, прынцыпы, я буду ляпіць яго.

Перад пачаткам апошняй лекцыі я перасеў да яго на апошнюю парту. Лекцыя ўжо пачалася, калі я пачаў з ім размову.

– Прывітанне! Як табе першы дзень у нас?

– Даволі добра. Усе такія прыемныя, вясёлыя.

– Ужо з кім-небудзь раззнаёміўся?

– Не, яшчэ не паспеў.

– Ну, значыць, я быду першым?

– Ага.

Добра, што я стаў першым. Мне будзе значна прасцей. Калі чалавек апынаецца ў новай абстаноўцы зусім адзін, ён пачынае тады чапляцца за любога, хто яму працягне руку. Яшчэ крыху паразмаўляўшы, я прапанаваў яму схадзіць сёння ў які-небудзь бар. Ён з радасцю згадзіўся.

Я не ведаў наконт яго фінасавага становішча, таму мы пайшлі ў недарагі, але даволі ўтульны бар. Ён размаўляў так жа сціпла, як сёння на лекцыі, калі мы сядзелі разам. Спачатку размова неяк не клеілася, і я пачаў злавацца. Але, крыху падпіўшы, мы знайшлі нямала агульных тэмаў для размовы.

Вадзім аказаўся даволі разумным хлопцам і цікавым суразмоўцам. Ён таксама шмат чытаў. Мы размаўлялі абсалютна на розныя тэмы. Пачалі з кінематографа: Мікелянджэла Антаніоні, Фрыц Ланг, Жан-Люк Гадар, Квенцін Таранціна, Ларс Фон Трыер, Вудзі Ален. Потым перайшлі да літаратуры, як да класікі, так і да сучасных творцаў: Стэндаль, Аляксандр Дзюма, Арцюр Рэмбо, Ален Роб-Грые, Хантэр Томпсан, Мішэль Уэльбэк. Высветлілася, што яму, як і мне, вельмі падабаецца творчасць Оскара Уайльда.

Незаўважна мы перайшлі да тэмы падарожжаў. Расказвалі адзін аднаму, у якіх краінах хто быў, што больш спадабалася. Нам было разам так весела, што пяць гадзін, праведзеных намі ў бары, прайшлі як імгненне. Безумоўна, свой эфект меў і алкаголь.

Але за ўсім гэтым вяселлем я не забываўся паказваць свой характар, навязваючы яму сваё дамінаванне, з якім ён адразу пагадзіўся. Развітаўшыся з ім, я застаўся ў добрым настроі. Усё атрымалася як найлепш. Першы этап майго плана прайшоў вельмі паспяхова.

На наступны дзень мы ўжо былі як найлепшыя сябры. Я пазнаёміў яго з тымі людзьмі ў групе, з якімі лічыў патрэбным, за што ён выказаў мне вялікую падзяку. Ён увесь час задаваў мне нейкія пытанні, а я з выглядам эксперта ўпэўнена адказваў на іх.

* * *

Мы ішлі ўздоўж рэчкі каля Траецкага прадмесця і збіраліся прайсці да Верхняга гораду. Мне дужа падабаліся гэтыя мясціны. Старая архітэктура, спакойная атмасфера вельмі падыходзілі для павольных філасофскіх размоў ды разважанняў над тымі ці іншымі рэчамі. Гэта быў мой Лікей, а мы былі новымі парэпатэтыкамі.

Пасля таго, як я прывучыў Вадзіма да спакойных прагулак, мы часта з ім тут шпацыравалі:

– Мараль? Вадзім, трэба ствараць уласную мараль! Агульная мараль ― гэта інструкцыя для ідыётаў. Разумныя людзі карыстаюцца ёй выключна як інструментам. Мараллю кіруюцца толькі дурні, мараль для мас. Трэба самому выбіраць мэты і сродкі іх дасягнення. Мараль абмяжоўвае, гэта кайданы, якія перашкаджаюць масам ідыётаў ператварыць усё ў хаос. Ты мусіш кіравацца толькі ўласнымі інтарэсамі, сам вырашаць, што і як рабіць, толькі тады можна быць вольным. Ты чытаў Ніцшэ?

– Ну, пачынаў штосьці.

– Я ведаю, што мае словы могуць падацца папсовымі, ды і яго філасофія часам супярэчыць маім ідэям, але прачытай усяго Ніцшэ, прачытай дэ Сада, Рэмбо… Абавязкова прачытай Ніцшэ, ён вялікі, а потым перачытвай, пастаянна перачытвай Ніцшэ.

– Добра!

– Але ты так і не адказаў на маё пытанне.

– На якое?

– У цябе ёсць дзяўчына, ты з кім-небудзь сустракаешся?

– Ну… у прынцыпе, ёсць, але яна сышла ў акадэмічны адпачынак і пакуль што жыве ў сваім горадзе.

– І даўно вы з ёй?

– Яшчэ са школы.

– Яна, напэўна, вельмі прыгожая? Пакажы мне яе фотаздымак. У цябе ёсць?

– Так, але невялікі.

Вадзім дастаў кашалёк, у якім быў фотаздымак, і паказаў мне.

– Ды яна, мякка кажучы, не мадэль, скажу я табе. Ды і характар, думаю, невясёлы.

– Можа быць. Але мне здаецца, што… я ўпэўнены, што кахаю яе.

– Ну, ты як дзіцёнак малы. Якое каханне? Ты начытаўся кніжак. Каханне, сяброўства (тут я вельмі пашкадаваў аб сказаным, але вырашыў нічога не выпраўляць), бог – гэта ўсё ілюзія, такія ж кайданы, як і мараль. Гэта ўсё для слабых асобаў. Чалавек па сваёй сутнасці адзінокі. Толькі моцная асоба можа свядома вытрымаць пакуты адзіноты. Каханне і сяброўства выдуманыя, каб было прасцей жыць, каб чалавек не адчуваў сябе адзінокім. Але моцнай асобе ўсе гэтыя байкі непатрэбныя, пакуты толькі гартуюць яе. Ведаеш што…

– Што?

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже